29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч пра трагедыю 3 ліпеня ў Менску: Гэта вынік кіравання аднаго чалавека

30
Мікола Статкевіч пра трагедыю 3 ліпеня ў Менску: Гэта вынік кіравання аднаго чалавека
ФОТА: «Наша Ніва»

Заганы сістэмы кіравання войскам і краінай рана ці позна павінны былі выйсці вонкі.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікола Статкевіч, каментуючы выбухі на салюце 3 ліпеня ў Менску, у выніку якіx загінула жанчына і пацярпелі блізу 10 чалавек:

– Ведаеце, мы ўвесь час падчас так званых «парадаў» былі блізка ад падобных трагедый.

Спачатку танк збіў дрэва і ліхтарны слуп у Менску, а ўчора танк ледзь на людзей не наехаў. І вось у выніку адбыўся сапраўды трагічны выпадак.

Гэта ўсё – наступствы таго, што ўлада неадэкватна ацэньвае свае магчымасці і магчымасці невялікай краіны, арганізоўваючы ваеннае шоу ў святочны дзень, які яна сама выбрала галоўным.

У нас невялікая, небагатая краіна. Наша армія ўвогуле знаходзіцца на вельмі сціплым утрыманні. Асноўныя рэсурсы ідуць людзям у пагонах, так званым «ахоўнікам», якіх у нас занадта шмат.

І вось раз на год гэтае войска прымушаюць рабіць такія маштабныя шоу. Выводзяць з гаражоў і ангараў старую тэхніку – а салдаты пры гэтым не навучаныя многім рэчаў, таму што на навучанне патрэбныя грошы. Калі трэба закупіць нешта новае, напрыклад, тыя самыя феерверкі, то бяруць самыя танныя.

Сапраўды таксама ўсе кіраўнікі разумеюць: набудзь яны нешта даражэйшае, «ахоўнікі» прымуць гэта ў штыкі. Маўляў, узяты на незразумелую суму незразумелы тавар – напэўна, атрыманы пры гэтым хабар.

І вось тое, што многія гады хавалася, на жаль, вырвалася 3 ліпеня вонкі. Мае спачуванні блізкім загінулай жанчыны і людзям, якія пацярпелі.

Але мы павінны разумець, што ўсё гэта – вынік шматгадовага кіравання аднаго чалавека, які гадамі робіць свае шоу за народныя грошы. І якія ён фінансуе, спадзеючыся нешта ад гэтага атрымаць перад сваімі чарговымі палітычнымі кампаніямі. Грошы ідуць на сумнеўнае шоу, пры гэтым застаецца недафінансаваная арміі – і ў выніку ўсе гэтыя праблемы трагічным чынам вырваліся вонкі.

– Наколькі расейскія «Іскандэры», паказаныя Лукашэнкам на парадзе, умацоўваюць незалежнасць Беларусі?

– Я думаю, што дэманстрацыя і ракетаў, якія могуць несці ядзерныя боегалоўкі, і цяжкіх расейскіх бамбавікоў, сведчыць, што беларускае войска, у сутнасці, з'яўляецца часткай расейскай ваеннай машыны. А беларуская дзяржава пры Лукашэнку стала васалам Расеі.

Расея выкарыстоўвае гэты парад нібыта ў гонар «незалежнасці», каб прадэманстраваць нашу залежнасць ад яе. І з Менска, з лукашэнкаўскага параду, пагражае нашым суседзям. Паказвае, што яна лёгка можа сюды ўвесці стратэгічныя сродкі нападу. Можа лёгка выкарыстоўваць нашу тэрыторыю ў ваенных мэтах і зрабіць гэта пад воплескі кіроўнага рэжыму.

Я разумею, што Беларусь вызвалялі многія народы і запрасіць на парад па адной «скрынцы» салдатаў ад іх – гэта адна справа. Але калі тут дэманструецца стратэгічная зброя, якая можа несці ядзерныя боегалоўкі – гэта наўпростая пагроза суседзям з так званага «беларускага балкона».

Гэты парад прадэманстраваў залежнасць, паказаў, што Расея выкарыстоўвае нас як стратэгічны балкон для пагрозы суседнім краінам, а кіроўныя вярхі ў Беларусі прымаюць гэта як належнае.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках