26 красавiка 2024, Пятніца, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: «Прысвячаецца беларускай моладзі»

Станіслаў Шушкевіч: «Прысвячаецца беларускай моладзі»
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі распавёў пра сваю кнігу.

На мінулым тыдні першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч прэзентаваў сваю кнігу - «Маё жыццё, катастрофа і ўваскрашэнне СССР. Праз 25 гадоў». Кніга выдадзеная ва Украіне. Беларускія выдавецтвы друкаваць кнігу Шушкевіча не наважыліся, а дзяржаўныя кніжныя крамы прадаваць яе адмовіліся.

Успаміны дапоўненыя фатаграфіямі, у тым ліку тымі, якія рабіў сам Станіслаў Шушкевіч з 1946 года. На 500 старонках размешчаныя 300 унікальных фатаграфій. На тытульным лісце надпіс: «Прысвячаецца тым, каму наканавана вярнуць Беларусь у Еўропу, - беларускай моладзі». Станіслаў Шушкевіч упэўнены, што «толькі маладыя сілы здолеюць развязаць большасць нашых складаных пытанняў».

Выбітны сучаснік падзяліўся з чытачамі «БелГазеты» рэдкімі фотаздымкамі, якія ўвайшлі ў кнігу, а таксама ўспамінамі пра важныя гістарычныя падзеі.

ЧЭРВЕНЬ 1941-ГА. ПАЧАТАК ВАЙНЫ

- Гэты летні месяц мне запомніўся на ўсё жыццё. За добрыя паводзіны і паслухмянасць цягам цэлага тыдня, якія даліся мне вельмі няпроста, бабуля абяцала звадзіць мяне ў нядзелю, 22 чэрвеня, у парк імя Горкага. Туды я і сам мог бы схадзіць, ісці ж усяго крыху больш за кіламетр - не адлегласць тым часам для мяне і маіх аднагодкаў у шчасным Менску. Бо мне ўжо шэсць з паловай! Але з бабуляй цікавей: набыць квіток на каруселі, карамельнага пеўніка на палачцы, а калі наогул не парушу яе строгіх прадпісанняў, то і марозіва, хоць абавязкова патлумачыць, што прадукт гэты вельмі дарагі, шкодны, і калі яго есці так, як я ем усё астатняе - хутка-хутка, то і застудзіцца можна і голас страціць. Тое, што раніцай абвясцілі па радыё аб пачатку вайны, - дробязь, вайна да Менска не дойдзе. Так думаюць і мама, і бабуля. «Краіна моцная і танкі нашы хуткія, і нашы людзі поўныя адвагі...» не дапусцяць! Таму ідзем у парк.

...Праз два дні фашысцкія бамбавікі падпалілі цэнтр горада, і вецер гнаў агонь у бок Камароўкі. Трэба было сыходзіць ад надыходзячых захопнікаў, і мы - мама, бабуля, сястра і я - пайшлі Барысаўскім трактам на ўсход, захапіўшы з сабой усё, што маглі несці. Бабуля вяла на павадку казу. Ішлі два дні, ноч правялі на адрыне ў нейкай вёсцы. Да канца другога дня давялося павярнуць назад, бо насустрач нам рухалася маса такіх жа небарак, як і мы. Нямецкі дэсант высадзіўся наперадзе і перарэзаў дарогу...на шосты дзень вайны, 28 чэрвеня, немцы ўвайшлі ў Менск.

Наўрад ці калі-небудзь я змагу забыць першыя дні фашысцкай акупацыі, павешаных маладых дзяўчат і хлопцаў з таблічкамі на грудзях «яны стралялі па нямецкіх жаўнерах». Нельга забыць калоны галодных, змучаных палонных чырвонаармейцаў; не забыцца і пра выбух у вагоне трамвая «Толькі для немцаў», які не прынёс нікому ніякай шкоды, пасля якога фашысты тут жа захапілі і навідавоку ва ўсіх расстралялі 50 ні ў чым не вінаватых выпадковых мінакоў. Пасля нейкай партызанскай акцыі ў Менску фашысты схапілі і маю маці, але найгоршае з ёй не адбылося. Яе змясцілі ў канцэнтрацыйны лагер на вуліцы Шырокай. Вайна - гэта жах і на фронце, і ў тыле, і на акупаваных землях.

СНЕЖАНЬ 1991-ГА. РАЗВАЛ СССР

- Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў не стамляецца паўтараць, што яму - прэзідэнту СССР - аб Белавежскім пагадненні паведамілі пазней, чым прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі Джорджу Бушу. Гэта няпраўда. Я патэлефанаваў яму першаму, як мы ўтрох - Ельцын, Краўчук і я - дамовіліся. Патэлефанаваў значна раней, чым Ельцын Бушу праз «тройку» - тэлефон, які знаходзіўся ў яго пад рукой. Але спачатку слухаўку зняў не ён, а нехта іншы. Пачаў пытацца, хто тэлефануе, адкуль. Я прадставіўся. Рушыў услед адказ: перадаю слухаўку прэзідэнту. Гарбачоў важнічаў, трымаў паўзу. Потым узяў слухаўку. Я стаў яму дэталёва тлумачыць сутнасць падрыхтаванага для падпісання дакумента і вельмі здзівіўся, што ён звяртаецца да мяне на «вы». Да гэтага было толькі «ты». Бачачы, што я размаўляю праз тэлефон, і, натуральна, не прыслухоўваючыся да маёй размовы, Ельцын пачаў тэлефанаваць Бушу. А я размаўляў яшчэ толькі з памочнікам. Ельцына злучылі адразу ж. Перакладаў размову Андрэй Козыраў, перакладаў голасна, гучна, прыклаўшы да вуха слухаўку паралельнага з ельцынскім апарата.

У снежні 1991 года гэты здымак з'явіўся ў сотнях газет і часопісаў свету. Не выключаю, што з гэтай прычыны атрымала шырокі распаўсюд недакладнае меркаванне аб тым, што пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў падпісалі ў Віскулях тры чалавекі на здымку: Барыс Ельцын, Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук (справа налева). У рэчаіснасці пад пагадненнем стаяць таксама подпісы дзяржсакратара РФ Генадзя Бурбуліса, прэм'ера Украіны Вітольда Фокіна і прэм'ера Беларусі Вячаслава Кебіча. Мы ж утрох падпісалі тады кароткую заяву (на палову старонкі) аб сутнасці Пагаднення аб стварэнні СНД.

Буш зарыентаваўся імгненна. Міхаіл Сяргеевіч, як у яго было прынята, пачаў ментарскім тонам мяне павучаць і сказаў, расцягваючы словы, прыкладна наступнае: «А ці не задумаліся вы над тым, як успрыме вашы дзеі міжнародная грамадскасць?» - «Паважаны Міхаіл Сяргеевіч, у гэтым дачыненні ўсё ў парадку. Вось Барыс Мікалаевіч дамаўляецца аб будучым падпісанні з Бушам, і той нармальна на ўсё рэагуе». Далей у слухаўцы было маўчанне да сігналу «адбой». Блізу 16 гадзін пагадненне было падпісанае ва ўрачыстай абстаноўцы перад журналістамі і тэлекамерамі. Падпісанне Белавежскага пагаднення я ўважаю за другую ў значнасці важную падзею і для Беларусі, і ў маім жыцці. Дзясяткі разоў тыя, хто мяне за подпіс пад ім папракалі, яго не чыталі і не ведалі, але па інэрцыі, як было прынята ў Савецкім Саюзе, папракалі. А папракаць няма за што. Дакумент прызнаны сур'ёзнымі аналітыкамі «шэдэўрам легітымнай дыпламатыі канца другога тысячагоддзя».

У 1993 годзе вядомы амерыканскі пісьменнік Норман Майлер (у цэнтры) праз амбасадара ЗША папрасіў мяне яго прыняць. У свайго дарадцы Сяргея Панькоўскага (першы злева), я даведаўся, што на расейскую перакладзеная толькі кніга Майлера аб карэйскай вайне «Аголеныя і мёртвыя». Не жадаючы выглядаць неадукаваным, за ноч я гэтую кнігу прачытаў. Падумаў, што аўтар напэўна ведае сусветна вядомых В. Быкава і К. Сіманава, спытаў, як ён да іх ставіцца. Выявілася, што ён ні пра іх, ні пра іх творчасць нічога не ведае. Майлер змог азнаёміцца ў КДБ РБ з асабістай справай Лі Харві Освальда, папрасіў мяне адказаць на шэраг пытанняў і неўзабаве выдаў кніжку Oswald's Tale - чарговы мастацкі твор аб Освальдзе. Мне, напрыклад, прыпісанае ў гэтай кніжцы тое, чаго я яму ніколі не казаў. Але «Освальдыяда» прадаўжаецца, і многія цытуюць Майлера, бо ўважаюць яго Oswald's Tale за гістарычную праўду.

ЛІ ХАРВІ ОСВАЛЬД. ХТО ЗАБІЎ КЭНАДЗІ?

- Чаго толькі не напісалі пра мяне аматары сенсацый! Найбольш распаўсюджаная легенда, якую і цяпер часам сёй-той успамінае, палягае ў наступным. Шушкевіч - сексот. На заданне КДБ ён пакінуў працу ў Акадэміі навук, дзе ўжо настукаў на ўсіх, на каго трэба. Яго адмыслова ўладкавалі на радыёзавод, каб зрабіць з амерыканскага дэзерціра, які ўцёк у СССР, агента КДБ, гатовага да выканання ўсякага задання савецкіх спецслужбаў.

Кастрычнік 2011 года. У швэдскім Гётэбаргу з дэпутатам Еўрапарламента ад Літвы прафесарам Ландсбергісам, куды нас запрасілі на форум з нагоды 20 годдзя распаду СССР, мы ўспомнілі пацешны выпадак у Віскулях дзевятнаццацігадовай даўнасці. У ліпені 1992 года на просьбу старшыні Сейма Літвы Вітаўтаса Ландсбергіса мы выбралі месцам перамоваў Віскулі і селі за стол, за якім было падпісанае Пагадненне аб стварэнні СНД. Усведамляючы, што вакол пушча, нашы ахоўнікі гулялі ў суседняй зале ў більярд. Я папрасіў іх нагледзець за маім сямігадовым сынам, бо жонка ў гэты час знаёміла спадарыню Гражыну Ландсбергіс з рэзідэнцыяй. Дзверы більярднай былі зачыненыя, ключ тырчаў у дзвярах. Сын спрабаваў выбегчы ў хол, але яго адразу ж вярнулі. Правільна ацаніўшы сітуацыю, мой Стас дастаў з замка ключ і замкнуў ім дзверы звонку. Прафесіяналам спецслужбаў Літвы і Беларусі, якія апынуліся ў ізаляцыі ад аховы, давялося выбірацца праз фортку і доўга шукаць вінаватага свайго зняволення на прасторах былой рэзідэнцыі ЦК КПСС.

У рэчаіснасці ўсё было зусім не так. Што я магу сказаць аб «нашым вучні» Лі Харві Освальдзе доказна? Нічога! Адзінае, магу сцвярджаць, што ён не мой і не Сашаў, а наш з Сашам Рубенчыкам вучань. Мы павінны былі працаваць з ім толькі разам. Нам з Аляксандрам Рубенчыкам было катэгарычна забаронена пытацца, хто ён, адкуль, дзе рос, вучыўся, як трапіў у Менск. Сам Освальд не вельмі распаўсюджваўся аб сабе, аб тым, дзе і кім быў. Тэмы заняткаў таксама не падахвочвалі гаварыць адкрыта: надвор'е, горад, краіна, цэх, завод, спорт, крама, базар, тэатр, кіно і т. п. Але дзясятак урокаў стасункаў усё ж фармуе аб чалавеку нейкае ўражанне. Больш за тое, я ледзь-ледзь ведаў яго і па цэху, дзе ён лічыўся слесарам. Больш за ўсё баяўся, каб ягоны куратар - сапраўдны слесар - прафесіянал, як і большасць рабочых у эксперыментальным цэху - не даручыў яму рабіць дэталі на маю замову. Сапсуе. Дык вось усё гэта не дазваляе мне паверыць высновам камісіі на чале са старшынём Вярхоўнага суда ЗША Эрлам Уорэнам. Камісія цягам дзесяці месяцаў расследавала злачынства і прыйшла да высновы, што адзіночка Лі Харві Освальд задумаў і стрэлам з вінтоўкі смяротна параніў 22 лістапада 1963 года прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джона Кэнадзі, калі той разам са сваёй жонкай Жаклін ехаў у картэжы па Элм-стрыт у Даласе. Я не самотны, больш за 70% амерыканцаў не верыць у афіцыйную версію забойства. Пабываўшы ў 2008 годзе ў Даласе на месцы злачынства, я, як і большасць амерыканцаў, адпрэчваю афіцыйную версію.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках