26 красавiка 2024, Пятніца, 7:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«А бацькі - толькі грошы давай»: як у Беларусі будуюць бізнэс на дзецях

9
«А бацькі - толькі грошы давай»: як у Беларусі будуюць бізнэс на дзецях

Каму патрэбныя фатографы, тэатры і іншыя паслугі ва ўстановах адукацыі і ці бяспечна гэта?

Фотасесіі, відэаздымкі, выступленні тэатраў, планетарыі, кіслародныя кактэйлі... Да таго, што на ўсе гэтыя паслугі ва ўстановах адукацыі рэгулярна даводзіцца здаваць грошы, бацькі ўжо прывыклі. Абураюцца, вядома, паміж сабой, але працягваюць плаціць. Чаму так адбываецца, каму выгадна і ці бяспечна гэта для дзяцей, высвятляла Intex-press.

Што кажуць бацькі

Intex-press апытала бацькоў, і, як высветлілася, гэта і іншыя пытанні, звязаныя з аказаннем розных відаў паслуг ва ўстановах адукацыі, хвалююць многіх. Хоць стаўленне да такіх паслуг рознае. Хтосьці не бачыць нічога страшнага ў тым, што раз у месяц яго дзіця сфатаграфуюць ці раз у тры месяцы пакажуць якую-небудзь казку.

- А што ў гэтым дрэннага? Грошы не такія вялікія, мы праядаем больш. А дзіцяці хоць якая забаўка. Усё ж такі лепш, чым сядзець у групе цэлымі днямі, - мяркуе гараджанка Вікторыя.

Але большасць бацькоў усё-такі выказваюцца крытычна. Яны не разумеюць, да прыкладу, навошта фатографы ходзяць па ўстановах адукацыі ледзь не кожны месяц.

- Не падабаецца, што гэтыя паслугі навязваюцца. Разумею, зрабіць фота дзіцяці ў пачатку, сярэдзіне і канцы навучальнага года. Але навошта так часта? - здзіўляецца гараджанін Яўген.

Многія скардзяцца і на якасць гэтых паслуг, і на іх дарагоўлю.

- Колькі дзіця не распытвала пра тэатры ў садку, што там паказвалі, ён дакладна растлумачыць не можа. І гэтым усё сказана! Фота больш-менш - адно з дзесяці, астатнім максімум месца ў асабістым «Інстаграме», - абураецца баранавіцкая мама Алена. - Але даводзіцца плаціць за ўсе гэтыя тэатры-планетарыі, таму што дзіцяці складана растлумачыць, чаму ўсе дзеці сышлі нешта глядзець, а яно засталося адно ў групе.

- Маё меркаванне: гэтыя фота ў садзе - прывітанне з 90-х. Ды і плаціць за адзін фотаздымак 10-15 рублёў - дорага. Танней замовіць якасную, прафесійную сямейную фотасесію раз у год, чым узяць тры фота ў садзе, - падтрымлівае яшчэ адна мама дашкольніка Наталля.

Многія сыходзяцца ў меркаванні, што на іх дзецях проста зарабляюць, не асабліва задумваючыся пра тое, каб спажыўцы паслуг засталіся задаволеныя.

- Зарабляюць прыватнікі і садкі, а бацькі - толькі грошы давай, - рэзюмуе Алена.

Што кажуць прадпрымальнікі

Прадпрымальнікі не хаваюць, што працаваць у садках ім выгадна. Ніякіх асаблівых дазволаў для гэтага атрымліваць не трэба, бацькі, што гатовыя заплаціць, знойдуцца заўсёды, а прэцэдэнты з нейкімі скаргамі - вельмі рэдкія.

- Вядома, працаваць з дзецьмі няпроста. Яны няўрымслівыя, хутка стамляюцца. Але, з іншага боку, бацькі заўсёды гатовыя плаціць за фота свайго дзіцяці. А нам таксама трэба нешта есці. Асабліва калі няма вяселляў. Таму садкі - гэта добры варыянт у міжсезонне, - сказаў Intex-press адзін з фатографаў.

Вось простая арыфметыка. Да прыкладу, у дзіцячым садзе прыкладна 240 дзяцей. Са слоў выхавальнікаў, у кожнай групе заўсёды знаходзіцца прыкладна 10 бацькоў, якія выкупляюць фатаграфіі або дыскі з відэазапісамі. Гэта прыкладна 110 чалавек. Цана аднаго дыска з відэазапісам у сярэднім 10 рублёў, кошт фота - яшчэ вышэйшы. Гэта значыць, за адну здымку фатограф або відэа атрымлівае прыкладна... 1100 рублёў! І гэта толькі адна ўстанова. А калі такіх садкоў некалькі?

«Тэатралы» зарабляюць менш, але ў іх амаль заўсёды 100% прыход, бо рэдкія бацькі ўтрымаюцца, як уявяць, што іх дзіцё сядзіць і плача адно ў куце, у той час як астатнія забаўляюцца.

Але і ў прадпрымальнікаў ёсць свае нюансы. Самы галоўны - трапіць ва ўстанову адукацыі. Са слоў прадпрымальнікаў, у некаторых садках ёсць «свае» фатографы і канкурэнтаў туды проста не пускаюць. Няпроста бывае дамовіцца з загадчыкамі ўстановамі.

- Хтосьці занадта перастрахоўваецца і праз 6-7 рублёў арэнды, якія я заплачу саду за здымку, прымушае абегаць кучу інстанцый: бухгалтэрыю, аддзел адукацыі, якія да таго ж знаходзяцца ў розных месцах горада. Хтосьці намякае, што за тое, што я працую ва ўстанове адукацыі, нядрэнна б яму «дапамагчы». А аднойчы, загадчыца дзiцячага садку мне прамым тэкстам заявіла, што, калі я хачу здымаць у яе садзе, я павінен заплаціць ёй адсотак ад таго, што зараблю, - распавёў адзін з баранавіцкіх відэаграфістаў.

Што кажа ўпраўленне адукацыі

Кожны бок мае рацыю па-свойму. Нельга судзіць прадпрымальнікаў за тое, што яны шукаюць спосабы зарабіць, а бацькоў - за тое, што хочуць атрымаць якасць за тыя грошы, што яны плацяць. Але ёсць яшчэ трэцяе пытанне, куды больш важнае, чым грошы. Гэта бяспека дзяцей. А пра яе чамусьці мала хто думае. Дзіўна, але толькі адна з дзесяці апытаных мам яго падняла.

- Нават аднаму з бацькоў трапіць з 9.00 да 16.00 у той жа сад не так проста. А тут староннія людзі могуць папросту прыходзіць да дзяцей, - дзівіцца Алеся.

Між тым гэтае пытанне патрабуе асаблівай увагі. Бо, як высветлілася, зарабляць на дзецях можа фактычна любы чалавек з вуліцы.

Intex-press накіравала запыт ва ўпраўленне адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама з пытаннямі аб тым, ці павінны атрымліваць прадпрымальнікі нейкія спецыяльныя дазволы ад упраўлення адукацыі на тое, каб працаваць у садках і школах, і ці патрабуюць у іх якія-небудзь медыцынскія дакументы, бо гаворка ідзе пра дзяцей. Нам адказалі, што ніякіх спецыяльных дазволаў і медыцынскіх даведак на тое, каб ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць ва ўстановах адукацыі, не патрабуецца. Нават згоды бацькоў на прысутнасць старонніх побач з іх дзецьмі ніхто пытацца не абавязаны. Толькі на правядзенне фота- або відэаздымкі тэарэтычна ў бацькоў павінны пытацца дазвол. Але і гэта па факце мала хто робіць.

Атрымліваецца, галоўнае, каб чалавек грошы плаціў. А ці здаровы ён, ці хворы, што ён робіць з фота і відэа дзяцей потым, нікога не хвалюе. І, самае дзіўнае, што не хвалюе, перш за ўсё, саміх бацькоў. Ва ўпраўленні адукацыі не паступіла ніводнай (!) скаргі ад бацькоў на прысутнасць старонніх людзей побач з іх дзецьмі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках