26 красавiка 2024, Пятніца, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Венесуэла просіць Беларусь пра будаўніцтва аграгарадка

6
Венесуэла просіць Беларусь пра будаўніцтва аграгарадка

Навошта Каракасу лукашэнкаўскае «сельскагаспадарчае ноу-хау»?

Не зарабілі на здабычы нафты – заробім на будаўніцтве аграгарадкоў. Прапанову новага праекта ў Венесуэле агучыў амбасадар Беларусі ў Каракасе Алег Пафераў, паведамляе «Белсат».

Навошта Венесуэле беларускае сельскагаспадарчае ноу-хау? І што здарылася з папярэднімі праектамі?

Вытворчасць нафты ўпала ў 6 разоў, трактароў і МАЗаў на супольным прадпрыемстве мы збіраем некалькі штук за дзень – каб не спыніць вытворчасці, але гэта не бяда. Венесуэла звярнулася да нас з новай прапановай, а менавіта:

«...перадаць у распараджэнне Беларусі вызначаны надзел зямлі пад развіццё аграгарадка з магчымасцю самастойна вырошчваць і рэалізоўваць сельгаспрадукцыю, у якой вельмі мае патрэбу насельніцтва Венесуэлы», – заявіў амбасадар Беларусі ў Венесуэле Алег Пафераў.

Аграгарадкі Венесуэла просіць нездарма, у краіне ўжо 4 гады не хапае харчавання. Віной усяму – папулізм і ручное кіраванне эканомікай прэзідэнта Уга Чавэса і ягонага пераемніка, тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Не хапае не толькі прадуктаў харчавання, але і лекаў, бензіну. Выдаткі ўрад фінансуе пры дапамозе друкаванага станка. Інфляцыя, паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду, за мінулы год склала 80 тысячаў адсоткаў. Ці дапамогуць такой краіне нашы аграгарадкі?

Палітолаг Павел Усаў:

«І эканамічная, і палітычная сітуацыя ў Венесуэле будуць пагаршацца, і пагаршаюцца з кожным днём. Таму існуе сур'ёзная пагроза для тых рэшткаў праектаў, якія засталіся яшчэ ў Венесуэле».

Такіх праектаў 85, паведамляе амбасада ў Каракасе. Сярод іх: нафтаздабыча, машынабудаванне, будаўніцтва жылля. За часы Уга Чавэса экспарт Беларусі ў Баліварыянскую рэспубліку дасягаў трохсот мільёнаў даляраў за год. Пры Мадуру эканоміка Венесуэлы пайшла пад адхон, а разам з ёй і супрацоўніцтва з Менскам. Эканаміст Леанід Злотнікаў растлумачвае сітуацыю з экспартам у відэасюжэце.

Страты некаторых прадпрыемстваў былі істотнымі. Напрыклад, «Белзамежбуду» пад канец 2017-га Каракас быў павінен 100 мільёнаў даляраў. Столькі ж Венесуэла даплаціла МАЗу і МТЗ. Аддаваць пазыкі Каракас прапанаваў жалезнымі брыкетамі і біткойнамі ўласнай вытворчасці. Банкруцтва, як адзначае палітолаг Павел Усаў, стала сумным вынікам спробы пабудаваць аўтарытарны сацыялізм.

Еўразвяз і краіны-суседкі ўважаюць Мадуру нелегітымным. Кіраўніком дзяржавы яны прызнаюць апазіцыйнага спікера парламента Хуана Гуайдо. Камісарка ААН у правах чалавека абвінаваціла Мадуру ў забойстве сотняў арыштаваных апазіцыянераў. За апошнія гады краіну пакінулі 4 мільёны чалавек – кожны восьмы яе жыхар.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках