26 красавiка 2024, Пятніца, 12:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху: Спагнанне грошай за працу міліцыі непрымальнае

31
Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху: Спагнанне грошай за працу міліцыі непрымальнае

Не грамадзяне павінны плаціць дзяржаве за памяць пра Чарнобыль, а дзяржава – грамадзянам.

Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху апублікаваў заяву ў сувязі з пастановай Менгарвыканкама пра правядзенне шэсця 26 красавіка:

– Паведамляем, што Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху атрымаў пастанову Менгарвыканкама пра правядзенне масавага мерапрыемства 26 красавіка са зборам удзельнікаў а 18-й на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу ў Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук і шэсцем па традыцыйным маршруце да Чарнобыльскай капліцы.

Адзначаем, што ў сваёй заяўцы на правядзенне гэтай вулічнай акцыі арганізатары прапаноўвалі забяспечваць ахову правапарадку сваімі сіламі. Гэтае традыцыйнае цягам апошніх 30 гадоў мерапрыемства мае высокую грамадскую значнасць для Беларусі, больш за ўсіх пацярпелай ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Гэта даніна памяці ахвярам і штогадовая жалобная акцыя.

Менгарвыканкам, насуперак прапанове заяўнікаў, у панядзелак запатрабаваў аплаты дзеянняў міліцыі і паведаміў пра тое, што вызваленне ад яе не прадугледжанае.

Аргкамітэт ЧШ мяркуе непрымальным спагнанне грошай за працу міліцыі, фінансаваную з дзяржбюджэту, паколькі фактычна гэта падвойная аплата дзеянняў, у якіх не толькі няма неабходнасці, але якія часцяком у Беларусі – пагроза для ўдзельнікаў мерапрыемстваў.

Мы мяркуем, што не грамадзяне павінны плаціць дзяржаве за памяць пра Чарнобыль, а дзяржава павінна грамадзянам, якія прадаўжаюць пакутаваць ад наступстваў гэтай радыяцыйнай катастрофы.

Не пазней за сераду 24 красавіка заяўнікі маюць намер сустрэцца з прадстаўнікамі ГУУС Менгарвыканкама, каб чарговы раз заявіць пра недапушчальнасць збірання аплаты. Мы кваліфікуем гэтае патрабаванне ўладаў як палітычны і эканамічны ціск на грамадзянаў, асабліва ў святле нядаўняй практыкі выстаўлення вялікіх, непад'ёмных для ўдзельнікаў сумаў. Гэтая практыка і нарматыўныя акты, што падтрымліваюць яе, парушаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзянаў. Мы мяркуем, што ўлады не павінны абвяшчаць мерапрыемства несанкцыянаваным на падставе нашай адмовы плаціць за міліцыю.

Нагадваем, што праходзіць штогадовы тыдзень мерапрыемстваў «Беларусь паміж Чарнобылем і Астраўцом», які звычайна заканчваецца «Чарнобыльскім шляхам».

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках