29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Том Маліноўскі: Пуцін баіцца расейцаў

4
Том Маліноўскі: Пуцін баіцца расейцаў

Пра гэта кажа закон аб «замежных агентах».

Кангрэсмэн-дэмакрат і былы дырэктар Human Rights Watch - у інтэрв'ю расейскай службе «Голас Амерыкі» аб апошніх кроках расейскіх уладаў, якія абмяжоўваюць свабоду медый.

Дзяржаўная Дума Расеі на сваім пасяджэнні ў чацвер прыняла закон, які ўводзіць штраф да 5 мільёнаў рублёў для юрыдычных асоб і да 100 тысяч рублёў, а таксама арышт да 15 дзён, для фізічных асоб, за невыкананне патрабаванняў да медый, прызнаных у Расеі «замежнымі агентамі». Раней, 2 снежня, прэзідэнт Расеі Пуцін падпісаў закон, згодна з якім, замежнымі агентамі могуць быць прызнаныя асобныя грамадзяне, якія распаўсюджваюць паведамленні СМІ - замежных агентаў або ўдзельнічаюць у іх стварэнні.

Сваё меркаванне пра новыя крокі Масквы аб абмежаванні свабоды прэсы ў эксклюзіўным інтэрв'ю выказаў чалец Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, дэмакрат ад Нью-Джэрсі і былы дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Том Маліноўскі:

- Якая была ваша першая рэакцыя на навіны аб тым, што цяпер у Расеі «замежным агентам» можа быць названы кожны грамадзянін, які публікуе ў сацсетках матэрыялы тых медый, якія ўрад Расеі раней пастанавіў забяспечыць таўром «замежнага агента»?

- Я думаю, што гэта яшчэ адна прыкмета таго, як моцна Пуцін баіцца сваіх жа суграмадзян. Гэта не закон супраць «замежных агентаў» - гэта закон супраць расейцаў, якія дзеляцца інфармацыяй пра жыццё ў іх уласнай краіне, шукаюць праўду пра сваю краіну, і спрабуюць паведамляць гэтую праўду. Доўгія гады рэпрэсій супраць незалежных медый так і не абаранілі Пуціна ад крытыкі ягоных дзеянняў унутры краіны, таму ён робіць яшчэ больш жорсткай сваю вайну супраць расейцаў, якія хацелі б вольнага распаўсюду інфармацыі.

- Наколькі на гэтыя дзеянні Пуціна ўплывае напружаны стан амерыкана-расейскіх стасункаў?

- Пуцін выкарыстоўвае амерыканска-расейскія стасункі як падставу для такіх законаў, але я думаю, што гэта напраўду адлюстроўвае стан ягоных дачыненняў з уласным народам. Зноў жа, гады рэпрэсій не задушылі жаданне расейцаў пратэставаць супраць карупцыі і ставіць пад сумнеў відавочнае жаданне Пуціна правіць пажыццёва, таму ён працягвае ўзмацняць ціск. Ён вінаваціць ва ўсім Злучаныя Штаты, а таксама стан стасункаў Расеі і ЗША, але ў рэальнасці такое ягонае абыходжанне з расейцамі, і нам гэта відавочна.

- Расейскія парламентарыі і чыноўнікі кажуць, што іх меры супраць «замежных агентаў» - гэта сіметрычны адказ на дзеянні адміністрацыі ЗША, якая запатрабавала ад амерыканскай кампаніі, створанай расейскім дзяржаўным тэлеканалам RT (у мінулым Russia Today) зарэгістравацца ў якасці замежнага агента. Ці так гэта, па-вашаму?

- Гэта не сіметрычна наогул. Russia Today свабодна працуе ў ЗША, яны ставяць свае камеры проста тут, у Кангрэсе, яны свабодна вяшчаюць у нашай краіне. Амерыканцы могуць колькі хочуць распаўсюджваць іх відэа, што і адбываецца. Адзінае патрабаванне было - зарэгістравацца, але ніякіх штрафаў ніхто не накладвае на грамадзян ЗША, якія працуюць для Russia Today.

- Дзярждума прыняла ў цэлым законапраект, які дазваляе штрафаваць і нават арыштоўваць людзей, якія не выконваюць расейскія патрабаванні да тых, каго ўлады залічылі ў «замежныя агенты». Якая, як вы думаеце, можа быць рэакцыя расейскага грамадства на такія меры?

- Не мне рабіць здагадкі, як на гэта адрэагуе расейскае грамадства. Але я не здзіўлюся, калі такія меры будуць уводзіцца, бо мы ведаем выпадкі, калі расейскія журналісты і актывісты адчувалі і значна больш сур'ёзныя меры ціску, чым адміністрацыйны арышт, за тое, што дзяліліся інфармацыяй аб карупцыі і злачынствах, якія чыняцца рэжымам Пуціна. Я думаю, што такія пакаранні будуць яшчэ адным знакам таго, што сітуацыя ў Расеі пагаршаецца.

- Пакуль з журналісцкіх арганізацый статус «замежных агентаў» у Расеі прысвоены тым медыям, якія фінансуюцца Кангрэсам ЗША. Як, па-вашаму, павінен на гэта рэагаваць урад Злучаных Штатаў?

- Нашай рэакцыяй павінен быць працяг абароны правоў чалавека ў Расеі і ва ўсім свеце, далейшае выяўлення карупцыі ў Расеі і ў свеце, далейшая забарона для карупцыянераў з Расеі выкарыстоўваць нашы банкі, уласнасць, эканоміку ў цэлым. Такія меры прымушаюць Пуціна нервавацца, і мы будзем працягваць іх уводзіць. Мы спадзяемся, што ў расейцаў будзе такое ж права выкрываць праблемы краіны, якім карыстаюцца грамадзяне Злучаных Штатаў. Як вы ведаеце, мы цяпер у Кангрэсе ўцягнутыя ў працэс, які патэнцыйна можа прывесці да імпічменту прэзідэнта ЗША. Я б хацеў, каб у грамадзян Расеі была такая ж магчымасць выбіраць сваіх прадстаўнікоў, якія маглі б расследаваць правіны іх прэзідэнта, і калі такія будуць знойдзены, адхіляць іх ад пасады падчас працэсу, рэгуляванага законам. Я думаю, што Пуцін бачыць тое, як гэта цяпер адбываецца ў ЗША, і гэта прымушае яго баяцца яшчэ мацней.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках