20 лiстапада 2019, Серада, 6:00
Дзень другі
Рубрыкі

Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў у Менску прывялі ў выкананне яшчэ адзін смяротны прысуд

Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў у Менску прывялі ў выкананне яшчэ адзін смяротны прысуд
АЛЯКСАНДР ЖЫЛЬНІКАЎ І ВЯЧАСЛАЎ СУХАРКО Ў ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ

Расстраляны Аляксандр Жыльнікаў.

Прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Жыльнікава. Пра гэта каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэю Палуду паведамілі сваякі асуджанага, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Пакуль што лёс другога фігуранта справы - Вячаслава Сухарко - невядомы. Але, як паказвае практыка, прысуды адначасова прыводзяцца ў выкананне ў дачыненні да ўсіх асуджаных да вышэйшай меры паводле адной справы.

30 траўня адвакат была на спатканні з Аляксандрам Жыльнікавым, дзе яны складалі скаргу ў Генеральную пракуратуру на разгляд справы паводле новых выяўленых абставін. Сёння, 13 чэрвеня, адвакат адправілася ў СІЗА №1, каб працягнуць працу са скаргай, аднак, там ёй сказалі, што Аляксандр Жыльнікаў «з'ехаў паводле прысуду». Адвакат удакладніла, ці азначае гэта, што ён расстраляны? На што атрымала пацвярджэнне гэтай інфармацыі. Афіцыйнае паведамленне пра выкананне прысуду будзе накіраванае сваякам з Менскага гарадскога суда паводле працэдуры.

Акрамя гэтага ў Камітэце правоў чалавека ААН на разглядзе знаходзіцца індывідуальны зварот Аляксандра Жыльнікава, які быў зарэгістравана 24 снежня 2018 года пад нумарам 3082/2018.

Камітэт звяртаўся да ўладаў Беларусі з просьбай аб прыняцці часовых захадаў і не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту асуджанага Камітэтам.

- Мяне вельмі абурае такі падыход. З аднаго боку, Беларусь хоча быць бліжэй да Еўропы, называецца еўрапейскай краінай, праводзіць II Еўрапейскія гульні, а з другога боку, не падзяляе каштоўнасці правоў чалавека і застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе расстрэльваюць людзей, - падкрэсліў Андрэй Палуда.

Нагадаем, у снежні 2015 года ў Менску адбылася трагедыя - у сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец і ягоная дзяўчына. Былая сяброўка маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і надумала правучыць суперніцу. Выканаўцы (Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў) перастараліся - адбылося забойства выбранніцы хлопца і яго самога. А адразу пасля затрымання стала вядома, што мужчыны таксама датычныя да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваім доме аднаму з іх.

29 траўня ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Аляксандра Жыльнікава. Спачатку мужчына атрымаў пажыццёвы тэрмін, але пасля паўторнага разгляду справы Менскім гарадскім судом прысуд быў заменены на смяротнае пакаранне. Аднак і апошняя інстанцыя на нацыянальным узроўні пакінула прысуд без змен, а скаргу асуджанага без задавальнення. Пасля гэтага Аляксандр Жыльнікаў з дапамогай праваабаронцаў накіраваў індывідуальны зварот у КПЧ ААН.

Amnesty International выступіла з заклікам да людзей з усяго свету напісаць беларускім уладам, каб спыніць расстрэлы Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарко, абвясціць мараторый на выкананне смяротных прысудаў і замяніць усе смяротныя прысуды пазбаўленнем волі.