26 красавiка 2024, Пятніца, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусаў прымушаюць двойчы плаціць адзін падатак

6
Як беларусаў прымушаюць двойчы плаціць адзін падатак
Фото: REUTERS

Улады затыкаюць дзіркі ў дзяржбюджэце з дапамогай утылізацыйнага збору.

Утылізацыйны збор у Беларусі аплачваюць пры ўвозе аўтамабіля з-за мяжы з 2014 года. З 2016-га сума гэтага збору для фізічных асоб павялічылася больш чым у 8 разоў. Калі везці з Расеі аўтамабіль старэйшых за 3 гады, - збор складзе блізу 750 рублёў. Калі машыне няма 3 гадоў - блізу 500, піша «Белсат».

«Планую купіць аўтамабіль у Расейскай Федэрацыі. Але сутыкнуўся з праблемаю ўтылізацыйнага збору. Звярнуўся ў камунальныя службы з мэтаю ўтылізацыі свайго старога аўтамабіля. Дзе мне сказалі, што гэтая паслуга платная. Вываз, утылізацыя. Гэта блюзнерства нейкае. Я з гэтым катэгарычна не згодны», – кажа мужчына, які хоча набыць аўтамабіль у Расеі.

Узнікае пытанне, куды ідзе ўтылізацыйны збор. Афіцыйная версія – накіроўваецца на знішчэнне аўтамабіляў, якія больш не эксплуатуюцца. Але простаму беларусу за тое, каб утылізавалі ягоны стары аўтамабіль, трэба заплаціць. Калі не здасі самастойна аўто на знішчэнне, за цябе можа зрабіць гэта ЖКГ – і потым выставіць рахунак.

«За разбіранне аўто ЖКГ трэба неяк плаціць, таму яны ўскладаюць выдаткі на чалавека, які хоча гэта аўто здаць», – распавядае Уладзімір Бойка, дырэктар «Беларускай утылізацыйнай кампаніі».

Здаваць аўтамабіль на ўтылізацыю прыватнікам – таксама платна. Трэба аддаць блізу 30 рублёў за тое, што машыну даставяць, напрыклад, ад вашага дому да пункту перапрацоўкі. А вось калі аўтамабіль урос у зямлю і яго яшчэ трэба будзе адтуль выкапаць – паслуга абыдзецца да 100 рублёў. Можна, вядома, разабраць аўто і самому. Каб здаць запчасткі на метал. Але выдаткаў атрымаецца больш, чым прыбыткаў.

«100 з нечым рублёў ён атрымае кампенсацыі, колаў на балгарку наматае на 70 рублёў, свайго часу на 200, застанецца ў яго ў гаражы куча пластыку ды іншых незразумелых дэталяў, якія ён не будзе ведаць, куды падзець», – дадае Уладзімір Бойка.

Можна яшчэ паспрабаваць прадаць машыну на запчасткі. Але калі вашае аўто ў дрэнным стане, то спадзявацца на продаж – дарма. Найчасцей усе шляхі вядуць менавіта да ўтылізацыйных кампаніяў.

«Метал здаецца перапрацоўнікам, перапрацоўнікам каляровых металаў, усе адкіды сартуюцца, таксама кудысьці здаюцца. За нешта нам ужо самім даводзіцца плаціць. На нейкай мінімальнай дэльце і жывём», – кажа Уладзімір Бойка, дырэктар «Беларускай утылізацыйнай кампаніі».

Можна было б лічыць, што ўтылізацыйны збор увялі, каб рэгуляваць увоз аўтамабіляў з замежжа і зменшыць адток грошай у іншыя дзяржавы. Але ў Расеі, нават з улікам утылізацыйнага збору, у большасці выпадкаў аўто каштуе танней. І беларусы па-ранейшаму гоняць машыны ад суседзяў.

Атрымліваецца, што ўтылізацыйны збор – гэта яшчэ адзін спосаб заткнуць дзіркі ў дзяржаўным бюджэце. Бо на справе дзяржава ніяк не кампенсуе выдаткаў на знішчэнне старых аўтамабіляў, а беларусы проста плацяць двойчы за адзін і той жа працэс.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках