26 красавiка 2024, Пятніца, 13:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП: Закрыцца і з'ехаць

12
ІП: Закрыцца і з'ехаць
Фота: bymedia

У якім стане знаходзіцца бізнэс у Беларусі?

Амаль палова індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць у раздробным гандлі, плануе закрыць свой бізнэс і пакінуць краіну, прычым 20% - ужо ў гэтым годзе, піша «Белорусы и рынок».

Пра гэта 13 траўня на прэзентацыі даследавання «Найлепшы рэгіён Беларусі для вядзення бізнэсу індывідуальнымі прадпрымальнікамі» распавёў кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Аб'яднанне падае звесткі даследавання ў 2018 годзе. У ім узялі ўдзел 924 індывідуальныя прадпрымальнікі, занятыя ў раздробным гандлі, з пяцідзесяці гарадоў.

«Удумайцеся ў ланцужок узаемазвязаных адказаў: 46% плануюць закрыць бізнэс, 40% - з'ехаць з краіны, 92% мяркуюць, што ІП раздробнага гандлю знішчаюцца як клас. У 84% ІП застаецца надзея на сустрэчу з Лукашэнкам», - сказаў Анатоль Шумчанка.

Паводле вынікаў даследавання, прадпрымальніцкі сектар не папаўняецца моладдзю. Дзель прадпрымальнікаў старэйшых за 45 гадоў - 58%. Усяго 1% апытаных - гэта ІП ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў.

«Гэта сведчыць пра непрывабнасць і адсутнасць належных умоў для гэтага сектара эканомікі. Іншымі словамі, няма дурных: прыйсці, укласці грошы, заплаціць столькі падаткаў, яшчэ і знаходзіцца пад прэсам праверак. Сітуацыя не змяняецца цягам дзесяці гадоў», - перажывае спікер.

У ІП жаночы твар, канстатаваў кіраўнік РГА «Перспектыва»: 70% індывідуальных прадпрымальнікаў - жанчыны. Для параўнання: у 2011 годзе ў раздробным гандлі было занята прыкладна аднолькавая колькасць мужчын і жанчын.

«Можна зрабіць выснову аб тым, што гэты бізнэс становіцца складаным, ужо не прыносіць такіх даходаў і мужчыны сыходзяць з яго для таго, каб знайсці больш высокааплатную працу», - мяркуе Анатоль Шумчанка.

Як і раней, узровень адукацыі ІП істотна вышэйшы, чым у сярэднім у Беларусі. Вышэйшую адукацыю маюць 49% апытаных, тады як у сярэднім у краіне гэты паказчык складае 19%, што пацвярджае вялікі нерэалізаваны патэнцыял гэтага пласта насельніцтва, падкрэсліў спікер.

«У адказах на пытанне, якое ў нашым даследаванні вызначае аснову для міжнародных параўнанняў, нязменна высокую ролю адыгрывае вымушаны матыў занятку бізнэсам, што сведчыць пра нізкі ўзровень развіцця эканомікі», - сказаў кіраўнік РГА «Перспектыва».

Для 45% прадпрымальнікаў адкрыццё ўласнай справы стала вымушанай пастановай, 26% зрабілі гэта са свайго жадання. Для астатніх вызначальнымі былі абодва матывы.

Нягледзячы на амаль двухразовы ў параўнанні з 2017 годам рост закрэдытаванасці ІП, для 88% рэспандэнтаў асноўнай крыніцай фінансавання з'яўляюцца сродкі сваякоў і знаёмых. У 2017-м толькі 5% апытаных адзначылі, што карыстаюцца сродкамі банкаў, у 2018-м - 9%. Субсідыямі ўрада карыстаецца толькі вельмі нязначная частка ІП - 3%.

«У той жа час дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў буйныя прадпрыемствы, але гэта часцяком малаэфектыўна, мяркуючы з узроўню эканомікі сёння. А потым кажуць, што мы не развіваем вытворчасць. Але, каб атрымаць вынік, трэба нешта ўкласці», - сказаў спікер.

Традыцыйная геаграфія крыніц набыцця тавараў застаецца за краінамі СНД. Гэта ў асноўным Расея (58%). ІП сталі часцей набываць для рэалізацыі айчынную прадукцыю (24%), у 2014 годзе гэты паказчык быў амаль удвая менш. Аднак гэтая тэндэнцыя можа перапыніцца, мяркуе Анатоль Шумчанка, бо ў прадпрымальнікаў усё адно ўзнікаюць праблемы з кантрольнымі органамі, звязаныя з дакументамі.

Аб працягу бізнэсу ў сферы вытворчасці і іншых галінах акрамя раздробнага гандлю думаюць толькі 22% прадпрымальнікаў. У 2010 годзе гэты паказчык складаў 58%.

Падчас апытання 43% ІП заявілі, што практычна нічога не зарабляюць, 45% канстатавалі зніжэнне даходаў. Павялічваецца дзель прадпрымальнікаў, якія ацэньваюць свой рэгіён як непрыдатны для занятку бізнэсам.

Толькі 4% ІП адзначылі станоўчы ўплыў дзейнасці дзяржорганаў на малы бізнэс. Супрацьлеглага пункту гледжання пільнуюцца 53% рэспандэнтаў.

«Можна канстатаваць пазітыўны момант у зніжэнні колькасці праверак сярод ІП. Гэта выяўляецца ў тым, што 39% адзначылі зніжэнне ўзроўню праверак», - сказаў Анатоль Шумчанка.

Паводле вынікаў даследавання, найлепшым рэгіёнам для вядзення бізнэсу стала Менская вобласць. На другім месцы - Магілёўская, на трэцім - Берасцейская, на чацвёртым - Гомельская. Пяцёрку замыкае Гарадзенская вобласць. Менск асталяваўся толькі на шостай пазіцыі, што дзіўна, бо тры гады запар ён уважаўся за найлепшы рэгіён для вядзення бізнэсу ў краіне. Самыя неспрыяльныя ўмовы для ІП, занятых у раздробным гандлі, склаліся ў Віцебскай вобласці.

У мінулым годзе найбольш высокі прырост раздробнага тавараабарачэння назіраўся ў Магілёўскай вобласці - 20,7%. У Менску ён сышоў у мінус на 25,9%. Гэты паказчык стаў адмоўным і ў Гарадзенскай вобласці: зніжэнне склала 1,4%. Астатнія рэгіёны зафіксавалі прырост: Менская вобласць - на 0,7%, Берасцейская - на 2,5, Гомельская - на 5,2, Віцебская - на 9,1%.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках