Праціўнікі берасцейскага акумулятарнага завода звернуцца ў ААН
1- 3.06.2019, 21:10
- 10,045
Пасля шэрагу адмоў на правядзенне рэферэндуму берасцейцы наважылі звярнуцца ў міжнародныя структуры.
Жыхары Берасцейскага раёна запатрабавалі вынесці на мясцовы рэферэндум пытанне аб забароне ў раёне любой дзейнасці, звязанай з вытворчасцю свінцова-кіслотных акумулятараў. 3 чэрвеня Берасцейскі абласны суд адмовіў актывістам у гэтым.
Раней райвыканкам Берасцейскага раёна адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу ў правядзенні мясцовага рэферэндуму. Гэта рашэнне 9 красавіка праціўнікі спрабавалі аспрэчыць у судзе Ленінскага раёна Берасця, але суд стаў на бок раённай адміністрацыі. Цяпер актывісты плануюць звярнуцца са скаргай у міжнародныя структуры.
«Пасля шэрагу адмоў у грамадзян з'явілася магчымасць абскардзіць гэтыя парушэнні ў Камітэце правоў чалавека ААН, чым яны і хочуць скарыстацца. У грамадзян ёсць права ўдзельнічаць у вядзенні дзяржаўных спраў, у тым ліку і шляхам рэферэндуму, і мы ўважаем, што гэта права было незаконна абмежаванае для жыхароў Берасцейскага раёна.
Улады баяцца, што людзі прагаласуюць супраць завода, фактычна атрымліваецца, што яны не хочуць браць на сябе адказнасць за закрыццё незаконна пабудаванага завода», - сказаў у каментары belsat.eu праваабаронца Раман Кісляк.
Падчас акцыі супраць акумулятарнага завода 2 чэрвеня блогер Сяргей Пятрухін прынёс на плошчу Леніна 8 заяў аб праявах вандалізму ў Берасці, каб перадаць супрацоўнікам міліцыі. Аднак яго затрымалі і даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе склалі пратакол паводле артыкула 17.1 КоАП РБ (дробнае хуліганства).
Ноч да суда блогер правёў у ізалятары часовага ўтрымання. 3 чэрвеня Пятрухін выйшаў на волю, а разгляд яго справы ў судзе Ленінскага раёна Берасця адбудзецца 10 чэрвеня.