26 красавiка 2024, Пятніца, 18:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Судзілішча над Грыбам: чаму ўкраінцам не варта ездзіць у Беларусь

6
Судзілішча над Грыбам: чаму ўкраінцам не варта ездзіць у Беларусь
ВІТАЛІЙ ПОРТНІКАЎ

Асуджэнне Грыба - гэта своеасаблівае папярэджанне і Украіне, і непасрэдна Лукашэнку.

У расейскім Растове-на-Доне ўкраінскага палітвязня Паўла Грыба прысудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі за садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці. Учыніўшы незаконную расправу над Грыбам, Крэмль чарговым разам зацвердзіў сваё права сілы. Гэтым злачынным прысудам Расея паказала, што можа зусім беспакарана дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі. Для грамадзян Украіны - гэта чарговы сігнал, што не варта ездзіць у Расею, Беларусь і іншыя краіны, якія ўваходзяць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Такое меркаванне выказаў "Апострофу" журналіст і публіцыст Віталь Портнікаў.

- Я не думаю, што мы можам гэтую сітуацыю неяк асобна аналізаваць, у адрыве ад іншых украінскіх закладнікаў, якія сядзяць у расейскіх турмах. Сітуацыя з Грыбам з'яўляецца для Крамля важнай з некалькіх прычын.

Першае - паказаць, што расейскія спецслужбы могуць зусім беспакарана дзейнічаць на тэрыторыі суседняй Беларусі. Гэта своеасаблівае папярэджанне і Украіне, і непасрэдна Лукашэнку. Пытанне нават не ў тым, ці ўдзельнічалі беларусы ў аперацыі па затрыманні Грыба. Галоўнае - гэта прадэманстраваць, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзейнічае такая ж атмасфера бяспекі для ўкраінскіх грамадзян, як і ў самой Расейскай Федэрацыі. Гэта тым больш важна, улічваючы тое, што Беларусь нядаўна скасавала візавы рэжым для краін-сябраў Еўразвязу, а ў самой Украіне ёсць ілюзія, што ў Беларусі іншая сітуацыя для ўкраінскіх грамадзян, чым у Расеі. Затрыманне Грыба на беларускай тэрыторыі фактычна зняпраўджвае ўсе гэтыя ілюзіі.

Другое - Крэмль дэманструе, што расейскія спецслужбы пільна сочаць за так званай тэрарыстычнай небяспекай, нават калі яна не мае дачынення да тэрыторыі самой Расеі, нават калі чалавек, які ўважаецца расейцамі тэрарыстам, не перайшоў дзяржаўную мяжу РФ.

Хачу падкрэсліць, што Грыб з'яўляецца часткай вялікай карціны, якую пішуць алеем у Маскве для таго, каб даказаць тэрарыстычныя замахі ўкраінскіх грамадзян, украінскай дзяржавы. Справа Грыба - гэта асобны мазок фарбы ў гэтай вялікай карціне. Дадайце сюды справы Сянцова, Кольчанкі, Балуха, украінскіх маракоў. Усе яны аб'ядноўваюцца ў адзін просты довад Крамля – «Мы можам рабіць усё, што хочам, прычым не толькі на тэрыторыі Расеі, але і на тэрыторыі Беларусі, у нейтральных водах Чорнага мора і гэтак далей». Гэта штодзённае сцвярджэнне правы сілы.

Я апошнія 5 гадоў наогул кажу, што грамадзянам Украіны не варта наведваць Расею і краіны Еўразійскай эканамічнай супольнасці, прынамсі краіны АДКБ, дзе дзейнічае пагадненне аб сумесным абмене інфармацыяй і ўзаемадзеянні паміж Расеяй і іншымі былымі савецкімі рэспублікамі. Для мяне гэта абсалютна відавочна. Але для многіх нашых суайчыннікаў ніколі не будзе відавочным, што яны гуляюць з Масквой ў своеасаблівую расейскую рулетку.

Што тычыцца бяспекі еўрапейскіх грамадзян у той жа Беларусі - гэта залежыць ад таго, наколькі еўрапейцы сябе атаясамліваюць з украінцамі. Наколькі грамадзяне краін Еўразвязу адчуваюць сябе бяспечна ў аўтарытарных краінах - ад Венесуэлы да, скажам, Туркменістана - гэта вялікае пытанне. Мне здаецца, што чалавек, які вырас у вольным свеце, не вельмі разумее, што ў аўтарытарных краінах магчымасці праваахоўных структур і спецслужбаў нашмат больш сур'ёзныя, чым у яго ўласнай краіне. Лепшы прыклад, гэта гісторыя з амерыканскім турыстам, які з'ехаў у Паўночную Карэю, і сарваў там плакат з выявай Кім Чэн Ына ці нешта падобнае - гэта скончылася яго смерцю (амерыканскі студэнт Ота Уормбір памёр пасля асуджэння ў КНДР за спробу скрасці агітацыйны плакат, - заўв.). Але мне здаецца, што абодва бакі ў гэтай трагедыі не зразумелі адзін аднаго, таму што для амерыканскага турыста які-небудзь плакат на сцяне быў толькі плакатам, бо ён вырас у краіне, дзе гэта наогул не мае ніякага значэння, а паўночныя карэйцы, выгадаваныя ва ўмовах дыктатуры, маглі шчыра меркаваць, што ён свядома прыехаў у іх краіну, каб абразіць іх. Ды і мы з вамі самі жывем у краіне, дзе яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму была такая ж сітуацыя - каб не дай Бог нейкая абразлівая фатаграфія не наклалася на фотаздымак правадыра на іншай старонцы гэтай жа газеты. І цяпер расейцы паціху перамяшчаюцца ў такі ж цырк.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках