26 красавiка 2024, Пятніца, 11:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Буравеснік» і радыяцыя ў Расеі: Што выбухнула пад Северадзвінскам

5
«Буравеснік» і радыяцыя ў Расеі: Што выбухнула пад Северадзвінскам

Апублікаваныя галоўныя версіі.

У дзяржкарпарацыі "Расатам" заявілі, што выбух 8 жніўня пад Северадзвінскам адбыўся падчас выпрабавання ракеты з радыеізатопным элементам у рухавіку. У выніку выбуху загінулі пяць супрацоўнікаў "Расатама", яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці, паведамляе ВВС.

"Выпрабаванні ракеты праходзілі на марской платформе. Пасля заканчэння выпрабаванняў адбылося загаранне паліва ракеты з наступнай дэтанацыяй", – гаворыцца ў паведамленні ўстановы.

Фота: Reuters

"Пасля выбуху некалькі супрацоўнікаў былі выкінутыя ў мора і была надзея знайсці іх жывымі. Пошукі доўжыліся да таго часу, пакуль заставалася надзея знайсці тых, хто выжыў.

"Толькі пасля гэтага было абвешчана пра гібель пяці супрацоўнікаў Расатама, якія займаліся працамі, звязанымі з радыеізатопнай крыніцай сілкавання, якая знаходзілася ў складзе ракеты", – заявілі ў дзяржкарпарацыі.

Радыеізатопныя крыніцы сілкавання выкарыстоўваюць энэргію, якая ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду.

Версія з «Буравеснікам»

Раней мінабароны Расеі паведамляла, што пры выбуху на палігоне пад Северадзвінскам, дзе выпрабоўвалі вадкасны рэактыўны рухавік, загінулі два чалавекі.

Эксперты, апытаныя агенцтвам Рэйтэр у ноч на суботу заўважылі ў гэтай версіі неадпаведнасці.

"Пры выбуху вадкапаліўнага рухавіка радыяцыйнага скачка не адбываецца, а нам вядома, што расейцы даўно працуюць над нейкім ядзерным рухавіком для крылатай ракеты", – сказаў у інтэрв'ю агенцтву чалец Федэрацыі навукоўцаў ЗША Анкіт Панда.

Эксперты выказалі здагадку, што выпрабоўваць маглі ракету 9М730 "Буравеснік", пра якую ўпершыню апавёў Уладзімір Пуцін у пасланні Федэральнаму сходу 1 сакавіка 2018 года. СМІ паведамлялі, што гэтая ракета абсталяваная ядзерным паветрана-рэактыўным маршавым рухавіком.

Радыяцыйны фон

У мінабароны раней паведамлялі, што радыяцыйны фон пасля выбуху быў у норме, шкодных выкідаў у атмасферу не зафіксавана.

Тады ж прэс-служба адміністрацыі Северадзвінска паведаміла, што было зафіксаванае кароткачасовае павышэнне радыяцыйнага фону.

"У 11.50 паводле Масквы 8 жніўня датчыкі АСКРС (аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнага становішча) у Северадзвінску зафіксавалі кароткачасовае павышэнне радыяцыйнага фону", – гаварылася ў паведамленні адміністрацыі.

Пасля гэтага фон зніжаўся, і на 14-ю паказанні датчыкаў не перавышалі 0,11 мікразівертаў за гадзіну пры максімальна дапушчальных 0,6 мікразівертаў за гадзіну, сцвярджалі ў прэс-службе.

У суботу МНС заявілі, што радыяцыйны фон у раёнах каля палігона, дзе адбыўся выбух, не перавышаны, а паведамленне пра перавышэнне ўзроўню радыяцыі знікла і з сайта гарадской адміністрацыі, адзначае РБК.

"Радыяцыйны фон у Прыморскім, Анежскім раёнах Архангельскай вобласці, у гарадах Архангельску, Северадзвінску, Навадзвінску, а таксама ў населеным пункце Нёнакса знаходзіцца на ўзроўні 12–13 мікрарэнтген за гадзіну, што складае прыродны фон", – цытуе Інтэрфакс крыніцу ва ўстанове.

Намеснік капітана марскога порта Архангельска Сяргей Козуб паведаміў РБК, што пасля выбухаў вайскоўцы закрылі раён Дзвінскага заліва Белага мора для суднаходства. Паводле ягоных словаў, забарона на плаванне была ўведзеная з 9 жніўня да 10 верасня.

Козуб назваў гэта "звычайнай гісторыяй". Порт Архангельска застаецца адкрытым.

Версіі СМІ

У пятніцу выданне Baza паведаміла, што пасля надзвычайнага здарэння шасцярых пацярпелых адправілі ў Маскву самалётамі санавіяцыі.

"У пацярпелых – два дыягназы. Першы – відавочны: цяжкія выбуховыя траўмы, такія раненні чалавек атрымлівае, знаходзячыся паблізу ад месца моцнага выбуху. Але ў іх ёсць і другі дыягназ: радыяцыйнае апрамяненне", – сцвярджала выданне.

ПАЛІГОН ПАД НЁНАКСАЙ БЫЎ СТВОРАНЫ Ў 1954 ГОДЗЕ ДЛЯ ВЫПРАБАВАННЯ РОЗНЫХ РАКЕТАЎ МАРСКОГА БАЗАВАННЯ, У ТЫМ ЛІКУ МІЖКАНТЫНЕНТАЛЬНАЙ БАЛІСТЫЧНАЙ
ФОТА: REUTERS

Палігон пад Нёнаксай быў створаны ў 1954 годзе для выпрабавання розных ракетаў марскога базавання, у тым ліку міжкантынентальных балістычных

Пацярпелыя ў выніку выбуху на палігоне ў Архангельскай вобласці накіраваныя ў Маскву, пацвердзілі ў пятніцу ў прэс-службе ўраду рэгіёну. Пры гэтым там не ўдакладнілі, колькі пацярпелых было накіравана ў Маскву, у якім яны знаходзіліся стане і з якім дыягназам.

"Пасля стабілізацыі стану пацыенты, паводле рэкамендацый спецыялістаў, былі накіраваныя ў федэральны цэнтр", – цытавала прэс-служба намесніка галоўнага лекара Архангельскай абласной клінічнай лякарні экстраннай і неадкладнай дапамогі Аляксея Пралоўскага.

Супрацоўнік Мідлберыйскага інстытута міжнародных даследаванняў у Монтэрэі, эксперт у ядзернай зброі Джэфры Люіс пісаў у "Твітэры", што ў раёне сяла Нёнакса заўважылі транспартны танкер "Серабранка", прызначаны для збору і захоўвання радыеактыўных адкідаў, пісала "Медуза".

Агенцтва Інтэрфакс паведамляла, што ў дзень здарэння ў аптэках Архангельска рэзка вырас попыт на ёдаўтрымныя прэпараты.

"Учора скупілі ўсё. Спачатку ёд у таблетках, ёдамарын, потым звычайны ёд і ёдзісты калій. Ажыятаж пачаўся блізу 17-й і да самага закрыцця ўсё разабралі. Людзі перад касай абмяркоўвалі навіны пра радыяцыю ў Северадзвінску, пра выбух у вайскоўцаў", – апавяла агенцтву фармацэўтка адной з архангельскіх аптэк.

Аднак ва ўрадзе вобласці паведамілі, што попыт на ёдаўтрымныя прэпараты ненадоўга вырас, але ні ажыятажу, ні дэфіцыту не назіраецца.

"МНС адпрацавала інструкцыю: зачыніць вокны і дзверы ў дзіцячых садках і лякарнях, завадская лякарня правяла дэзактывацыю ў [касцюмах] хімабароны, хворых не пусцілі да лекараў, зачынілі шлагбаум для хуткіх. У навінах не абвяшчалі, проста абзвоньвалі лякарні і школы. Дзіўна, што не было абвесткі і сірэны – павінны былі ўключыць, пры атрыманні вымярэння ў два разы большага за нармальны радыяцыйны фон. І вуліцы паліваць, і траву вывесці з газонаў. Ёд і праўда скупілі", – апавяла крыніца Бі-бі-сі ў Северадзвінску.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках