26 красавiка 2024, Пятніца, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін выявіўся недалугам

11
Пуцін выявіўся недалугам

Расея з шырокай усмешкай ідзе насустрач чарговаму калапсу.

Апошняе апытанне «Левада-цэнтра» фіксуе рэкордную папулярнасць Іосіфа Сталіна сярод расейцаў за ўвесь час даследаванняў. Больш за 50% апытаных прызналіся ў тым, што яны ставяцца да дыктатара з захапленнем, сімпатыяй або павагай, што з'яўляецца максімальным паказчыкам за апошнія 20 гадоў. З іх ліку - у 4% расейцаў вобраз «правадыра» выклікае пачуццё захаплення, у 41% - павагі, а яшчэ ў 6% апытаных - пачуццё сімпатыі. Абыякавасць да Сталіна выказалі 26% удзельнікаў апытання. Ненавідзяць і дагэтуль баяцца «правадыра ўсіх народаў» 8% рэспандэнтаў. Гэта працягвае трэнд на станоўчую ацэнку яго панавання, які фіксуецца сацыёлагамі з 2015-га года, піша newtimes.ru.

Палітолаг Зміцер Арэшкін: Гэта абсалютна лагічная сітуацыя, звязаная з супадзеннем двух чыннікаў. Першы чыннік - гэта пятнаццацігадовая дзяржаўная прапаганда вертыкалізму, ручнога кіравання, ізаляцыянізму, барацьбы з Захадам і гэтак далей. У рамках прасоўвання такіх ідэалаў воляй ці няволяй адбываецца адсылка да аўтарытэту Сталіна. Напрыклад, Уладзімір Уладзіміравіч казаў, што нам патрэбны магутны індустрыяльны прарыў, і ў якасці прыкладу падаў трыццатыя гады. Сама арыентацыя на «моцную асобу» і «вертыкаль кіравання» невыразна, але досыць паслядоўна карэлюе з папулярнасцю Сталіна.

Пуцін аднаўляе «гібрыдны» Савецкі Саюз, хай і ў больш мяккай форме. Гэта відавочна, пачынаючы з фальсіфікацыі выбараў і заканчваючы абвастрэннем стасункаў з Захадам дзеля пераарыентацыі на Ўсход. Сапраўды гэтак жа, як Сталін дамаўляўся з Кітаем, так і Пуцін стараецца дамовіцца з Кітаем, Турцыяй і Сірыяй. «Паход на Захад» развязаў свае задачы. Адбылося эканамічнае абнаўленне і тэхналагічная рэвалюцыя, з'явіліся мабільныя тэлефоны, персанальныя кампутары ды інтэрнэт. Павінна было б адбыцца тэхналагічнае абнаўленне ўлады, але тут увесь працэс і затармазілі, бо такія перамены могуць падарваць паўнамоцтвы цяперашняга кіраўніцтва. Адсюль уціск і Сталін. Гэта адна з прычын яго папулярнасці - інтарэсы «вярхоў».

«Знізу» яе дапаўняе другая прычына, супрацьлеглая, але, як ні дзіўна, якая вядзе туды ж. Людзі бяднеюць. Але пад ціскам татальнай прапаганды яны паверылі, што эканамічны рост «нулявых» быў звязаны з жорсткай кадравай палітыкай. Ім жа ніхто не растлумачыць, што рост стаў магчымы, таму што ў дзевяностыя прайшлі ненавісная гайдараўска-чубайсаўская рэформа: задзейнічалі прыватныя эканамічныя інтарэсы, канкурэнтны рынак, канвертаваны рубель. А прапаганда навучыла людзей, што рост стаў магчымы, бо Пуцін пасадзіў Хадаркоўскага, прагнаў Гусінскага і «навёў парадак».

Але паколькі гэта чыстая мана, то праз дзесяць гадоў такога «парадку» жыць лепш не становіцца. Пуцінскія хлопцы падзялілі самыя тлустыя кавалкі, ліквідавалі канкурэнцыю, усталявалі манаполіі, стварылі вертыкаль, умацавалі наменклатуру і, адпаведна, задушылі эканамічны рост. Але людзям здаецца, што росту няма таму, што «парадку» недастаткова. Ім не здаецца, што рост адновіцца, калі Пуціна прыбяруць і вернуць умоўнага Чубайса. З іх пункту гледжання Пуцін недастаткова Сталін. Знаходзячыся ў рамках дзяржаўнай прапаганды яшчэ савецкіх і постсавецкіх часоў, людзі, якія больш за ўсё пакутуюць ад наступстваў дзеянні ўладаў, кажуць: «Пуцін жа слабак! Нам патрэбны Сталін, каб ён павесіў і расстраляў ворагаў і ўсё раздаў народу».

Расейцам здаецца, што патрэбная жорсткая вертыкаль і суровы, але справядлівы правадыр, які дрэнных пакарае, а добрых накорміць. Начальнікі гулялі з такой ідэалогіяй дзеля ўмацавання сябе ва ўладзе і абмежавання канкурэнцыі, але насельніцтва дзіўным чынам абвінавачвае іх цяпер не ў тым, што яны задушылі эканамічны рост, а ў тым, што яны яго не даціснуць. Вось калі б яны душылі мацней, то было б вельмі добра, як за Сталіным, а пры ім, на думку многіх, было вельмі добра. І ніхто не памятае, што тады было два голады - спачатку Галадамор і пачатак калектывізацыі, калі загінула блізу 6 мільёнаў чалавека, потым пасляваенны, калі мы страцілі яшчэ мільён.

Так што мы цяпер назіраем цікавы эфект ад прапаганды «зверху», успрынятай «нізамі» і канвертаванай у прэтэнзіі знізу да гэтых жа вярхоў, заснаваных на крытэрах той жа самай прапаганды. Пуцін выявіўся недалугам, таварыш Сталін на яго месцы ўжо далучыў бы ДНР, расстраляў бы Чубайса і наогул рэалізаваў бы ўсе мары простага савецкага чалавека. За гэтым вельмі цікава назіраць, але наогул узнікае адчуванне катастрофы. Краіна так і не ўсвядоміла рэальную крыніцу сваіх няшчасцяў, і з шырокай усмешкай і мускулістымі плячыма ідзе сямімільнымі крокамі насустрач чарговаму калапсу. Гэта сумна, хоць і цалкам чакана.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках