28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як дальнабойшчык з Наваполацка вядзе інстаграм на беларускай мове

5
Як дальнабойшчык з Наваполацка вядзе інстаграм на беларускай мове

Ён расказвае пра фуру Манечку, маляўнічыя краявіды Нарвегіі і дарожныя прыгоды.

«Работа мары: глядзі ў акно, слухай музыку, еш булкі», — жартуе Сяргей Несцяронак з Наваполацка пра сваю прафесію. Ён працуе дальнабойшчыкам і расказвае ў інстаграме пра фуру Манечку, маляўнічыя краявіды Нарвегіі і дарожныя прыгоды. На беларускай мове, пiша nn.by.

Калі Сяргей першы раз выклаў у інстаграме фота беларускамоўнай прэсы, некаторыя не паверылі, што ён чытае яе сам — падумалі, вязе ў падарунак. Хоць мужчына родную мову нядрэнна ведае з дзяцінства — пашанцавала са школьнай настаўніцай.

Прызнаецца, што яго абурае, што некаторыя асацыююць беларускую мову толькі з калгаснікамі і вёскай.

— Сорамна сказаць, але, бывае, нават смяюцца, што ты размаўляеш па-беларуску. Але трэба не зважаць на гэта. Каб заахвоціць другіх вучыць беларускую мову і карыстацца ёй, варта пачаць з сябе, — тлумачыць Сяргей, чаму ўзімку стаў весці інстаграм на роднай мове.

Дальнабойшчыкам ён працуе трэці год. Дагэтуль служыў у войску па кантракце.

— У 2011 годзе я скончыў радыятэхнічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і мяне адразу забралі на тэрміновую службу. Пасля мяне чакала размеркаванне на наваполацкае тэлебачанне «Вектар». Там прапаноўвалі на той момант 1,2 мільёна рублёў. У войску ж я мог атрымліваць больш. Мой першы заробак за службу па кантракце склаў 2,2 мільёна.

Спачатку Сяргей быў у войску аператарам ЭВМ, потым камандзірам аўтамабільнага ўзводу, начальнікам службы кадраў. Праз пару год вырашыў, што хопіць, і стаў рыхтавацца да змены прафесіі: атрымаў катэгорыі кіроўцы С і Е, адвучыўся на міжнароднага кіроўцу. Думаў звольніцца са службы, як скончыцца кантракт. Але ўсё адбылося раней: у войску пачалася рэарганізацыя, і пасаду кадравіка скарацілі.

У дальнабойшчыкі Сяргей пайшоў, каб пракарміць сям’ю. Два месяцы ён знаходзіцца ў дарозе, два тыдні — адпачывае дома.

— Складанасці? Ды не, не сказаў бы. Я ўжо прызвычаіўся да гэтай працы. Адзінае, што адразу быў моўны бар’ер, калі трапляў за мяжу. У мяне была ангельская мова і ў школе, і ва ўніверсітэце, але я ставіўся да яе як да непатрэбнага прадмету. А як пайшоў у дальнабойшчыкі, сам стаў вывучаць — маю і дадатак на тэлефоне, і кніжкі на камп’ютары, — расказвае мужчына.

Са сном у дарозе, усміхаецца ён, змагацца не прыходзіцца. Па еўрапейскіх правілах дальнабойшчык можа праводзіць са стырном не больш за 9 гадзін на дзень (два разы на тыдзень дазваляецца па 10 гадзін). Таму звычайна а 6-й вечара Сяргей ужо вольны.

— Маю час і кніжку пачытаць, і спортам пазаймацца — у прычэпе шмат месца, можна там сабе зрабіць турнік, брусы, усё, што хочаш. У дарозе маю часопісы «Наша Гісторыя». Прыязджаю дадому, 2-3 выпускі купляю і еду далей працаваць. А так звычайна чытаю зборнікі беларускіх пісьменнікаў. Што ў мяне тут ёсць? Янка Маўр, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў.

У інстаграме Сяргей часта дзеліцца здымкамі прыгожых краявідаў, якія праязджае падчас працы. Заўважае, што ўжо аб’ездзіў амаль усю Скандынавію — толькі што ў Ісландыі не быў.

— У Нарвегіі ўразілі горы — такія відовішчы, што займае дух, нават калі-некалі забываеш глядзець на дарогу. У Швецыі едзеш запаведнымі месцамі — лясы, азёры. У Фінляндыі — быў у паўночнай частцы — запомніліся паўночныя алені: іх там вельмі шмат ходзіць. А ў Даніі спадабаліся пекныя масты.

Дальнабойшчык уздыхае: шкада толькі, што дома мала бывае. Яго сыну зараз 3,5 года, і не хочацца прапусціць яго дзяцінства.

— Сын заўсёды чакае. Апошні раз, як я прыехаў, ён так учапіўся ў шыю, што было не адарваць, — усміхаецца Сяргей. — У Наваполацку ў мяне заўсёды куча планаў — і на лецішча трэба з’ездзіць, і да родных у Докшыцы. І гэтыя два тыдні дома так хутка пралятаюць…

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках