26 красавiка 2024, Пятніца, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларус зарабляў на зборы чарніц у Фінляндыі

19
Як беларус зарабляў на зборы чарніц у Фінляндыі

У Інтэрнэце за такую працу абяцаюць мінімум 1,5 тысячы еўраў на месяц.

Чытач «Салiдарнасцi» Зміцер Кандзіранда мінулым летам з'ездзіў на заробкі ў Фінляндыю:

- Калі збіраў інфармацыю ў інтэрнэце, даведаўся, што толькі лянівы не зарабляе на зборы лясных ягад 1,5 тысячы еўраў. Максімум можна зарабіць да 2,5 тысяч еўраў.

Дзмітрый, які загарэлася ідэяй зарабіць, прагледзеў дзясяткі сайтаў і зразумеў, што знайсці працу па зборы лясных ягад без пасярэдніка немагчыма.

- Спрабаваў пісаць лісты наўпрост самім фінам - усе яны засталіся без адказу.

Са слоў суразмоўцы, пасярэднікі дзеляцца на дзве катэгорыі: адны просяць пералічыць грошы дыстанцыйна і пасля аплаты паведамляюць адрас наймальніка, іншыя даюць адрас працадаўцы адразу і прапануюць па прыездзе аплаціць паслугі пасярэдніка.

Пасярэднікі просяць за свае паслугі 200-300 еўраў з чалавека. Дзмітрый дзейнічаў паводле другога сцэнару:

- Мы з маёй дзяўчынай Вольгай адкрылі турыстычныя візы і адправіліся ў Фінляндыю аўтаспынам.

Прыехаўшы на месца, маладзёны сустрэліся з пасярэднікам, аплацілі ягоныя паслугі. Той дапамог знайсці жыллё, арандаваць аўтамабіль і пазнаёміў са скупшчыкам ягад.

- Нас пасялілі ў пераробленай пад жыллё былой сельскай школе, дзе былі ўсе ўмовы для камфортнага жыцця: асобны пакой, кухня, туалет, душ, ванна, пральная машына. Мы выбралі варыянт без ложка, толькі з матрацам - 5 еўраў за дзень з кожнага. З ложкам было б даражэй - па 7,5 еўра. Калі б мы ехалі самастойна, жыллё абышлося б нашмат даражэй.

У школе былі трэнажорная зала, тэнісны стол, цір, лазня. Але на спорт у нас часу не ставала. Мы працавалі без выхадных. Калі ты ведаеш, што заўтра а 6-й раніцы ўздым, і табе зноў трэба шукаць добрую паляну чарніцы, жадання схадзіць на трэнажор не ўзнікае.

Вольга кажа, што адзінае, што даставіла нязручнасці - адсутнасць сталовых прыбораў.

- Давялося мяняць цыгарэту на лыжку ў хлопцаў, якія жывуць па суседстве, - успамінае яна. - Цыгарэты ў Фінляндыі на вагу золата. Пачак самых танных каштуе 6-7 еўраў. На глебе прагнасці мы кінулі паліць.

Кошты прадуктаў у Фінляндыі здзівілі беларусаў.

- Мы чакалі, што яны будуць вышэйшыя, - кажа Зміцер. - Прадукты высокай якасці, натуральныя і вельмі смачныя. Больш за ўсё мне спадабаўся ёгурт, які каштаваў усяго еўра за літр.

За гэтыя прадукты маладзёны аддалі 26 еўраў. У кошыку: бульба 0,69 € за кг; цыбуля 1,69 € за кг; мясныя шарыкі 0,85 € за 360 г; салата з буракоў 1,19 € за 400 г; салата з бульбы 1,19 за 400 г; ёгурт 0,99 € за літр; малако 0,98 € за літр; сасіскі 2,65 € за 900 г; кава 1,48 € за 500 г; хлеб 1,69 € за 535 г; масла сметанковае 2,79 € за 500 г; печыва 0,79 €; сцягно курынае 2,59 € за кг; яйка курынае 1,39 € за дзясятак.

Зміцер і Вольга працавалі ў кампаніі з трыма хлопцамі. Яны арандавалі аўтамабіль за 140 еўраў на месяц. Працоўны дзень пачынаўся а 7-8 раніцы.

Са слоў Дзімы, чарніцы збіралі камбайнамі. Пасля працы перабіралі ягады і адвозілі скупшчыку. Разлік выраблялі ў той жа дзень. За кіло чарніц плацілі па 4 еўры.

- Самым цяжкім у рабоце было знайсці добрую паляну, - успамінае Зміцер. - Калі ягад шмат, збіраецца хутка і лёгка, калі мала - моташна і доўга.

Прыемныя бонусы - гэта праца на свежым паветры. Кожны дзень мы купаліся ў лясных азёрах.

Дзмітрый прызнаецца: ніколі ў жыцці ён не збіраў столькі чарніц.

- Мой рэкорд - 24 літры за дзень. Глядзеў на ягады і думаў: няўжо гэта зрабіў я?

Фінская мара гастарбайтэра з Беларусі не спраўдзілася. Дзмітрый разлічваў зарабіць за месяц 1000 еўраў чыстымі. За вылікам усіх выдаткаў на жыллё, харчаванне і арэнду аўто засталося 550 еўраў. Вольга зарабіла 300 еўраў.

- Бачыў людзей, якія па 3-4 сезоны працуюць і атрымліваюць па 2-3 тысячы еўраў на месяц. Для пачаткоўца гэта нерэальная задача, - кажа Дзіма.

Пасля трох тыдняў працы ён зразумеў, як збіраць ягады хутка і правільна, і што трэба для таго, каб зарабіць больш.

- Мы знайшлі добрую паляну, і ўпяцёх вычысцілі яе за два дні. Калі б нас было двое, а не пяцёра, мы б там збіралі чарніцы два тыдні, і кожны дзень у нас быў бы добры заробак. Калі мы паедзем зноў, я ўжо ведаю, дзе знаходзіцца чарнічнік - рабіў пазнакі на мапе. Нам не давялося б столькі часу марнаваць на пошукі. Акрамя таго, пасярэдніку не трэба плаціць, калі прыязджаеш на новы сезон другім разам.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках