24 красавiка 2024, Серада, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ў Раду: як галасуюць украінцы

10
Выбары ў Раду: як галасуюць украінцы

Апошнія навіны з выбарчых участкаў.

Ва Украіне ў нядзелю, 21 ліпеня, пачаліся пазачарговыя выбары народных дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Рэгістрацыю ў ЦВК прайшлі 1719 міжнародных назіральнікаў; 117 афіцыйных назіральнікаў даслалі 12 замежных дзяржаў, 1602 назіральніка прадстаўляюць 22 міжнародныя арганізацыі, паведамляе zn.ua.

А 8:00 адкрыліся амаль 30 тысяч выбарчых участкаў, яны будуць працаваць да 20:00. У замежным выбарчай акрузе першым адкрыўся выбарчы ўчастак у Аўстраліі - а 23:00 паводле кіеўскага часу. На 102 выбарчых участках украінцы змогуць аддаць свае галасы ў 72 краінах свету.

А 08:48 у Дняпры загарэўся ўчастак №121225, размешчаны на першым паверсе лякарні, паведамляе Дзяржаўная служба ў надзвычайных сітуацыях, прычынай пажару стала ўзгаранне электрычных кабеляў. Выратавальнікі ліквідавалі пажар, ахвяраў і пацярпелых няма.

Паводле стану на 9:00 ва Украіне не адкрыліся восем выбарчых участкаў.

Да 09:10 ў Кіеве парадак на выбарах у Раду забяспечваюць больш за 6 тысяч праваахоўнікаў, паведамляе «Громадське».

А 9:30 назіральнікі «Апоры» паведамілі аб першых зафіксаваных парушэннях: заўчасныя ранішнія пасяджэнні камісій, неналежнае захоўванне бюлетэняў у апячатаных сейфах і іншых.

А ў «дзень цішыні» 20 ліпеня паліцыя атрымала амаль 280 паведамленняў аб парушэннях выбарчага заканадаўства, пераважна звязаных з незаконнай агітацыяй. Акрамя таго, у Бахмуце Данецкай вобласці была зафіксаваная спроба фальсіфікацыі выбараў. А ў Жытомірскай вобласці сапсавалі 717 бюлетэняў для галасавання.

А 9:40 на свой участак прыбыў першы нумар у спісе «Слугі Народа» і старшыня партыі Дзмітрый Разумкоў. Падчас размовы з журналістамі Разумкоў агітаваў за сваю партыю, нягледзячы на тое, што перадвыбарная агітацыя сёння забароненая законам «Аб выбарах народных дэпутатаў Украіны».

А 9:51 прагаласавалі кіраўнік партыі «Голас» Святаслаў Вакарчук і другі нумар у спісе партыі Юлія Кліменка.

А 10:16 і 10:19 на сваіх участках прагаласавалі лідары «Апазіцыйнай платформы-за жыццё» Юрый Бойка і Вадзім Рабіновіч і кіраўніца «Бацькаўшчыны» Юлія Цімашэнка. На пытанне, ці гатовая яна зноў узначаліць урад, Цімашэнка адказала, што сёння ніхто не ведае, хто будзе наступным прэм'ерам, але яе каманда гатовая да працы.

А 10:29 у грамадскім руху «ЧЕСНО» заклікалі ўкраінцаў не ігнараваць выбары.

«Мы выбіраем людзей, якія пяць гадоў (як максімум) будуць вызначаць, як нам жыць. Як размытнёўваць аўтамабілі, пасылкі якога кошту не трэба абкладаць падаткам, паводле якіх правіл пройдуць наступныя выбары, якім будзе дзяржаўны бюджэт, ці памрэ дэпутацкая недатыкальнасць і кнопканацісканне. Менавіта ВЫ павінны вызначаць, кім будуць гэтыя людзі. Так што не марудзьце, бярыце свае асадкі, пашпарт, галаву - і на ўчастак», - заклікала спецыялістка ў камунікацыях «ЧЕСНО» Юлія Рэшыцька.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках