27 чэрвеня 2019, Чацвер, 4:10
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Ваенная слава беларусаў: найбуйнейшыя перамогі нашай гісторыі

Беларусы заўсёды адрозніваліся сваім баявым духам.

«Радыё Рацыя» сабрала 12 найбольш значных перамогаў у нашай гісторыі.

Восень 1362 - Бітва на рацэ Сінія Воды

Скончылася перамогай войска Літоўскага каралеўства пад кіраўніцтвам вялікага князя Альгерда над войскамі трох татарскіх кіраўнікоў Падольскай зямлі - Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай ордамі. Пасля гэтай бітвы Падолле, а ў стратэгічным выніку Кіеўшчына і іншыя землі былі ўключаныя ў склад ВКЛ, яго ўладанні значна пашырыліся на поўдзень у кірунку Чорнага мора.

15 ліпеня 1410 - Грунвальдcкая бітва

Разгром Тэўтонскага ордэна войскам ВКЛ. Трыумфальны поспех злучаных сілаў Княства і Кароны меў велізарнае палітычнае значэнне. Згодна з умовамі Торуньскага міру 1411 года, Ордэн крыжакоў павінен быў вызваліць усе захопленыя землі і заплаціць пераможцам 300 тысяч дукатаў. Была спыненая 200-гадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход.

5 жніўня 1506 - Бітва пад Клецкам

Перамога войскам ВКЛ на чале з Міхаілам Глінскім войска Крымскага ханства на чале з сынамі Менглі-Гірэя Біці і Бурнашам. Клецкая бітва была найбольш значнай паразай татараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яна паклала канец іх буйным нападам за Прыпяць. Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем вынікаў бітвы на пэўны час стаў хаўруснікам ВКЛ.

8 верасня 1514 - Бітва пад Воршай на рацэ Крапіўне

Перамога войскам ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім маскоўскага войска. Адна з найбуйнейшых бітваў у гісторыі Еўропы XVI стагоддзя. Дзень беларускай ваеннай славы. Ініцыятыва ў шматгадовай вайне трывала перайшла да ВКЛ. Усе захопленыя Масквой гарады, апроч Смаленска, былі вызваленыя. Пачаў руйнавацца накіраваны супраць нашай краіны таемны альянс Маскоўшчыны і еўрапейскіх дзяржаваў.

27 студзеня 1527 - Бітва ля ракі Альшаніцы

Адбылася ў 30 кіламетрах ад Кіева паміж войскам ВКЛ на чале з вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім, палявым гетманам Янушам Радзівілам і войскам крымскіх татараў. Войска Крымскага ханства была разбітае. Было вызвалена 80 тысяч палонных, вернутая нарабаваная маёмасць. Крымскія татары спынілі значныя напады на землі ВКЛ.

27 верасня 1605 - Кірхгольмская бітва

Адбылася на тэрыторыі сучаснай Латвіі, каля Саласпілса паміж войскамі ВКЛ на чале з Янам Хадкевічам і Швэцыі. Перамога войска ВКЛ. Адна з найбуйнейшых бітваў вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1600-1611 гадоў. Уваходзіць у лік поўных перамог над праціўнікам меншымі сіламі. Пасля паразы швэдскі кароль быў вымушаны зняць аблогу Рыгі і адмовіцца ад кантролю над Паўночнай Латвіяй і Эстоніяй.

2 верасня - 9 кастрычніка 1621 - Бітва пад Хоцінам

У ёй сышліся з аднаго боку войска Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва (камандавалі адпаведна, Ян Хадкевіч, а пасля ягонай смерці Станіслаў Любамірскі і Пятро Сагайдачны блізу 58 тысяч чалавек) і Атаманскай імперыі (камандаваў султан Асман II, амаль 200 тысяч чалавек). Войска Рэчы Паспалітай, значна саступаючы ў колькасці, трымала абарону ва ўмацаваным лагеры і прымусіла нарэшце туркаў падпісаць перамір'е і спыніць вайну).

12 верасня 1683 - Бітва пад Венай

Перамога саюзнага войска (баварцы, саксонцы, аўстрыйцы, конныя палкі Польшчы і ВКЛ - разам 65 тысяч пад камандаваннем Яна Сабескага) над турэцкім войскам (200 тысяч пад камандаваннем візіра Кары Мустафы). Пасля паразы Турцыя ўжо не ўяўляла пагрозы хрысціянскай Еўропе. З Венскай бітвы пачаўся павольны заняпад турэцкай магутнасці на кантыненце.

4 красавіка 1794 - Рацлавіцкая бітва (пад Кракавам). Першая буйная бітва падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Паўстанцы пад камандаваннем Касцюшкі (4100 чалавек рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тысячамі сялян-касінераў) перамаглі расейскія войскі пад камандаваннем генерала Аляксандра Тармасава (блізу 3 тысяч чалавек з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у барацьбе з рэгулярным войскам атрады касінераў - сялян, узброеных косамі. Перамога ў бітве спрыяла разгортванню паўстання на іншай тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

19 чэрвеня 1831 - Панарская бітва

Адбылася паміж паўстанцкімі атрадамі і расейскім войскам. Акупанты пацярпелі значныя страты - 364 чалавекі. Колькасць загінулых інсургентаў невядомая. Найбуйнейшая бітва за ўвесь час вызвольнага паўстання 1830-31 гадоў.

3 чэрвеня 1863 - Бітва пад Мілавідамі

Аб'яднаныя сілы інсургентаў, амаль 800 воінаў са Слонімскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Навагрудскага і Гарадзенскага паветаў, на чале з Францішкам Юндзілам, Ісідарам Лукашэвічам, Аляксандрам Лянкевічам, пад агульным кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, далі вялікую бітву расейскім карнікам і войскам імперыі, якія прыйшлі карнікам на дапамогу.