26 красавiка 2024, Пятніца, 17:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Кузьменка: Для многіх украінцаў з Зяленскім звязаныя прыемныя хвіліны ў іх жыцці

6
Яўген Кузьменка: Для многіх украінцаў з Зяленскім звязаныя прыемныя хвіліны ў іх жыцці
ЯЎГЕН КУЗЬМЕНКА

Феномен новага прэзідэнта Украіны тлумачыцца некалькімі абставінамі.

21 красавіка ва Украіне прайшоў другі тур выбараў прэзідэнта. Паводле ягоных вынікаў новым прэзідэнтам Украіны са значным адрывам ад Пятра Парашэнкі стаў Уладзімір Зяленскі.

У чым прычына такой яскравай перамогі новага ва ўкраінскай палітыцы кандыдата і якая можа быць палітыка новага прэзідэнта ў дачыненні да Беларусі? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да журналіста ўкраінскага выдання «Цензор.НЕТ» Яўгена Кузьменкі:

– Феномен Зяленскага звязаны з некалькімі абставінамі.

Па-першае, у гэтых больш чым 70% галасоў ёсць неўспрыманне вельмі вялікай часткай украінскага грамадства вынікаў пяцігадовага прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі.

Па-другое, Уладзімір Зяленскі вельмі разумна і тонка правёў выбарчую кампанію: з мінімальнай інфармацыяй пра самога кандыдата, з вельмі мудрай і выразна выбудаванай інфармацыйнай палітыкай.

Па-трэцяе, для вялікай колькасці ўкраінцаў Зяленскі з'яўляецца чалавекам, з якім звязаныя прыемныя хвіліны ў жыцці: прагляды камічных шоу, «95-га квартала», каласальная колькасць людзей паглядзела «Слугу народа» і параўноўвае з героем серыялу самога Уладзіміра Зяленскага.

Значна больш хочацца прагаласаваць за чалавека, з якім ты смяяўся і радаваўся, чым за таго, з кім асацыюецца пяць гадоў вайны. Я цяпер не кажу пра нейкую віну Пятра Парашэнкі, але для выбарніка пяць гадоў вайны – гэта тэрмін стомленасці, якая ў такой сітуацыі наступае значна хутчэй, чым у мірны час.

– Уладзімір Зяленскі пракаментаваў вынікі Нацыянальнага экзіт-полу словамі: «Як грамадзянін Украіны магу сказаць краінам былога СССР – паглядзіце на нас – усё магчыма». Як Вы ацэньваеце гэтыя словы?

– Як чарговы гэг (акторская нарыхтоўка, афарызм з шоў-бізнэсу, які выкарыстоўваецца ў палітычным асяродку – рэд.).

Трэба быць гатовым да таго, што ў першыя паўгода працы Зяленскага такіх гэгаў, нарыхтовак, прыгожых фразаў будзе шмат і яны будуць апеляваць да той рыторыкі, якую ён абраў, а таксама хаваць тую няўпэўненасць, якая прысутнічае ў Зяленскага як у чалавека не з палітычнай сістэмы.

У такой сітуацыі – гэта прыгожая фраза. Ён спрабуе падаць сваё прэзідэнцтва як той шчаслівы выпадак, калі не алігархі, а народ абраў кіраўніка дзяржавы.

А паколькі гэта вельмі рэдкая гісторыя на тэрыторыі краінаў былога СССР, то, у прынцыпе, такая гісторыя павінна вельмі падабацца людзям. Ён гэта адчувае, таму і кажа цяпер гэтыя фразы.

– Якой, на Вашу думку, павінна быць палітыка новага прэзідэнта Украіны ў дачыненні да Беларусі?

– Якой яна будзе ў рэчаіснасці, адразу скажу: не ведаю, бо гэтага, я думаю, нават блізка не разумее яшчэ і сам Зяленскі.

Магу выказаць здагадку, што спачатку будуць выбудоўвацца стасункі з галоўнымі вялікімі гульцамі – Расеяй, Нямеччынай, Францыяй, ЗША. Потым пачнецца прыцірка з суседзямі.

Тут вялікае значэнне для стасункаў з Беларуссю будзе мець, наколькі Менск захавае свой статус-кво ў якасці перамоўнай пляцоўкі. Калі Лукашэнка здолее захаваць гэтую пляцоўку, верагодна, што стасункі паміж Украінай і Беларуссю будуць выбудоўвацца па-новаму. Але пакуль пра гэта рана казаць, таму што незразумела нават, хто стане асноўнымі міністрамі пры Зяленскім.

– А ці ёсць варыянт, што пры Зяленскім Менск страціць статус перамоўнай пляцоўкі датычна Данбаса?

– Думаю, што ёсць. Звярніце ўвагу на каментар Зяленскага пра Менскія дамоўленасці. Не памятаю даслоўна, але сутнасць яго ў тым, што не ён падпісваў Менскія дамоўленасці і яны выклікаюць у Зяленскага шмат скепсісу.

Тое, што кандыдат у прэзідэнты Зяленскі падкрэсліваў, што Менскія дамоўленасці былі падпісаныя не ім, ужо дастатковая падстава меркаваць, што пры ягоным прэзідэнцтве існуе даволі вялікая верагоднасць іхняй рэвізіі. А значыць – і перанясенне перамоўнай пляцоўкі ў іншую краіну.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках