19 жнiўня 2019, панядзелак, 1:40
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Польшчы: У нас ёсць традыцыя талерантнасці, якую мы хочам перанесці ў міжнародныя дачыненні

Кіраўнік МЗС Польшчы: У нас ёсць традыцыя талерантнасці, якую мы хочам перанесці ў міжнародныя дачыненні
ЯЦЭК ЧАПУТОВІЧ
ФОТА: GETTY IMAGES

Яцэк Чапутовіч выступіў на канферэнцыі ў Вашынгтоне.

Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч падчас свайго візіту ў Вашынгтон прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай свабодзе веравызнання, якую арганізаваў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, паведамляе «Радыё Польшча».

Выступаючы ў дэбатах, а таксама на сустрэчы з журналістамі кіраўнік польскай замежнапалітычнай установы падкрэсліў, што Польшча цягам стагоддзяў давала прытулак розным рэлігійным групам - праваслаўным, мусульманскім татарам і габрэям.

«У нас ёсць традыцыя рэлігійнай талерантнасці, якую мы хочам перанесці ў сферу міжнародных дачыненняў», - сказаў кіраўнік МЗС Польшчы.

Яцэк Чапутовіч нагадаў, што з ініцыятывы Польшчы дзень 22 жніўня абвешчаны Міжнародны днём памяці ахвяр актаў гвалту на аснове рэлігіі або перакананняў. У гэты дзень у Радзе бяспекі ААН Польшча арганізуе дэбаты на тэму сітуацыі свабоды веравызнанняў у свеце.

«Гаворка ідзе пра тое, каб не забыцца пра ахвяр гвалту на рэлігійнай глебе, так пра іх часта забываюць, і несці дапамогу людзям, якія перажылі такія рэпрэсіі», - падкрэсліў кіраўнік польскай дыпламатыі.

У заканчэнне канферэнцыі прадстаўнікі 29 краін падпісалі дэкларацыю, у якой заклікалі ўрады ўсіх сусветных дзяржаў паважаць права выбару кожнага чалавека, а таксама права практыкаваць рэлігію або не вызнаваць рэлігію.