У Гародні банкамат выдаў беларускія рублі, якія выйшлі з абарачэння
11- 28.07.2019, 20:45
- 22,729
Будзьце ўважлівыя.
Днямі ў Гародні маладзён паспрабаваў зняць грошы ў банкамаце «Белгазпрамбанка», які знаходзіцца на адрасе вуліца Вялікая Альшанка, 13, а менавіта ў краме «Еўраопт», і ўсё б добра, калі б не адно «але», піша сайт newgrodno.by.
Апарат са сваёй задачай справіўся часткова. Да вялікага здзіўлення гарадзенца банкамат выдаў запытаную суму купюрамі рознага наміналу ўзору 2000 года, якія ўжо даўно выйшлі з абарачэння.
Як паступіў малады чалавек з банкнотамі, атрымаўшы такое прывітанне з мінулага, дакладна не вядома. Мабыць, ён звярнуўся ў банк з прэтэнзіяй, бо праз пэўны час прыбылі спецыялісты, якія пратэставалі гэтую «машыну часу».

Журналістам стала цікава, якім чынам купюры, якія выйшлі з абарачэння ў 2016 годзе, маглі трапіць у касету, якой быў запраўлены гэты банкамат.

Але пытанне так і засталося пытаннем. У кантакт-цэнтры банка гэтую сітуацыі каментаваць адмовіліся, як і адмовіліся злучыць са службовай асобай адказнай за абслугоўванне банкаўскіх апаратаў.
Будзьце ўважлівыя, і заўсёды праглядайце купюры, якія выдае апарат.