26 чэрвеня 2019, Серада, 6:05
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

З Беларусі высылаюць яшчэ аднаго расейца

16
ФОТА: SVABODA.ORG

Уладзімір Траўтэр 26 гадоў пражыў у Беларусі.

УУС Гомельскага аблвыканкама адказала на скаргу жыхара Буда-Кашалёўскага раёна, грамадзяніна Расеі Уладзіміра Траўтэра. Абласная міліцыя не знайшла падстаў скасаваць пастанову аб высылцы, піша «Гомельская весна».

Расеец пражыў у Беларусі 26 гадоў. У Буда-Кашалёўскім раёне ён мае жыллё, сталую працу, жонку, сына і вялікую гаспадарку. Праз адміністрацыйнае правапарушэнне Уладзіміру пагражае высылка з забаронай уезду на тэрыторыю Беларусі цягам пяці гадоў.

У адказе за подпісам намесніка старшыні УУС Анатоля Васільева гаворыцца, што пры вынясенні пастановы Буда-Кашалёўскай міліцыяй былі ўзятыя пад увагу «як абставіны, якія характарызуюць асобу, так і той факт, што вы папярэджваліся аб неабходнасці выканання заканадаўства».

Міліцыя нагадала, што замежныя грамадзяне абавязаны выконваць законы Беларусі і «паважаць яе нацыянальныя традыцыі».

38-гадовы Уладзімір сцвярджае, што яму няма куды ехаць у Расеі. Ён жыве ў Беларусі з 1993 года. Уладзімір ажаніўся на беларусцы Марыі. Цяпер іх сыну 17 гадоў. У суседняй вёсцы жывуць старая хворая маці Уладзіміра і ягоны айчым.

Траўтэры зрабілі ў сваім доме рамонт, трымаюць свіней і курэй, апрацоўваюць 70 сотак зямлі. Уладзімір 17 гадоў працуе жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы, ягоная жонка - прыбіральшчыцай у школе.

У лютым яго аштрафавалі і забралі пасведчанне за размову праз тэлефон за стырном і рэшткавы алкаголь.

Пасля гэтага Аддзел грамадзянства і міграцыі РАУС наважыў выслаць Траўтэра на пяць гадоў.

Цяпер Уладзімір збіраецца абскардзіць пастанову аб высылцы ў судзе.