26 красавiка 2024, Пятніца, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы апавялі, як максімальна хутка кінуць паліць

9
Навукоўцы апавялі, як максімальна хутка кінуць паліць

Вынікамі даследавання падзяліліся брытанскія навукоўцы.

Курцы адчуваюць значна менш праблемаў пры спробах адмовіцца ад тытуню, калі яны кідаюць паліць не паасобку. Да такой высновы прыйшлі брытанскія медыкі, якія выступалі на сустрэчы Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў у Лісабоне, паведамляе РІА «Новости».

«Калі людзі спрабуюць кінуць паліць, яны адчуваюць сябе вельмі самотнымі. Яны больш не могуць хадзіць на перакур і на справавыя вечарынкі з калегамі. У дадатак ім перашкаджае нікацінавая ломка. Дапамога збоку знаёмых ці другой паловы дасць ім сілы для барацьбы з усім гэтым», – заявіла Магда Лампрыду з Імперскага каледжа Лондана (Вялікая Брытанія).

Паленне і звязаныя з гэтым хваробы сёння з'яўляюцца адной з галоўных прычынаў заўчаснай смерці. Паводле статыстыкі Цэнтра кантролю і прафілактыкі захворванняў ЗША (CDC), штогод у свеце тытунь і пасіўнае курэнне прыводзяць да смерці амаль шэсць мільёнаў чалавек, а кожныя два з трох курцоў паміраюць з прычынаў, звязаных са злоўжываннем тытунём.

Многія курцы спрабуюць пазбавіцца ад гэтай звычкі, аднак далёка не ва ўсіх гэта атрымоўваецца, нягледзячы на існыя методыкі. Падобныя адрозненні, высветлілі навукоўцы, часцей за ўсё маюць не толькі псіхалагічную, але і генетычную прыроду.

Да прыкладу, за апошнія гады біёлагі адкрылі некалькі мутацый у генах ANKK1, CHRNA3 і CHRNA5, якія робяць чалавека схільным да палення, а таксама некалькі іншых версій гэтых кавалкаў ДНК, якія працуюць процілеглым чынам.

Лампрыду і ейныя калегі звярнулі ўвагу на трэці аспект праблемы – сацыяльны складнік курэння.

Яны сабралі групу з дзвюх сотняў курцоў, якія пакутавалі ад сур'ёзных хваробаў сэрца. Лекары даўно рэкамендавалі ім адмовіцца ад тытуню.

Усе ўдзельнікі эксперыменту былі сямейнымі людзьмі, прычым прыкладна траціна іх сужэнцаў не паліла, а астатнія або нядаўна адмовіліся ад тытуню, або прадаўжалі паліць. Некаторыя з іх пастанавілі актыўна падтрымаць свае другія паловы.

Навукоўцы прапанавалі прайсці адну з папулярных праграмаў, якія дапамагаюць не сарвацца пасля адмовы ад нікаціну. Кардыёлагі папрасілі ўдзельнікаў эксперыменту дэталёва апавядаць пра праблемы, якія ўзніклі ў наступныя месяцы.

Амаль 64% з іх здолелі пазбавіцца ад залежнасці, аднак узровень поспеху сярод розных групаў курцоў моцна адрозніваўся. Добраахвотнікі, якія спрабавалі адмовіцца ад тытуню без падтрымкі другой паловы, дасягалі поспеху прыкладна ў шэсць разоў радзей, чым сямейныя пары, што кідалі паліць «калектыўна».

Навукоўцаў здзівіла, што ў тых сем'ях, дзе сужэнцы курцоў ужо адмовіліся ад тытуню ці ніколі не ўжывалі яго, эксперымент прывёў да процілеглага эфекту. У такіх выпадках пакуты добраахвотнікаў часта прымушалі іхніх партнёраў вярнуцца да цыгарэтаў або пачаць паліць.

Усё гэта, як мяркуе Лампрыду, кажа пра тое, што курцам варта адмаўляцца ад тытуню ў кампаніі аднадумцаў і абавязкова пераконваць у гэтым усю сям'ю, калі ў ёй ёсць іншыя аматары нікаціну.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках