Найбуйнейшыя ў гісторыі пажары ахапілі курорты Харватыі
1- 15.08.2026, 8:35
- 1,288
Эвакуяваныя тысячы чалавек.
У цяперашні час вядома пра больш за 40 пацярпелых ад лясных пажараў у Харватыі. 10 чалавек знаходзяцца ў рэанімацыі.
Пра гэта паведамляе Euronews.
Пажары ў Харватыі
Папулярныя курорты Харватыі апынуліся ў агні з-за лясных пажараў. У курортны сезон згарэлі цэлыя населеныя пункты на ўзбярэжжы.
Паводле слоў чыноўнікаў, як мінімум 10 чалавек трапілі ў рэанімацыю.
Ратавальнікі на працягу ночы змагаліся з «адным з найгоршых» пажараў у гісторыі краіны.
Каля 2000 чалавек былі эвакуяваныя з суседніх вёсак, бо агонь ахапіў навакольныя пагоркі раніцай 14 жніўня. Былі пашкоджаныя дамы і знішчаныя аўтамабілі.
Падчас візіту ў рэгіён прэм’ер-міністр Андрэй Пленковіч адзначыў, што пажар распаўсюджваўся маланкава.
Прадстаўнікі бальніцы паведамілі, што на дадзены момант у медыцынскую ўстанову Спліта было шпіталізавана больш за 40 чалавек: сярод іх — нямецкі і польскі турысты.
Сотні турыстаў былі сярод тых, каго эвакуявалі ў прытулак у Омішы, створаны Чырвоным Крыжам, піша выданне. Некалькі іншых прытулкаў было адкрыта ў суседніх прыбярэжных гарадах — Спліце і Макарскай.




Пажары не сціхаюць на Балканах
Але калі сітуацыя ў Омішы палепшылася, пажарны самалёт накіравалі на іншы пажар на паўвостраве Пелешац, дзе пад пагрозай апынуліся дамы.
Пажары палалі таксама ў іншых частках Балкан, бо спякота прыносіць рэзкае павышэнне тэмпературы і пагаршае ўмовы засухі.
Аварыйныя брыгады ў Чарнагорыі ўжо некалькі дзён змагаюцца з пажарамі ўздоўж узбярэжжа, а ў чацвер паблізу сталіцы Албаніі паступілі паведамленні пра пажары.