26 красавiка 2024, Пятніца, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Што такое сто рублёў?»: Гомельскія будаўнікі пагражаюць страйкам

35
«Што такое сто рублёў?»: Гомельскія будаўнікі пагражаюць страйкам

Людзі шчыравалі месяц, а грошай няма.

Паводле дамовы, заробак у арганізацыі павінны выплачвацца з 25 да 30 чысла кожнага месяца. Аднак гэтым разам заробак у «Гомельпрамбуд» затрымалі. Са слоў рабочых, праблемы ў іх пачаліся ўжо некалькі месяцаў таму. Заробак у шэрагу падраздзяленняў стаў падаць, у некаторых выпадках ледзь перавышаў трыста рублёў. Цяпер выплату грошай наогул затрымалі, пішуць «Сильные новости».

Будаўнік Аляксандр кажа:

- Шмат у каго з нас крэдыты, і кожны дзень пратэрміноўкі цягне за сабой налічэнне пені. І дзяцей трэба чымсьці карміць. Прычыну затрымкі нам не называюць, спасылаюцца толькі, што нашы партнёры нам таксама вінны. Але нам ад гэтага не лягчэй. Мы шчыра працавалі месяц, а грошай няма.

Работнікі і іх сямейнікі сталі звяртацца са скаргамі ў розныя інстанцыі - ад прафсаюза будаўнікоў да адміністрацыі Лукашэнкі. Усюды ім абяцалі разабрацца.

З раніцы 5 чэрвеня працоўныя, занятыя на будаўніцтве дзіцячага садка ў 104-м мікрараёне і жылога дома на вуліцы Федзюнінскага, фактычна забаставалі. Яны выйшлі на будаўнічыя пляцоўкі, але да працы не прыступалі. Да брыгады на дзіцячым садку, здача якога запланавана найбліжэйшым часам, выехала кіраўніцтва. Рабочым было абяцана выплаціць хоць бы частку грошай. Пасля абеду будаўнікі пачалі працу.

6 чэрвеня рабочым выдалі «аванс» - па 100 рублёў. Калі аддадуць астатнюю частку заробку, пакуль не паведамляецца.

«Што такое сто рублёў?» - паціскаюць плячыма рабочыя. «Кошты ў краме - самі ведаеце якія. Размяняў «сотку» - і яе ўжо няма». Прарабы адгаворваюць будаўнікоў ад страйку, сцвярджаючы, што ў выніку яны, маўляў, толькі страцяць заробак. У працоўных з гэтай нагоды розныя меркаванні. Многія будаўнікі кажуць пра жаданне звольніцца і шукаць працу ў Расеі ці Польшчы.

Апошнім часам будаўнічы комплекс Беларусі перажывае не найлепшыя часы. У ААТ «Гомельпрамбуд» прайшла «аптымізацыя», шэраг упраўленняў і вытворчых баз ліквідаваныя і аб'яднаныя. Назіраецца адток будаўнікоў за межы Беларусі.

Звязацца з кіраўніцтвам «Гомельпрамбуда» нам не ўдалося. У прыёмнай толькі паведамілі, што ўсё яно ў поўным складзе выехала на нараду ў аблвыканкам. Калі вернецца - невядома. На пытанне, ці будзе поўнасцю выплачаны заробак работнікам, нам сказалі: «Толькі гэтым і займаемся цяпер».

Найстарэйшыя будаўнікі Гомеля

ААТ «Гомельпрамбуд» з'яўляецца найстарэйшай будаўнічай арганізацыяй Гомеля. Гомельскі абласны будаўнічы трэст быў створаны адразу пасля ўтварэння вобласці ў 1938 годзе. Менш чым праз тры тыдні пасля вызвалення нашага горада, у снежні 1943 году трэст быў адноўлены. Менавіта абласны будтрэст выконваў асноўныя працы па пасляваенным аднаўленні Гомеля. Тады на будоўлях працавалі ў асноўным жанчыны. А найстарэйшаму рабочаму трэсту Івану Пракоф’еву было 90 гадоў.

У 1953 годзе аблсбудтрэст ператвораны ў будаўнічы трэст №9. Менавіта яго спецыялісты ўзводзілі дамы ў стылі гістарызму на цяперашнім праспекце Леніна, у 1954-м пабудавалі Гомельскі абласны драматычны тэатр. У 1957 годзе ён рэарганізаваны ў трэст №10. У 1956 году будаўнікі трэста змантавалі Гомельскую тэлевышку. У 1961 годзе - прыступілі да збудавання першых панэльных дамоў у Гомелі. Трэст №10 майстраваў такія прамысловыя гіганты Гомеля, як завод «Цэнтраліт» і Гомельскі хімзавод, і многія іншыя. У 1977 годзе трэст быў ператвораны ў аб'яднанне «Гомельпрамбуд». У мінулым яго ўзначальвалі такія легенды гомельскага будаўнічага комплексу, як Іван Залатухін (1968-1976) і Ігар Нелюбін (1976-1998).

Пры Нелюбіне аб'яднанне стала дыверсіфікаваць рынкі будаўнічых паслуг і працаваць за межамі РБ. У апошнія гады «Гомельпрамбуд» меў будаўнічыя падрады ў Туркменістане.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках