26 красавiка 2024, Пятніца, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ідэя Міністэрства аховы здароўя з чэкамі на імпартныя лекі выглядае смешна»

27
«Ідэя Міністэрства аховы здароўя з чэкамі на імпартныя лекі выглядае смешна»
ФОТА: SHUTTERSTOCK

Незразумела, што задумалі чыноўнікі ад медыцыны.

Міністэрства аховы здароўя прапанавала беларусам дасылаць фота чэкаў на лекі, набытых за мяжой, калі іх кошт адрозніваецца ад коштаў на аналагічныя прэпараты ў Беларусі. Прапанова выклікала вострую рэакцыю жыхароў нашай краіны і спарадзіла больш пытанняў, чым адказаў:

«Людзі пішуць, што прэпараты для лячэння алергіі ў Маскве таннейшыя ў 3,5 разы. Некаторыя лекі для сардэчнікаў у 3 разы танней у Літве і ў 4 разы ў Польшчы».

«А можна чэкі на памперсы дасылаць? У Беластоку танней на 20 рублёў».

«Дасылайце чэкі, а мы вам падрыхтуем новы спіс, забаронены да ўвозу», - адрэагавалі беларусы.

«Даводзіцца сутыкацца з інфармацыяй, што беларускім лекарам, асабліва «на месцах», негалосна забараняюць выпісваць рэцэпты на імпартныя лекі, каб прадаваць беларускія аналагі, якія даражэйшыя і менш якасныя. Таму чалавеку часам даводзіцца падаваць чэкі на імпартныя прэпараты, каб даказаць, што яны таннейшыя», - пракаментаваў для Charter97.org на ўмовах ананімнасці сітуацыю лекар з Менску.

Навошта Міністэрства аховы здароўя хоча атрымліваць ад беларусаў чэкі на імпартныя лекі?

Charter97.org задаў гэтыя пытанні беларускаму навукоўцу-фізіку, кандыдату тэхнічных навук, экс-сакратару камісіі расследавання прычын і наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Вярхоўным Савеце СССР Юрыю Варонежцаву.

- Калі я быў маладым, то не ўяўляў, што існуе такі артыкул выдаткаў - «на лекі». А цяпер, на жаль, я не такі малады і некалькі сур'ёзных захворванняў маю. Таму мне гэтая тэма блізкая. Калі казаць пра людзей, якія вымушаныя часта купляць лекі, то сітуацыю я б ацаніў так: часцяком даводзіцца рабіць выбар паміж лекамі і прадуктамі харчавання.

Лекі ў дачыненні да заробкаў, пенсій, сярэдніх даходаў сярэдняга беларуса, вельмі дарагія. Я маю на ўвазе эфектыўныя лекі, якія сапраўды працуюць. Тыя ж антыбіётыкі, якія сапраўды дапамагаюць. Калі браць па адносінах да сярэдняй пенсіі, то курс лячэння складае чвэрць гэтай пенсіі, а то і траціну. Я мяркую, што ў нас у краіне вельмі дарагія лекі.

Што да ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя - іх цяжка зразумець. Бо ў Беларусі ёсць сайт таблетка.бай. Туды заходзіш, уводзіш населены пункт, уводзіш назву леку і атрымліваеш спіс аптэк, дзе гэты прэпарат ёсць у наяўнасці. Атрымліваеш тэлефон і яго кошт. Ёсць магчымасць зарэзерваваць лекі і гэтак далей. У любой іншай краіне ёсць гэткія ж сэрвісы. Незразумела, чаму нельга даручыць якому-небудзь стажору ў Міністэрстве аховы здароўя, каб ён за два тыдні праглядзеў усе польскія, літоўскія, украінскія сайты і высветліў цэны, за якія можна набыць прэпараты.

А калі людзі будуць дасылаць чэкі, то вельмі складана атрымаць сярэднюю цану. На гэта спатрэбіцца два гады. Усё гэта выглядае проста смешна.

- Лагічна было б параўнаць якасць беларускіх і імпартных прэпаратаў. Нярэдка можна пачуць нараканні на нашы лекі. Ці згодныя вы з імі?

- Я на сабе адчуваў шэраг прэпаратаў, між іншым - звязаных з лячэннем анкалагічных захворванняў. У 2010 годзе я праходзіў курс хіміятэрапіі з выкарыстаннем швейцарскіх і амерыканскіх прэпаратаў (аддам належнае, курс праходзіў бясплатна), то ў гэтым годзе я праходзіў той самы курс, але з джэнэрыкам «беларускага разліву».

Я б сказаў, што пабочныя з'явы былі больш ярка выяўленыя. Гэта, безумоўна, можа быць суб'ектыўным фактарам, звязаным з асаблівасцямі майго арганізма. Але я гэта адчуў на сабе.

Усё яшчэ залежыць ад таго, пра які прэпарат ідзе гаворка. Шмат чаго ў Беларусі проста няма ў вытворчасці, асабліва гэта тычыцца найноўшых распрацовак ЗША, якія з'яўляюцца лідарам па колькасці новых лекаў.

А «беларускія джынэрыкі» (уласных распрацовак у нас няма), гэта прэпараты у якіх няма патэнтнай абароны ў свеце. Я не хачу сказаць састарэлыя, дыпламатычна будзе сказаць «зарэкамендавалі сябе ў свеце», а цяпер выпускаюцца ў нас.

- У шмат якіх замежных прэпаратаў няма аналагаў у нашай краіне. А прывезці імпартнае лякарства не заўсёды атрымліваецца. Часам у нашай краіне проста можа не быць ліцэнзіі на яго. Атрымліваецца замкнёнае кола.

- Адзін раз я хацеў прывезці лекі для блізкіх людзей. Звярнуўшыся ў мытню і даведаўшыся, якія ў мяне могуць быць праблемы, я проста не стаў гэтага рабіць.

У Беларусі гэта сапраўды з'яўляецца праблемай. У нас у свой час не было лекаў ад гепатыту С. Імпартныя каштавалі проста шалёныя грошы. Курс лячэння ад гепатыту С, які б дапамог вылечыцца ад гэтай хваробы з верагоднасцю блізу 50%, каштаваў ад 8 да 12 тысяч даляраў. Кошт вар'іраваўся ад генатыпу віруса.

Прайшоў працяглы час пакуль з'явіўся беларускі джэнерык і цана ўпала да 700-800 даляраў. Я б яшчэ адзначыў, што ў прыкладзе прэпарата ад гепатыту С быў моцны ціск людзей, якія захварэлі гэтай хваробай, іх блізкіх. Было створанае грамадскае аб'яднанне, якое «бамбіла» Міністэрства аховы здароўя лістамі і зваротамі.

- Многія беларускія бальніцы не прымаюць замежныя прэпараты. Да прыкладу - пры аналізе на онкамаркеры. Як вы гэта пракаментуеце?

- Ва ўсіх нашых клініках выразна вызначаныя пратаколы лячэння і абмежаваны спіс прэпаратаў, якія павінны пры гэтым выкарыстоўвацца. І, на жаль, гэта ніяк нельга «аб'ехаць». Пакуль у нас нейкі прэпарат не будзе сертыфікаваны, то нічога зрабіць нельга. Іншая справа, што некаторыя лекары, асабліва прасунутыя, ведаючы, што нейкі прэпарат шырока выкарыстоўваецца на працягу трох - пяці гадоў за мяжой, неафіцыйна ідуць на тое, каб іх пацыенты выкарыстоўвалі гэты прэпарат. Я ведаю такія прыклады і, дарэчы, з вельмі добрымі вынікамі.

- Быў гучны выпадак, калі з беларускіх аптэк прапаў «Колдрэкс», «Фервекс» і «Тэрафлю». Ці можна дзяржаве выступаць рэгулятарам у такіх пытаннях?

- У кожнага былі ў аптэчцы гэтыя прэпараты, я ўжо не кажу пра тое, што ў працоўных выправах і паездках заўсёды везлі з сабой некалькі пакуначкаў.

Я б назваў гэта проста глупствам. Калі прэпараты, што зарэкамендавалі сябе, папулярныя, дзейсныя, засоўваюцца і замяняюцца чымсьці іншым. Для нас гэта глупства, але за гэтым стаяць камерцыйныя інтарэсы і імкненні канкрэтных вытворцаў. Зразумела, што «Колдрэкс», «Тэрафлю», у склад якіх уваходзяць супрацьзапаленчыя, гарачкапаніжальныя рэчывы, можна замяніць айчыннымі прэпаратамі. Але ж гэта вельмі зручныя, усім звыклыя і эфектыўныя прэпараты.

- Пасля Чарнобыля ў нашай краіне сапраўдны ўсплёск анкалогіі, праблем з шчытападобнай залозай, іншых захворванняў. Ці не падаецца вам крывадушнасцю, калі Міністэрства аховы здароўя займаецца папулізмам замест таго, каб рабіць рэальныя крокі па лібералізацыі фармацэўтычнага рынку?

- Наша медыцына вельмі бедная, што б нам не «навязвалі» па тэлевізары, што да нас едуць лячыцца з іншых краін, што ў нас развіты «медыцынскі турызм». Калі і едзе які-небудзь іншаземец едзе ў нашу краіну, то ён адсоўвае з чаргі беларуса. Такія выпадкі былі. Створаная бачнасць таго, што ў нас дабрабыт.

Паглядзіце рэйтынг нашай краіны па выдатках на душу насельніцтва на медыцыну. Калі браць краіны Еўропы - то ў іх больш у некалькі разоў, а калі браць ЗША - у 15-20 разоў. У нас вельмі бедная медыцына. З аднаго боку, я вельмі злуюся на чыноўнікаў ад Міністэрства аховы здароўя, ёсць у мяне з імі свае падрахункі. Адзін час нават з міністрам аховы здароўя я перапісваўся. Але з іншага боку - «не страляйце ў піяніста - ён грае, як умее».

У нас ідуць каласальныя сродкі на святы, спартыўныя мерапрыемствы, у якія ўліваюцца мільёны даляраў, а з другога - бальнічныя ложкі, якім па 50 гадоў. А людзі ляжаць на іх пасля аперацый. Адзін туалет на некалькі пакояў. Вось такая ў нас медыцына ў краіне.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках