26 чэрвеня 2019, Серада, 8:05
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Іларыён Трусаў: Хачу перамен

11
ІЛАРЫЁН ТРУСАЎ, ФОТА «НОВЫ ЧАС»

Як 15-гадовы школьнік «прыйшоў да Беларусі».

Існуе меркаванне, што беларуская моладзь не цікавіцца палітыкай і грамадскім жыццём. 15-гадовы Іларыён Трусаў на сваім прыкладзе даводзіць, што гэта не так. Юнага актывіста можна сустрэць і на малітве ў Курапатах, і на «Чарнобыльскім шляху».

Іларыён распавёў сайту Charter97.org пра беларускую моладзь і палітыку, а таксама даў тры парады маладому пакаленню змагароў за свабоду.

- Раскажы, адкуль у цябе такая актыўная грамадзянская пазіцыя?

- Цягам двух апошніх гадоў я моцна цікавіўся гісторыяй Беларусі, культурай і мовай, потым мая зацікаўленасць перайшла на новы ўзровень. Пачаў наведваць розныя культурныя мерапрыемствы, выступы, цалкам перайшоў на беларускую мову.

- А хто на цябе паўплываў? Можа, бацькі, сябры, асяроддзе?

- Ніхто мяне не «завабліваў» на гэты бок. Сам да гэтага прыйшоў дзякуючы інтэрнэту, дзякуючы розным СМІ, той жа «Хартыі-97».

Я жыву з бабуляй і дзядулем, але бацькі таксама ўдзельнічаюць у маім выхаванні. Яны катэгарычна супраць усялякай грамадскай дзейнасці, паходаў на мітынгі і акцыі пратэсту. Але ў той жа час падтрымліваюць маю зацікаўленасць беларускай мовай, культурай.

Калі казаць пра асяроддзе, то я знайшоў шмат сяброў, таварышаў і паплечнікаў сярод беларускамоўнай моладзі. Ёсць і расейскамоўныя, якія падтрымліваюць маё імкненне да перамен у краіне. У мяне ёсць і аднакласнік, які падзяляе мае погляды і таксама носіць значок з бел-чырвона-белым сцяжком.

- Ёсць такое меркаванне, што беларуская моладзь не цікавіцца палітыкай. Ты згодны з ім?

- Часткова. Пакуль моладзь праз нашую савецкую сістэму адукацыі не ахвотна цікавіцца беларускай гісторыяй. А гісторыя гэта таксама палітыка. Гэта спадчына, якая дасталася нам ад палітычных дзеянняў нашых продкаў. Акрамя таго, беларуская мова таксама звязаная з палітыкай - гэта спосаб сувязі паміж пакаленнямі. Яе трэба паважаць, шанаваць, вывучаць яе ўплыў на беларускую культуру, гісторыю і «беларускі свет». Я не ўяўляю сабе незалежную Беларусь без беларускай мовы.

- У Расеі Аляксею Навальнаму ўдалося прыцягнуць моладзь да актыўнага ўдзелу ў палітыцы. Як ты думаеш, што трэба зрабіць, каб беларуская моладзь стала больш актыўнай?

- Навальны распавёў пра ідэі дэмакратыі і свабоды на мове маладых людзей. Ён выкарыстоўвае Youtube, сацыяльны сеткі, моладзевы слэнг. Дарэчы, у беларускай мове не сфармаваўся моладзевы слэнг. Гэта таксама з'яўляецца адной з праблем пры пераходзе моладзі на беларускую мову.

Думаю, каб зацікавіць моладзь палітыкай, трэба даносіць да іх інфармацыю на зразумелай ім мове і ў сацыяльных сетках. «Фэйсбук», «Вконтакте», «Інстаграм» і Youtube. Паводле статыстыкі моладзь большую частку часу бавіць менавіта ў гэтых сацыяльных сетках. Трэба старацца праз гэтых «апосталаў» сучаснага інтэрнэту даводзіць да моладзі свой пункт гледжання.

Можна гэта рабіць ненадакучліва, распавядаючы пра культуру і гісторыю, куды рухацца далей вызначаць ужо яны. Дарэчы, старэйшае пакаленне таксама трэба навучаць і прыцягваць да вострасацыяльных тэм. Шчыра дзякую крамам, якія арыентаваны на нацыянальныя сімвалы. Дзякуючы ім беларуская мова, культура і гісторыя выходзяць на новы ўзровень.

Даслоўна ўчора ішоў па горадзе і на кожным трэцім былі футболкі «Беларусь - край дужых». Мне стала вельмі прыемна. А калі ў чалавека абуджаецца інтарэс - то гэта «не разбiць, не спынiць, не стрымаць».

- Ты, дарэчы, быў вельмі актыўны падчас падзей у Курапатах.

- Так, гэта проста жудасна. У мяне дагэтуль у галаве не ўкладаецца, як такое магло адбыцца.

- Ці адчуў ты ціск у школе і з боку міліцыі пасля пачатку тваёй грамадскай дзейнасці?

- Калі казаць пра школу - то сацыяльны педагог праводзіў са мной гутаркі. Калі разабрацца - то так, ціск ёсць. Мне шмат разоў казалі, што я нікуды не паступлю і выкарыстоўвалі розныя бескарысныя запалохванні, якія так ўласцівыя супрацоўнікам дзяржаўных устаноў. Калі казаць пра міліцыянтаў, то мне няма нават шаснаццаці гадоў і ўсе пратаколы складалі на майго бацьку.

- Ці паўплывала гэта на тваю смеласць?

- Абсалютна ніяк. Я толькі моцна расчараваўся ў нашых органах «бяспекі».

- Што ты зычыш сваім аднагодкам?

- Па-першае - наладзіць кантакты з бацькамі. Калі табе менш за шаснаццаць гадоў, то вельмі многае залежыць ад бацькоў. Па-другое, не трэба запускаць вучобу. Бо ціск у школе таксама будзе, будуць чапіцца ў школьных дысцыплінах. Ад гэтага трэба адштурхоўвацца. Трэцяе - усім нам трэба трымацца і не сумаваць. Калі вы вернікі - маліцеся, верце ў свае сілы. Таксама звяртайцеся да грамадскасці па маральную падтрымку. У розных сацыяльных сетках ёсць шмат аднадумцаў, якія могуць падтрымаць і маральна, і духоўна. Вось мае пажаданні.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:

Cпасылка:

https://www.paypal.com/cgi-bin/webscr?cmd=_s-xclick&hosted_button_id=WPS4NY975YGSS&source=url


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com