26 красавiка 2024, Пятніца, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі нерухомасць судакранаецца са святым духам, атрымліваецца Іерусалім»

«Калі нерухомасць судакранаецца са святым духам, атрымліваецца Іерусалім»
ФОТА: VB.BY

Амбасадар Ізраіля ўшанаваў памяць габрэяў у Берасці.

Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар дзяржавы Ізраіль у Беларусі Алан Шогам пабываў на месцы знаходжання парэшткаў габрэяў у Берасці.

Нагадаем, пахаванні больш за 1 000 чалавек былі знойдзеныя падчас будаўнічых прац на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Куйбышава. Там цяпер працуюць вайскоўцы пошукавага батальёна Міністэрства абароны. На сёння вынятыя парэшткі блізу 1 150 чалавек, расстраляных гітлераўцамі жыхароў гета. Пошукавую аперацыю плануецца закончыць да канца сакавіка, піша «Вечерний Брест». Асноўнай мэтай рабочай паездкі Пасла было аддаць даніну нявінна забітым суайчыннікам і абмеркаваць з гарадскімі ўладамі тэму ўшанавання памяці загінулых.

На сустрэчы з дыпламатам старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук падкрэсліў, што ўлады гатовыя абмяркоўваць любыя прапановы ізраільскага боку, роўна як прадстаўнікоў габрэйскай грамады у Берасці. Ён таксама згадаў пра намер перадаць будынак на К. Маркса, 37, які служыў у свой час лютэранам, вернікам габрэям для размяшчэння там сінагогі.

З нагоды нашумелай тэрыторыі, дзе надоечы былі знойдзеныя парэшткі, старшыня выказаўся за тое, каб там абавязкова быў усталяваны памятны мемарыяльны знак. Акрамя таго, непасрэдна месца пахавання прапануецца абнесці высокім бардзюрам і зрабіць там зялёную зону, каб выключыць парковачныя месцы, гульнявыя пляцоўкі і інш. А ўсе знойдзеныя парэшткі (меркавана іх блізу 1300) урачыста перапахаваць на Паўночных могілках у пачатку траўня. Аляксандр Рагачук таксама адзначыў, што ў справе ўшанавання памяці павінны прысутнічаць новыя формы і падыходы з упорам на візуалізацыю. «Проста пазначыць кшталту «тут былі расстраляны мірныя грамадзяне», без згадкі нацыянальнага аспекту, так, вядома, нельга і ніхто рабіць не будзе», - падкрэсліў кіраўнік Берасця.

Алан Шогам такую пазіцыю падтрымаў. На ягоную думку, галоўнае, каб былі выкананыя габрэйскія традыцыі і каноны. «У Беларусі, на жаль, вельмі шмат месцаў, дзе расстрэльвалі людзей, у тым ліку габрэяў. Я разумею, што жыццё працягваецца, і немагчыма абнесці кожнае такое месца агароджай, нічога там не будаваць. Мы супраць таго, каб гісторыя замінала жыццю. Але і забываць гісторыю нельга», - сказаў пасол.

Пабываўшы на месцы трагедыі і пагутарыўшы з прадстаўнікамі габрэйскай грамады Берасця, кіраўнік дыпламатычнай місіі Ізраіля таксама адзначыў: «Калі нерухомасць сутыкаецца са святым духам, атрымліваецца Ерусалім. Хто ведае, калі б вы не пачалі тут будоўлю, магчыма, грамадскасць так бы нічога не даведалася пра лёс гэтых няшчасных, а самі яны былі б не ў спакоі, да таго часу, пакуль рабін не прачытаў малітву . Тут жа равін Берасця Хаім Рабіновіч памаліўся разам з амабасадарам. Пасля чаго Алан Шогам, Аляксандр Рагачук і прадстаўнікі грамадскасці ўсклалі вянкі і кветкі да помніка ахвярам габрэйскага гета на вуліцы Куйбышава.

Нагадаем, што надоечы быў затрыманы актывіст Віталь Казак, хто паклаў кветкі да месца выяўлення астанкаў вязняў гета ў Берасці.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках