26 красавiка 2024, Пятніца, 9:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грошай не далі: У Лукашэнкі засталося ўсяго два варыянты

56
Грошай не далі: У Лукашэнкі засталося ўсяго два варыянты
КАРЫКАТУРА: ARU.TV

Эканаміст папярэдзіў пра «зацягванні паясоў».

Крэдытная пятля зацягваецца. Зрэшты, міністр фінансаў Максім Ермаловіч сцвярджае, што адкладзенае да развязання сітуацыі з беларуска-расейскай інтэграцыяй вылучэнне Масквой крэдыту на суму 600 мільёнаў даляраў не падкосіць плацежаздольнасць краіны. Менск знайшоў альтэрнатыўныя крыніцы – гэта будуць 500 мільёнаў даляраў ад Банка развіцця Кітая і запазычанні на ўнутраным рынку, піша «Заўтра тваёй краіны».

Заявы міністра грунтуюцца на наяўнасці золатавалютных рэзерваў краіны – блізу 8 мільярдаў даляраў, адзначае старэйшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб.

– Штогадовыя плацяжы складаюць блізу 3,5 мільярда даляраў. Тэарэтычна два гады можна нічога не займаць. Рэзерваў хапіла б, каб расплачвацца ў пазыках. Іншая справа, што тады рэзервы абнуліліся б, а гэта азначала б дэфолт.

З выплатай пазык сёлета не ўсё так проста, прызнае эксперт.

– Гісторыя з кітайскім крэдытам не да канца зразумелая. Максім Ермаловіч два разы да гэтай тэмы вяртаўся, але ні разу не сказаў, ці сапраўды гаворка ідзе пра незвязаны крэдыт, – адзначае эксперт.

Усе атрыманыя да гэтага моманту Беларуссю кітайскія крэдыты былі звязанымі. Гэта значыць вылучаныя грошы траціліся на інфраструктурныя праекты і ішлі на выплаты кітайскім падрадчыкам, супрацоўнікам або на закупку кітайскіх матэрыялаў.

– Звязаныя крэдыты – гэта не тыя грошы, якія можна пусціць на вяртанне пазык, – тлумачыць фінансавы аналітык.

Калі Кітай гатовы будзе даць крэдыт на патрэбных Менску ўмовах, то пытанне выплатаў у пазыках сёлета сапраўды развяжацца. Але ўжо ў 2020 годзе яно зноў будзе актуальным.

– У найбліжэйшыя гады Беларусі трэба штогод вяртаць блізу 3 мільярдаў даляраў. Прычым, як вынікае з апошніх заяваў Мінфіна, блізу 70% гэтых сумаў маюць патрэбу ў рэфінансаванні. Гэта значыць, што трэба штогод дзесьці перазаймаць прыкладна 2,5 мільярда даляраў, – кажа Вадзім Іосуб.

Унутраны рынак не можа стаць крыніцай такіх сумаў, на ім, паводе разлікаў эканаміста, можна прывабіць да паўмільярда даляраў. Дадаткова краіна магла б размесціць еўрааблігацыі або прывабіць крэдыты камерцыйных банкаў. Але паколькі гэта робіцца на рынкавых умовах, значыць, адсоткі ў іх могуць дасягаць 8%. Гэта дорага для Беларусі.

Ці можна зэканоміць на ўнутраных выдатках столькі, каб грошай хапіла на выплату вонкавых пазык?

– Пра аптымізацыю выдаткаў гаворка ідзе ўвесь час, але як аптымізаваць выдаткі на 2,5 мільярда даляраў пры ВУП парадку 60 мільярдаў даляраў? Гэта ж трэба эканоміць 4% ВУП, што нерэальна, – падкрэслівае эксперт.

У Менска застаецца ўсяго два варыянты. Першы – уладжваць пытанні з Расеяй, для чаго, верагодна, давядзецца ісці па шляху так званай больш цеснай інтэграцыі.

Другі варыянт – значна больш танны крэдыт Міжнароднага валютнага фонду. Паводле словаў эканаміста, яго можна было б атрымаць пад 3% і менш.

– У гэтым выпадку трэба згаджацца на глыбокія структурныя рэформы эканомікі, сацыяльнай палітыкі, ствараць спрыяльны інвестыцыйны клімат, што мае на ўвазе недатыкальнасць уласнасці, незалежны суд. Гэта значыць, трэба будзе наважыцца на рэформы, на якія апошнія 25 гадоў кіраўніцтва краіны ісці не хоча, – адзначае эканаміст.

Пры гэтым ён мяркуе няслушным ставіць знак роўнасці паміж названымі альтэрнатывамі. У першым выпадку Беларусі давядзецца прагнуцца перад «старэйшым братам», у другім – прайсці даўно наспелы для айчыннай эканомікі курс лекавання.

– Другі варыянт прадугледжвае правядзенне зусім нармальных разумных рэформаў, праз якія прайшлі шматлікія краіны, якія развіваюцца. Яны патрэбныя не МВФ, а нам – каб устойліва расці і развівацца, – кажа Вадзім Іосуб.

Атрымліваецца, што рэформы, ад якіх улады беглі і ў цяжкія, і ў «тлустыя» гады, калі эканоміка расла, нас усё ж дагналі. І гэта тая самая ідэя, якая дазволіць падтрымаць незалежнасць краіны.

Заявы ўладаў пра тое, што праводзіць рэформы можна толькі ў варунках эканамічнай стабільнасці, – гэта ўсяго толькі адгаворкі, мяркуе фінансавы аналітык. Для старту рэформаў, у першую чаргу, важная палітычная воля.

На думку Вадзіма Іосуба, па якім шляху ісці – у беларускіх падаткаплацельнікаў пытацца не стануць.

– Гэты выбар зробіць палітычнае кіраўніцтва краіны без аглядкі на меркаванне грамадства, – гаворыць эксперт. – А падзеі папярэдніх 25 гадоў кажуць пра тое, што кіраўнік дзяржавы шчыра не прымае тыя рэформы, якія патрэбныя для супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.

Эксперт мяркуе, што пакуль грошы можна марнаваць і пры адсутнасці крэдыту, прайсці выбарныя кампаніі і ўжо пасля іх задумвацца пра зацягванні паясоў.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках