Парашэнка: Не давайце грамадзянства Украіны расейцам, яны ўсе яго прымуць
11- 29.04.2019, 21:52
- 25,493
Прэзідэнт Украіны дадаў, што ўкраінскае грамадзянства - гэта «высокі гонар».
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка не пагадзіўся з прапановай Уладзіміра Зяленскага, які зменіць яго ў прэзідэнцкім крэсле, пра магчымасць выдаваць украінскае грамадзянства грамадзянам Расеі, паведамляе pravda.com.ua.
«Мы не будзем успрымаць, што хтосьці расейцам зараз будзе даваць святое ўкраінскае грамадзянства. Таму што яны яго прымуць, усе 140 мільёнаў, таму што ў нас лепш», - сказаў Парашэнка, выступаючы ў панядзелак у Львове. Ён дадаў, што ўкраінскае грамадзянства - гэта «высокі гонар».
Сам Парашэнка за пяць гадоў знаходжання на пасадзе прэзідэнта даў грамадзянства Украіны шэрагу грамадзян Расеі, у тым ліку, між іншым, Марыі Гайдар. Гэта, аднак, не насіла масавага характару.
Уладзімір Зяленскі, які на выбарах 21 красавіка здабыў перамогу над Парашэнкам, раней заявіў, што Украіна гатовая даваць сваё грамадзянства расейцам, якія «пакутуюць ад аўтарытарнага карумпаванага рэжыму». Заява Зяленскага была адказам на ўказ прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна аб спрошчаным парадку выдачы расейскіх пашпартоў для жыхароў так званых «ДНР» і «ЛНР» і на яго заявы пра магчымасць спрасціць атрыманне грамадзянства Расеі для ўсіх грамадзян Украіны.
Пуцін у панядзелак адказаў Зяленскаму, сказаўшы, што «рады» прапанове абранага прэзідэнта Украіны, і выказаў здагадку, што расейцы і ўкраінцы выйграюць ад таго, што ў іх будзе, як ён выказаўся, «агульнае» грамадзянства.
Уладзімір Пуцін таксама параіў Зяленскаму вярнуць украінскі пашпарт былому губернатару Адэскай вобласці і экс-прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі. На думку Пуціна, палітыка пазбавілі ўкраінскага грамадзянства незаконна.
Саакашвілі ў адказ назваў Пуціна «новаспечаным тролем» і адзначыў, што раней у прэзідэнта Расеі была зусім іншая пазіцыя адносна яго ўкраінскага грамадзянства. «Цяпер гэта не ваша справа! Мы з украінцамі разбяромся самі!» - сказаў на заканчэнне свой адказ Пуціну Саакашвілі.