26 красавiка 2024, Пятніца, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь скараціла нафтаздабычу ў Венесуэле

5
Беларусь скараціла нафтаздабычу ў Венесуэле

Колькасць беларускіх спецыялістаў зменшылася ў 10 разоў.

Кампанія «Петралера БелаВенесалана» з беларускім капіталам працягвае здабываць нафту і газ у Венесуэле, але праз складаную сітуацыю ў краіне значна скараціла аб'ёмы і штат супрацоўнікаў, піша tut.by.

Венесуэла знаходзіцца ў зацяжным эканамічным, а цяпер і вострым палітычным крызісе. У краіне моцна ўпаў ВУП, назіраецца гіперінфляцыя і дэфіцыт некаторых тавараў першай патрэбы. Многія венесуэльцы ўцякаюць у суседнія краіны. Гэта ўсё адбываецца на фоне двоеўладдзя. Афіцыйна краіну ўзначальвае Нікалас Мадура - пераемнік Уга Чавэса, які памёр ад рака, але нядаўна спікер парламента Хуан Гуайдо абвясціў сябе прэзідэнтам. Яго падтрымалі ЗША і ЕЗ.

У найлепшыя часы «Петралера БелаВенесалана» штогод здабывала за 1 млн тон нафты, у апошнія гады аб'ёмы знізіліся да 700 тысяч тон, а цяпер складаюць блізу 300-400 тысяч тон. Скараціўся і штат беларускіх спецыялістаў у Венесуэле. Цяпер там працуе менш за дзесяць чалавек, раней працавала блізу сотні работнікаў.

Пра гэта Naviny.by распавёў намеснік начальніка ўправы замежнаэканамічнай дзейнасці «Беларуснафта» Павел Лях.

Палітычны і эканамічны крызіс негатыўна адбіўся на працы супольнага прадпрыемства.

«У краіне вельмі складаная крымінагенная абстаноўка. Як вынік, наземная інфраструктура вельмі моцна пакутуе. Там у кожным выпадку забяспечваецца ахова, проста на нейкіх адрэзках вядуцца дыверсіі. Адключаецца электрычнасць, адключаюцца лініі. Парушаецца цэласнасць сістэмы. Сітуацыя не вельмі добрая», - адзначыў Павел Лях.

Супольнае прадпрыемства таксама пацярпела праз санкцыі, якія ЗША ўвялі супраць дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі Венесуэлы PDVSA.

«Петралера БелаВенесалана», дзе PDVSA мае долю на 60%, трапляе пад дзеянне закона аб другасных санкцыях. А менавіта, да контрагентаў, якія будуць працаваць з супольным прадпрыемствам, выкарыстоўваюцца абмежавальныя захады.

«Гэта значыць, што купля абсталявання і матэрыялаў, якое ідзе за амерыканскія даляры, еўрапейскія еўра альбо праз контрагентаў, якія з'яўляюцца рэзідэнтамі краін, якія падтрымліваюць санкцыйных рэжым, абцяжарана ў частцы правядзення плацяжоў і разлікаў», - распавёў намеснік начальніка ўправы замежаэканамічнай дзейнасці.

Разам з тым грошы ад продажу нафты паступаюць на рахунак супольнага прадпрыемства. Продажам самога рэсурсу займаюцца непасрэдна структуры PDVSA, якім «Петралера БелаВенесалана» перадае здабытыя аб'ёмы.

«Гэта не праблема для «Петралера». Гэта праблема PDVSA. А яны яе нейкім чынам развязваюць. Грошы ад продажу вуглевадароднай сыравіны паступаюць на рахункі «Петралера», - адзначыў Павел Лях.

Нягледзячы на цяжкасці, Беларусь не мае намеру выходзіць з венесуэльскага праекту.

«Наколькі мне вядома, мы там маем намер прысутнічаць і надалей», - кажа намеснік начальніка ўправы замежнаэканамічнай дзейнасці.

Супольнае прадпрыемства «Петралера БелаВенесалана» было створанае ў 2007 годзе, калі стасункі паміж Менскам і Каракасам былі на піку. Дзель «Беларуснафты» у СП складае 40%, дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі Венесуэлы PDVSA - 60%.

У распрацоўцы у супольнага прадпрыемства - 7 нафтавых і 6 газавых радовішчаў. Чатыры з іх размешчаныя на захадзе краіны на возеры Маракайба, астатнія - на ўсходзе на сушы. З 2008 да 2018 год здабыта 9,2 млн тон нафты і 7 млрд кубічных метраў газу.

Акрамя нафтавай сферы Беларусь таксама займалася ў Венесуэле выпускам грузавікоў і трактароў, а таксама будаўніцтвам жылля. Цяпер гэтыя праекты фактычна замарожаныя. Венесуэльская старана завінавацілася беларускай як мінімум 200 млн даляраў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках