Тысячы жыхароў уральскіх гарадоў выйшлі на пратэсты
4- 2.03.2019, 17:17
- 20,554
У Міясе акцыя пратэсту прайшла каля будынка гарадской адміністрацыі.
У двух гарадах Чэлябінскай вобласці прайшлі акцыі супраць дрэннай экалогіі. У Міясе жыхары горада пратэставалі праз дрэнную экалагічную сітуацыю ў горадзе і выступілі супраць будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната каля гары Круглая непадалёк ад горада, паведамляе «Радыё Свабода».
У Залатавусці жыхары выступалі супраць планаў будаўніцтва ў горадзе крамянёвага завода. Акцыі, паводле розных ацэнак, сабралі да некалькіх тысяч чалавек.
У Міясе акцыя прайшла каля будынка гарадской адміністрацыі. Са звестак газеты "Міяскі рабочы" ў акцыі ўзялі ўдзел блізу 1100 чалавек. На мітынгу выступалі прадстаўнікі "Яблока", "Левага фронту", Грамадскай палаты горада ды іншых арганізацый.
Пратэстоўцы патрабавалі спыніць будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната каля гары Круглая, якое, са звестак выдання, запланаваў пабудаваць былы чалец верхняй палаты расейскага парламента Віктар Пічугаў. У 2015 годзе часопіс Forbes паставіў прадпрымальніка на 24 месца ў рэйтынгу самых багатых дзяржаўных службоўцаў і дэпутатаў у Расеі, ацаніўшы ягонае багацце на 364 мільёны рублёў. У канцы акцыі мітынгоўцы прынялі рэзалюцыю, у якой запатрабавалі ва ўладаў выканання экалагічнага заканадаўства.
Акцыя ў Залатавусці са звестак агенцтва "Росбалт" сабрала блізу 2000 чалавек. Пратэстоўцы патрабавалі спыніць будаўніцтва крамянёвага завода на тэрыторыі горада. Як сцвярджаюць актывісты, новая хімічная вытворчасць у межах горада можа прычыніць шкоду здароўю гараджан і прывесці да пагаршэння агульнай экалагічнай абстаноўкі ў рэгіёне. Арганізатарам гэтага мерапрыемства выступіў грамадскі рух "Златавуст без яду". На старонцы арганізацыі падкрэсліваецца, што яна не мае палітычных мэтаў.
Чэлябінская вобласць - адная з горшых паводле экалагічнай сітуацыі ў Расеі. У нацыянальным экалагічным рэйтынгу грамадскай арганізацыі "Зялёны патруль" яна займае 84 месца з 85 месца. У рэгіёне сканцэнтраваны металургічныя камбінаты, хімічныя вытворчасці і прадпрыемствы машынабудавання, якія негатыўна ўплываюць на экалогію рэгіёну.