26 красавiка 2024, Пятніца, 11:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошняе дзесяцігоддзе пабіла кліматычны рэкорд

Апошняе дзесяцігоддзе пабіла кліматычны рэкорд

Сенсацыйныя высновы экспэртаў.

Экспэрты мяркуюць, што перыяд 2010-2019 гадоў, магчыма, стане самым цёплым дзесяцігоддзем за ўсю гісторыю назірання клімату, піша «Вокруг света».

Гэтая выснова была агучаная ў дакладзе Сусветнай Метэаралагічнай Арганізацыі (СМА) на канферэнцыі ААН аб праблемах змены клімату, якая праходзіць у Мадрыдзе.

Мінулае дзесяцігоддзе амаль дакладна стане самым гарачым за ўсю гісторыю назіранняў, мяркуюць экспэрты СМА. Хвалі празмернага цяпла і паводкі, якія раней здараліся раз на стагоддзе, становяцца ўсё больш рэгулярнымі, заявіў Генеральны сакратар СМА Петэры Таалас. Тэзісы дакладу акрэслілі асноўныя праблемы, з якімі сутыкаецца насельніцтва Зямлі ў сувязі з глабальным пацяпленнем.

Сярэднія тэмпературы пяцігоддзя (2015-2019) і дзесяцігоддзі (2010-2019) амаль напэўна будуць самымі высокімі за ўсю гісторыю назіранняў клімату. 2019 год будзе адным з двух або трох самых цёплых гадоў з моманту пачатку замераў тэмпературы на нашай планеце.

У чэрвені і ліпені Еўропа перажыла два перыяды анамальна гарачага надвор'я. 28 чэрвеня ў Францыі была зафіксавана тэмпература 46°C. Гэта рэкорд для краіны.

Тэмпературныя рэкорды былі пабіты ў Нямеччыне, Нідэрландах, Бэльгіі, Люксембургу і Вялікабрытаніі. У Аўстраліі сярэдняя тэмпература была вышэйшая за сярэднюю амаль на градус.

Тэрыторыі ад Багамскіх выспаў да Японіі і Мазамбіка пацярпелі ад разбуральных трапічных цыклонаў.

Лясныя пажары ахапілі Арктыку і Аўстралію, канстатаваў кіраўнік СМА. Узровень лясных пажараў у Паўднёвай Амерыцы быў самым высокім з 2010 года.

Змяненне клімату з'яўляецца ключавой прычынай росту глабальнага голаду на планеце. У 2018 годзе на Зямлі ад голаду пакутавалі больш як 820 мільёнаў чалавек.

У выніку стыхійных бедстваў у 2019 годзе мільёны людзей сталі змушанымі перасяленцамі.

У 2018 годзе канцэнтрацыі ў атмасферы вуглякіслага газу (СО2), метану і аксіду азоту дасягнулі максімальнага ўзроўню за ўвесь час назіранняў.

Значная частка цяпла, выпрацоўваецца ў выніку выкідаў парніковых газаў, сыходзіць у акіяны, сцвярджае даклад СМА. У выніку падвышаецца кіслотнасць марской і акіянскай вады, а перыяды анамальна цёплай тэмпературы ў морах назіраюцца ўсё часцей.

Сёння марская вада на 26 адсоткаў больш кіслая, чым у пачатку індустрыяльнай эры, што тлумачыцца разбурэннем марской экасістэмы.

Паводле інфармацыі СМА, пацяпленне, якое назіраецца апошнія 10 гадоў, радыкальна ўплывае на навакольны свет. Лёд растае на абодвух полюсах, а рост узроўню Сусветнага акіяна паскорыўся.

Арктычны марскі лёд паменшыўся да рэкордных адзнак у верасні і кастрычніку 2019 года. Антарктыда таксама некалькі разоў дэманстравала рэкордна нізкі ўзровень лёду ў гэтым годзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках