18 траўня 2024, Субота, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трэці з Солсбэры

5
Трэці з Солсбэры
«БАШЫРАЎ», «ПЯТРОЎ» І МЕРКАВАНЫ «ФЯДОТАЎ» АДНАЧАСОВА ЛЁТАЛІ Ў ЛОНДАН.
ФОТА: BELLINGCAT, THE INSIDER

Што вядома аб выкрыцці «Сяргея Фядотава».

Імя трэцяга падазраванага ў атручванні экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля прасачылася ў прэсу яшчэ ў студзені. Брытанскія газеты паведамлялі, што адначасова з «Аляксандрам Пятровым» і «Русланам Башыравым» у Лондан прыбыў нейкі «Сяргей Фядотаў», які нібыта таксама ўдзельнічаў у аперацыі, піша ВВС.

14 лютага гурт Bellingcat і расейскае выданне The Insider апублікавалі расследаванне, у якім сцвярджаецца, што напраўду «Фядотава» могуць клікаць Дзяніс Сяргееў. Пры гэтым Bellingcat не паказвае, якім чынам групе ўдалося пацвердзіць, што гаворка сапраўды ідзе пра аднаго і таго ж чалавека. Доказная база будзе апублікаваная ў другой частцы расследавання, падкрэсліваюць у Bellingcat.

Дзяніс Сяргееў нарадзіўся ў 1973 годзе ў горадзе Ушарал на паўднёвым усходзе Казахстана, паказвае Bellingcat. ВВС удалося пацвердзіць гэтую інфармацыю ад крыніцы, якая вывучала некалькі расейскіх баз звестак.

Магчыма, вайсковую кар'еру Сяргееў абраў яшчэ ў маладосці: чалавек з такімі жа прозвішчам, імем, імем па бацьку і датай нараджэння быў паказаны на сайце Екацярынбуржскай сувораўскай вучэльні як выпускнік 1990 года. На момант публікацыі спіс выпускнікоў быў даступны толькі ў кэшы пошукавікаў.

Дзмітрый Вяткін, які вучыўся ў Сяргеевым у адной роце, пацвердзіў ВВС, што памятае такога чалавека. «Але з часу выпуску нічога пра яго не ведаю», - дадаў ён.

У пачатку 2000-х гадоў Сяргееў пераехаў у Маскву і паступіў у Вайсковую акадэмію Міністэрства абароны, сцвярджае Bellingcat. Гэтая навучальная ўстанова вядома як «кансерваторыя» - кузня кадраў для вайсковай выведкі.

Са звестак Бі-бі-сі, у Маскве чалавек з такім іменем сапраўды быў зарэгістраваны ў доме №50/1 на праспекце Народнага апалчэння, дзе і базуецца акадэмія. Там жа была зарэгістраваная і ягоная жонка Таццяна.

Таццяна Сяргеева праз тэлефон пацвердзіла ВВС, што яе мужа завуць Дзяніс Вячаслававіч Сяргееў і што ён нарадзіўся ў 1973 годзе ў Казахстане. Гэта супадае са звесткамі Bellingcat. Аднак інфармацыю пра ягоную службу ў ГРУ яна назвала «казкай», адмовіўшыся пры гэтым адказваць на пытанне, чым менавіта займаецца ейны муж.

«Муж, калі будзе магчыма, звяжацца з вамі», - дадала яна. Аднак Дзяніс Сяргееў не выйшаў на сувязь з ВВС, а Таццяна больш не ўзяла слухаўку.

На сайце маскоўскай школы №1251 імя генерала Шарля дэ Голя ў спісе настаўнікаў ангельскай мовы паказаная поўная цёзка Таццяны Сяргеевай. Мяркуючы з фота на школьным сайце і ў мэсэнджары, прывязаным да нумара, на які тэлефанаваў карэспандэнт ВВС, гаворка можа ісці пра адну і тую ж жанчыну.

Складаная біяграфія

Дзяніс Сяргееў уважаўся за суўладальніка або кіраўніка ў васьмі кампаніях, зарэгістраваных у Новасібірску і Маскве ў 2000-я гады. Аднак, як пішуць Bellingcat і The Insider, яны былі фіктыўнымі і мелі назвы, падобныя з найменнямі буйных расейскіх кампаній.

Акрамя таго, у 2009 годзе Дзяніс Сяргееў мог атрымаць крэдыт у расейскім банку на суму больш як 1 млн даляраў, сцвярджаюць Bellingcat і The Insider. У заяўцы ён указаў у якасці месца працы кампанію Loreven Style Ltd з юрыдычным адрасам у Рызе. Звестак аб такой кампаніі няма ні ў Латвіі, ні дзе-небудзь яшчэ.

Расейскай службе ВВС удалося высветліць, што ІНП чалавека, на якога былі зарэгістраваныя пералічаныя кампаніі, быў атрыманы ў Краснадары. Пры гэтым не ўдалося пацвердзіць, што гэты нумар сапраўды належыць Дзянісу Сяргееву.

Bellingcat і The Insider сцвярджаюць, што «ператварэнне» Сяргеева ў «Фядотава» магло адбыцца ў 2010 годзе. Замежны пашпарт «Сяргей Фядотаў» атрымаў у тым жа УФМС, што і «Пятроў» з «Башыравым». Нумары пашпартоў усіх траіх адрозніваліся толькі апошнімі лічбамі, паказвала раней «Фантанка».

ФОТА: BBC

Брытанская паліцыя называе «Пятрова» і «Башырава» падазраванымі ў атручванні экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў Солсбэры ў сакавіку 2018 года.

У пачатку верасня мінулага года Уладзімір Пуцін заявіў, што расейскія ўлады ведаюць, «хто яны такія», і што яны «цывільныя грамадзяне, вядома».

На наступны дзень «Пятроў» і «Башыраў» далі інтэрв'ю галоўнай рэдактарцы тэлеканала RT Маргарыце Сіманьян. Яны заявілі, што знаходзіліся ў Солсбэры як турысты. Абвінавачванні, звязаныя з атручваннем, яны адмаўляюць.

Са звестак Bellingcat і The Insider, «Пятрова» і «Башырава» напраўду маглі зваць Аляксандр Мішкін і Анатоль Чапіга. Абодва, са сцверджанняў гэтых выданняў, прафесійныя вайскоўцы, якія пабылі ў гарачых мясцінах.

Паездка ў Балгарыю

Са звестак «Фантанкі», у студзені-лютым 2014 года «Фядотаў» здзейсніў падарожжа ў Чэхію адначасова з «Пятровым».

У сваю чаргу балгарская пракуратура мяркуе, што «Фядотаў» пабываў у Балгарыі як мінімум тройчы ў 2015 годзе: 5 лютага ён прыляцеў на самалёце, а 22 лютага пакінуў краіну праз аэрапорт Сафіі.

Другім раз «Фядотаў» прыляцеў у Балгарыю 24 красавіка 2015 года. Паводле інфармацыі Bellingcat, на зваротны рэйс «Фядотаў» не з'явіўся, замест гэтага ён аб'явіўся ўвечары 28 красавіка ў стамбульскім аэрапорце «Атацюрк» і ў апошні момант купіў квіток на рэйс у Маскву.

Трэцім разам «Фядотаў» трапіў у Балгарыю праз аэрапорт Сафіі 23 траўня 2015 года. 29 траўня ён перасек мяжу з Сербіяй у аўтамабілі разам з іншым грамадзянінам.

«Гэта новая для мяне інфармацыя», - сказала меркаваная жонка Сяргеева ў адказ на пытанне карэспандэнта ВВС пра тое, ці наведваў ейны муж Балгарыю.

Красавіцкі візіт «Фядотава» ў Балгарыю супаў з гісторыяй аб атручэнні балгарскага зброевага бізнэсоўца Эміліяна Гебрэва. 28 красавіка 2015 года Герэў адчуў сябе дрэнна пасля вячэры з бізнэс-партнёрамі ў Сафіі. Прыкладна ў той жа час дрэнна сябе адчулі сын Гебрэва і адзін з топ-мэнэджараў ягонай кампаніі. Усіх траіх шпіталізавалі з сімптомамі цяжкага атручвання, аднак злачынства не было раскрытае.

У 2015 годзе на замову Гебрэва лабараторыя Хельсінкскага ўніверсітэта, якая спецыялізуецца на хімічнай зброі, змагла выявіць сляды двух органафасфатаў, якія сведчылі пра тое, што прадпрымальніка спрабавалі забіць нервова-паралітычным рэчывам, якія адносіцца да класа «Навічок», пісала ў канцы студзеня балгарскае выданне «Капітал». Рэчыва такога ж класа выявілі на дзвярной ручцы ў доме Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры пасля атручвання.

Пасля гісторыі з атручваннем Скрыпаля Гебрэў напісаў звароту ў балгарскія праваахоўныя органы з просьбай аднавіць расследаванне, што і было зроблена ў сярэдзіне кастрычніка 2018 года.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках