17 кастрычнiка 2026, Субота, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стэфан Баторы: пяць фактаў пра караля, які кіраваў з Гродна

Стэфан Баторы: пяць фактаў пра караля, які кіраваў з Гродна

Ён быў асабістым ворагам Івана Жахлівага.

Па чутках, ён быў нашчадкам графа Дракулы і асабістым ворагам маскоўскага цара Івана Жахлівага. Стаў каралём воляй выпадку і амаль зрабіў Гродна сталіцай. Асабіста ўзначальваў усе ваенныя паходы і стварыў адну з найлепшых армій у Еўропе. Але як яму ўдавалася так паспяхова кіраваць дзяржавай, не ведаючы мовы сваіх падданых?

Сёння, 27 верасня, у 1533 годзе нарадзіўся Стэфан Баторы, адзін з самых паспяховых і загадкавых польскіх каралёў і князёў Вялікага Княства Літоўскага. UDF сабраў для вас пяць дзіўных фактаў пра гэтага чалавека.

Пракляты род

Насамрэч Стэфана Баторыя звалі Іштван Баторы. Ён нарадзіўся ў Трансільваніі (паўночны захад сучаснай Румыніі), якая лічыцца адным з самых містычных мясцін у Еўропе. І гэта, бадай, адзінае, што аб’ядноўвае Стэфана Баторыя з графам Дракулам. Дакладней, з Уладам Трэцім Цэпешам, правіцелем Валахіі, які атрымаў гэтую мянушку за сваю жорсткасць.

Бацька Стэфана быў уплывовым магнатам. Маці — дачка каралеўскага скарбніка Венгрыі. Сам будучы кароль атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю — вучыўся ў Падуанскім універсітэце. Баторы сябравалі з каралямі, будавалі замкі, мелі ўласныя гарады, мужна ваявалі. Але рэпутацыя ў роду была неадназначная. Хадзілі чуткі, што род пракляты. Нават талент фехтавання Стэфана Баторыя (які лічыўся найлепшым фехтавальнікам у Еўропе) тлумачылі тым, што ён прадаў душу д’яблу...

Ужо пасля смерці караля чуткі пра праклён роду зноў успыхнулі з новай сілай. І ўсё дзякуючы яго роднай пляменніцы — графіні Эржэбэт Баторы, серыйнай забойцы, чыё імя ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса… За сваё жыццё гэтая вонкава дабрапрыстойная ўдава і маці пяцярых дзяцей шляхам абязкроўлівання забіла як мінімум 650 юных дзяўчат з навакольных вёсак. Матыў — графіня была ўпэўненая, што кроў дзяўчат дапаможа вярнуць ёй маладосць…

Жыццё з нялюбімай жонкай

Стэфан Баторы стаў каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага цалкам выпадкова. Калі ў Польшчы памёр апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў, вырашылі запрасіць на трон чалавека збоку. Спачатку абралі Анры Валуа, малодшага сына французскага караля Генрыха Другога. Але той кіраваў краінай усяго чатыры месяцы. А потым, даведаўшыся пра смерць роднага брата, таемна пакінуў Польшчу і ўцёк у Францыю, каб заняць вызвалены трон.

Тады на першы план выйшла кандыдатура князя Трансільваніі Іштвана Баторыя. Адной з умоў атрымання кароны быў шлюб з Ганнай Ягелонкай (сястрой апошняга караля Польшчы). І Стэфан Баторы пагадзіўся на гэта. Вось толькі Ганну, якая была старэйшая за яго на 10 гадоў і не вылучалася прыгажосцю, ён так і не палюбіў. Паводле чутак, пасля вяселля ён прысвяціў ёй усяго тры ночы. А потым сказаў, што яна можа прыходзіць да яго, калі захоча.

Аднойчы Ганна прыйшла. А Стэфан замест таго, каб заключыць яе ў абдымкі… уцёк. Дарэчы, прыгожы Баторы меў неверагодны поспех у жанчын. А яшчэ ён адхіліў Ганну ад палітычных спраў. Зрабіў Гродна сваёй галоўнай рэзідэнцыяй, дзе жонка ніколі не бывала, — яна жыла ў каралеўскім замку ў Кракаве.

Смелы рэфарматар

Стэфан Баторы ўвайшоў у гісторыю як адзін з самых уплывовых палітыкаў і палкаводцаў свайго часу. Ён быў каралём усяго 10 гадоў. Але за гэты час яму ўдалося аб’яднаць Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае ў адзіную дзяржаву — Рэч Паспалітую. І стварыць адну з самых магутных армій у Еўропе, куды ён аддаваў перавагу набіраць наймітаў, якім плаціў добрыя грошы.

І хоць кароль кіраваў краінай, не ведаючы моў сваіх падданых (у зносінах з імі ён карыстаўся лацінай), яму ўдалося шмат зрабіць для адукацыйнай сістэмы краіны. Ён падтрымліваў езуітаў, якіх лічылі найлепшымі настаўнікамі ў Еўропе. Пры ім былі заснаваныя езуіцкія калегіюмы ў Любліне, Полацку, Рызе, Нясвіжы, Львове і Дэрпце. Яго прывілеем Віленская езуіцкая калегія была ператвораная ў Акадэмію. Сёння гэта — найстарэйшы Універсітэт у Вільнюсе (Літва).

А яшчэ Баторы ўвёў у Рэчы Паспалітай грыгарыянскі каляндар, якім мы карыстаемся сёння. Ён імкнуўся развіваць інфраструктуру дзяржаўнага кіравання ў межах ВКЛ, планаваў перанесці сталіцу Рэчы Паспалітай у Гродна, дзе перабудаваў каралеўскі замак.

Асабісты вораг Івана Жахлівага

Ваенная ўдача амаль заўсёды спадарожнічала Баторыю. Але яго галоўнае дасягненне — перамога над Іванам Жахлівым у Лівонскай вайне, якая цягнулася амаль 20 гадоў. Пры ім быў вызвалены Полацк, войскі дайшлі да Пскова і Старой Русы, былі ліквідаваныя ўсе заваяванні Івана Жахлівага ў Лівоніі. Тэрыторыя Лівонскай канфедэрацыі была падзелена паміж Рэччу Паспалітай, Швецыяй і Даніяй. У выніку порты Балтыкі, якія належалі Рускай дзяржаве, зноў апынуліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.

У 1584 годзе Іван Жахлівы памёр. Яго пераемнік на троне (сын, Фёдар Іванавіч) быў слабога здароўя, ды і розумам не вылучаўся. Маскоўская дзяржава была аслабленая апрычнінай. Баторы вырашыў гэтым скарыстацца — паслаў у Маскву сваё пасольства, якое агучыла прапанову караля: аб’яднаць усе землі разам пад скіпетрам Баторыя.

Маскоўскія баяры (якія, па сутнасці, кіравалі краінай) адмовіліся. І тады польскі кароль пачаў падрыхтоўку да новай вайны з далёкасяжнымі планамі: захапіць Маскоўскую дзяржаву, аб’яднаць усе славянскія землі пад сваёй уладай, а затым ударыць па Канстанцінопалі (Стамбуле) і разбіць небяспечных для ўсяго хрысціянства туркаў. Яго падтрымалі і ў Ватыкане. Рымскі Папа Сікст Пяты нават узяўся фінансаваць гэтую ваенную кампанію. Але пасля смерці Баторыя план «праз Маскву на Канстанцінопаль» быў «замарожаны». Рэч Паспалітая завязла ў выбарах новага караля.

Загадкавая смерць

Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Стэфан Баторы ствараў уражанне чалавека з багатырскім здароўем. Асабіста ўзначальваў усе ваенныя паходы, мог гадзінамі паляваць, літрамі піў моцнае венгерскае віно. Пасля яго смерці ў падвалах Гродзенскага замка засталося 50 поўных бочак. Нядзіўна, што раптоўная смерць Баторыя ў 53 гады выклікала мноства чутак і здагадкаў. Нават праз 230 гадоў пасля яго смерці расійскі гісторык Мікалай Карамзін пісаў: “12 снежня 1586 года памёр Стэфан Баторы — ці ад яду, ці ад неўмельства лекараў …”

Каб зразумець, што адбылося, праз тры дні пасля смерці караля было праведзена патолагаанатамічнае ўскрыццё — першае на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Прычым згоду на гэтую працэдуру даў сам Рымскі Папа. У выніку медыкі прыйшлі да высновы, што Стэфан Баторы памёр ад хваробы нырак. Праўда, арыгінал гэтага медыцынскага пратаколу не захаваўся. Толькі копія, перапісаная праз 200 гадоў пасля смерці караля.

У 1934 годзе копія была прааналізаваная прафесарамі медыцыны з Кракава. Выснова супала з афіцыйнай версіяй — кароль памёр ад урэміі.

Хто ведае, магчыма, калі б Стэфан Баторы пражыў на некалькі дзесяцігоддзяў даўжэй, мы б жылі зусім у іншай дзяржаве?.. Аднак гісторыя не мае ўмоўнага ладу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲