26 красавiка 2024, Пятніца, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ford сыходзіць з Расеі

14
Ford сыходзіць з Расеі

Пастанову аб скарачэнні вытворчасці за мяжой кіраўніцтва Ford прыняло ў студзені 2019 года.

Аўтамабільны гігант Ford сыходзіць з Расеі: кампанія згортвае вытворчасць легкавых аўтамабіляў у краіне, завод Ford Sollers у Ленінградскай вобласці рыхтуюць да продажу. Яго супрацоўнікі застаюцца толькі з кампенсацыяй, у разы меншай, чым у іншых краінах, дзе працуе Ford. Яны ўжо ладзілі пікеты і кажуць, што гатовыя да пратэстнага мітынгу і нават галадоўкі, паведамляе «Настоящее время».

Ford Mondeo пад «Развітанне славянкі»

Асноўныя звальненні на заводзе Ford Sollers у Ленінградскай вобласці запланаваны на 26 чэрвеня - працу страцяць блізу тысячы чалавек. Прадпрыемства існавала 17 гадоў. Некаторыя яго супрацоўнікі працавалі тут з самага пачатку.

На піку попыту завод выпускаў больш за 120 тысяч аўтамабіляў на год, але апошнім часам працаваў не на поўную магутнасць - упаў продаж. Паспяховая ў мінулым вытворчасць не вытрымала канкурэнцыі, а таксама падзення рубля, росту коштаў металу і зніжэння пакупніцкай здольнасці расейцаў.

Нядаўна тут сабралі апошні Ford Mondeo. З цэха мадэль з'язджала пад «Развітанне славянкі».

Масавыя звальненні на заводах Ford цяпер ідуць і ў іншых краінах, у тым ліку ў Амерыцы. Аўтагігант скарачае сем тысяч працоўных месцаў. Пасля закрыцця завода ў Ленінградскай вобласці Ford цалкам спыніць вытворчасць легкавых аўтамабіляў у Расеі, але абяцае не сыходзіць з краіны зусім. Кампанія плануе сканцэнтравацца на выпуску лёгкага камерцыйнага транспарту, праўда, у іншым рэгіёне - у Татарстане.

Ад 5 да 12 акладаў кампенсацыі - замест 24

Супрацоўнікам Ford Sollers прапанаваў грашовыя кампенсацыі па праграме добраахвотнага звальнення - ад 5 да 12 акладаў у залежнасці ад стажу працы ў кампаніі. Але прафсаюзныя лідары высветлілі, што ў іншых краінах рабочыя, якія трапілі пад скарачэнне, атрымліваюць ад кампаніі 24 аклады - як мінімум удвая больш, чым іх расейскія калегі. Такую розніцу ў аплаце рабочыя завода пад Пецярбургам уважаюць за дыскрымінацыю.

«Давайце вы нам 24 аклады кампенсуеце! Тое, што напраўду яны робяць ва ўсім свеце - тая ж самая Румынія, Нямеччына, прыкладна такая ж схема», - абураецца рабочы заводу Уладзімір Лёсік.

Прадстаўнік кампаніі Ford Sollers спаслаўся на дзейны ў Расеі кодэкс законаў аб працы. У адпаведнасці з ім, кампенсацыя для звольненых праз скарачэнні работнікаў яшчэ меншая: яна складае ад аднаго да трох сярэднямесячных заробкаў. Першыя два плаціць працадаўца, трэці - біржа працы.

«Умовы кампенсацыі фармуюцца ў адпаведнасці з мясцовым працоўным заканадаўствам і дзейнай працоўнай дамовай. Умовы адрозніваюцца ад краіны да краіны. Кампанія прапануе ўмовы кампенсацыі, якія перавышаюць устаноўлены заканадаўствам Расейскай Федэрацыі ўзровень», - пракаментавала Кацярына Камарова, мэнэджар у сувязях з грамадскасцю Ford Sollers.

Большасць супрацоўнікаў згодныя на меншую, але гарантаваную кампенсацыю пры скарачэнні. Аднак 32 чальцы прафзвязу наважыліся на адкрыты пратэст. Яны адмовіліся браць удзел у добраахвотнай праграме звальнення і ў выніку прапанаваную першапачаткова кампенсацыю ад Ford - да 12 акладаў - ужо не атрымаюць. У роспачы рабочыя кажуць, што свядома пайшлі на прынцып.

Паводле звестак Bloomberg, пастанову аб скарачэнні вытворчасці за мяжой кіраўніцтва Ford прыняло ў студзені 2019 года ў рамках агульнай праграмы рэструктурызацыі бізнэсу. Акрамя Расеі, будзе зачынены таксама завод у Францыі, дзе робяць рухавікі, а таксама скарочаны персанал на фабрыках у Нямеччыне і Вялікай Брытаніі.

Паводле некаторых звестак, цікавасць да куплі магутнасцяў Ford у Расеі выяўляў канцэрн Volkswagen, але афіцыйна гэта не пацверджанае.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках