26 красавiка 2024, Пятніца, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму з тэрыторыі завода ў Берасці ў начны час нелегальна вывозіцца прадукцыя?

19
Чаму з тэрыторыі завода ў Берасці ў начны час нелегальна вывозіцца прадукцыя?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Змагары з акумулятарным заводам вядуць кругласутачную вахту.

Сёння ўначы пад Драгічынам праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем была спыненая фура, якая раней выехала з тэрыторыі завода.

Сайт Charter97.org звязаўся з удзельніцай падзей, актывісткай ініцыятыўнай групы ў барацьбе з акумулятарным заводам пад Берасцем Марыяй Галалюк:

- Каля завода мы вядзём кругласутачную вахту. Калі раней дзяжурствы былі пагадзіннымі, то пасля таго, як мы ўбачылі, што завод падае прыкметы працы, яны сталі кругласутачнымі. Мы вядзём назіранне за тым, што і як адбываецца: шумы, праца, хто прыязджае-з'язджае з заводу.

Учора, а 22.30 я выехала з дому ў бок акумулятарнага завода на дзяжурства, якое пачыналася а 23 гадзіне. Актывісты, якія дзяжурылі да мяне, сказалі, што на акумулятарны завод прыехаў кіроўца дзесьці а 22.50. Ён пакінуў уласны транспарт, сеў выграваць фуру і а 23.30 выехаў з тэрыторыі завода.

Я і некалькі актывістаў паехалі за ім. Мы ўсе былі ашаломленыя! Пусканаладачныя працы нібыта ідуць з 8 раніцы да 8 вечара і, у прынцыпе, ніякіх дзеянняў на заводзе адбывацца не павінна.

Варта сказаць, што гэтыя фуры стаялі на тэрыторыі завода і хоць нічога ўбачыць мы не змаглі, у нас былі падазрэнні, што на днях у іх загрузілі прадукцыю.

Увогуле, фура ад'ехала ў кірунку Пінска. За ёй паехалі мы, актывісты, на трох аўтамабілях. Праязджаючы населеныя пункты, перыядычна выклікалі міліцыю і пад Драгічынам пад'ехала патрульная служба з оперупаўнаважаным і спыніла аўто. Дагэтуль мы таксама паспелі пад'ехаць. У кіроўцы проста на трасе праверылі ўсе дакументы, у яго былі і таварна-транспартныя накладныя. Пасля міліцыянты сказалі, што для фіксацыі і поўнай праверкі грузу, які знаходзіцца ўнутры, трэба праехаць у больш светлае месца. Паехалі на запраўку. Мы ўслед за імі. Спыніліся, адкрылі фуру і ўбачылі, што ўнутры знаходзяцца гатовыя акумулятары. Адзначу, што на іх не было апазнавальных налепак. У таварна-транспартных накладных было напісана, што груз транспартуюць з Берасця ў Пінск.

Усе акумулятары былі запакаваныя і на іх напісалі, што прадукцыя цалкам гатовая да адгрузкі і абклейвання.

Увогуле, міліцыянты правялі агляд, праверылі накладныя і на гэтым іх паўнамоцтвы скончыліся. Далей справай павінны былі б займацца іншыя службы. Машыну адпусцілі і яна паехала на Пінск.

- Што вы думаеце рабіць далей, у сувязі з доказамі працы завода?

- Цяпер наша ініцыятыўная група разбітая на вочкі, дзе кожны займаецца сваёй справай. Ва ўсе вышэйшыя структуры ўжо былі званкі. Больш за тое, у нас ёсць інфармацыя, што яшчэ адна машына сёння выехала ў кірунку Пінска. У гэты момант яна ўжо ў горадзе. Ініцыятыўная група таксама выклікала міліцыю і суправаджала фуру да Пінска.

Хачу адзначыць, што мы не маем намеру здавацца. Мы ў шоку, што з тэрыторыі завода ў начны час вывозіцца гатовая прадукцыя. Гэта зусім не вяжацца з нібыта пусканаладачнымі работамі, якія вядуцца на заводзе.

Мы будзем прадаўжаць працаваць, дзяжурыць, паведамляць аб кожным кроку на заводзе, увесь час фіксаваць парушэнні.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках