19 жнiўня 2019, панядзелак, 18:13
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Князі пад знакам Кентаўра: Як Сямён Гальшанскі ўмацаваў паўднёвыя межы ВКЛ

Князі пад знакам Кентаўра: Як Сямён Гальшанскі ўмацаваў паўднёвыя межы ВКЛ
ГЕРБ РОДУ ГАЛЬШАНСКІХ

Дачка князя была жонкай легендарнага гетмана Канстанціна Астрожскага.

Сямён Юр'евіч Гальшанскі нарадзіўся прыблізна ў 1445 годзе ў княжацкай сям'і, ягоным бацькам быў Юрый Сямёнавіч Гальшанскі. Пра дзяцінства і адукацыю Сямёна Юр'евіча мала што вядома. Ягоны бацька памёр у 1457 годзе і да яго ў спадчыну перайшло Сцяпанскае княства, піша vklby.com.

Наступным яго набыткам стала Дубровіцкае княства, якое перайшло яму ў 1481 годзе пасля пакарання яго старэйшага брата Івана Юр'евіча Гальшанскага. Ягоны брат быў пакараны за змову супраць вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча. Ён намерваўся разам са сваімі прыхільнікамі Міхаілам Алелькавічам і князем Бельскім забіць Казіміра на вяселлі апошняга.

Аднак змова была раскрытая і Івана Юр'евіча Гальшанскага з Міхаілам Алелькавічам пакаралі смерцю (што для ВКЛ было вельмі рэдкім выпадкам), а Бельскі ўцёк у Маскоўскае княства і прысягнуў Івану III. Паколькі Сямён Юр'евіч пасля пакарання смерцю брата не трапіў ні пад якія ганенні як блізкі сваяк змоўніка, можна меркаваць, што ён у змове не ўдзельнічаў альбо гэта ён выдаў змоўнікаў. На гэта ўскосна кажа тое, што пасля раскрыцця змовы яму дасталіся землі брата і ён ніяк не пераследаваўся Казімірам, а наадварот надалей атрымаў новыя ўладанні і пасады.

У 1490 годзе Сямён Юр'евіч Гальшанскі атрымаў пасаду старасты луцкага. Потым, ажаніўшыся з князёўнай Настассяй Сямёнаўнай Збарожскай, ён атрымаў уладанні на Валыні. Акрамя гэтага, валодаў паўночнай часткай Глускай воласці. Ад шлюбу з Настассяй Сямёнаўнай Збарожскай у Сямёна Юр'евіча было трое дзяцей, сын Леў памёр у маленстве, і дзве дачкі, Настасся і Таццяна. Ягоная малодшая дачка Таццяна ў 1509 годзе выйшла замуж за вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Іванавіча Астрожскага.

У 1494 годзе Гальшанскага прызначаюць маршалкам валынскім, а ў 1500 годзе ён становіцца вялікім гетманам літоўскім, праўда ўсяго на адзін год. Але можна сказаць, што гэтую пасаду галоўнага военачальніка ён атрымаў заслужана, бо вызначыўся ў баях з крымскімі татарамі, якія ўвесь час рабілі набегі на літоўскія землі. Памёр Сямён Юр'евіч Гальшанскі ў 1505 годзе.