Фотафакт: Сотні менчукоў становяцца ў чаргу дзеля квецені бэзу
8- 19.05.2019, 18:45
- 20,462
Бэзавая алея Батанічнага саду НАН Беларусі ў гэтыя выходныя неймаверна папулярная.
І ў суботу, і ў нядзелю ля ўваходу - вялізныя чэргі, піша kp.by.
- Прабачце, гэта што, чарга ў Батанічны сад? - здзіўлена перапытваюць ў хвасце чаргі ахвотныя паглядзець на квецень бэзу ў садзе.
- Мы стаім ужо 26 хвілін, наперадзе яшчэ 10 чалавек, штосьці я ўжо не ўпэўненая, што хачу глядзець на бэз, - смяюцца дзяўчаты, якія стаяць у першай трэці чаргі - ззаду яшчэ натоўп людзей.
- Да мяне ў госці не можаце зайсці, а на кветкі прыйшлі глядзець. У вас ёсць час столькі стаяць? А потым будзе ля кожнага куста па 50 чалавек стаяць, фатаграфавацца, - абураецца мужчына, убачыўшы знаёмых.
- Колькі каштуе - 8 рублёў? Мне здаецца, яно таго не варта, пойдзем лепш марозіва купім, - разварочваецца з парка маладая пара.
Са слоў ахоўніка на ўваходзе, толькі ў нядзелю, 19 траўня, праз яго прайшло не менш як 4 тысячы чалавек.