Сілавікі ўзялі ў абарот забеспячэнцаў беларускай чыгункі
14- 6.12.2019, 13:44
- 17,083
У Беларусі пачалася новая «антыкарупцыйная справа»?
Праваахоўныя органы расследуюць крымінальную справу аб карупцыі ў "Белжелдорснабе" і лакаматыўных дэпо Беларускай чыгункі (БЧ). Пра гэта tut.by паведамілі інфармаваныя крыніцы.
"Белжелдорснаб" – гэта структурнае падраздзяленне БЧ. Кампанія забяспечвае запчасткамі, спецвопраткай і неабходнымі матэрыяламі арганізацыі Беларускай чыгункі.
Год таму праваахоўныя органы зацікавіліся дзейнасцю шэрагу топ-мэнэджараў "Белжелдорснаба". Акрамя таго, сілавікі праверылі лакаматыўнае дэпо. У выніку былі зафіксаваныя карупцыйныя схемы. "Забеспячэнцаў" падазраюць у атрыманні хабараў. Пры ператрусах у іх дома знайшлі буйныя сумы грошай – ад 100 да 500 тысячаў даляраў. «Іх спачатку затрымалі. А неўзабаве пасля абурэнняў Лукашэнкі з нагоды [доўгага знаходжання пад вартай галоўнага інжынера МЗКЦ] Андрэя Галавача змянілі захад стрымання. Шмат хто сышоў пад заклад», – сказала крыніца.
У якасці хабарадавальнікаў праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структураў з Расеі і Літвы, якія займаліся пастаўкамі запчастак. «Цікава, што паводле дакументаў праходзілі новыя запчасткі, а паводле факта – іншыя, невысокай якасці», – адзначыў суразмоўца.
Іншыя падрабязнасці крымінальнай справы невядомыя. Атрымаць каментар у КДБ Беларусі пакуль не атрымалася.
Улетку наконт праблемы з карупцыяй у арганізацыях Беларускай чыгункі інфармавала Генпракуратура.
У першым паўгоддзі 2019 гады асудзілі 5 службовых асобаў БЧ за здзяйсненне 23 злачынстваў супраць інтарэсаў службы. Два супрацоўнікі атрымалі тэрміны за атрыманне хабараў, два – за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, і адзін – за даванне хабару. Таксама ў гэты перыяд зарэгістравана 17 фактаў атрымання хабару.
Значную колькасць карупцыйных злачынстваў у структурах БЧ здзейснілі кіраўнікі арганізацый і інжынеры матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ў сферы закупак тавараў, працаў, паслуг.
«Гэты від злачынстваў удвая небяспечны: наносіцца не толькі эканамічная страта арганізацыям, але і ставіцца пад пагрозу бяспечная эксплуатацыя чыгуначнага транспарту праз набыццё няякасных альбо несертыфікаваных запасных частак», – адзначылі ў Генпракуратуры.