26 красавiка 2024, Пятніца, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Плошча згарэлых у Расеі лясоў большая за тэрыторыю Аўстрыі

14
Плошча згарэлых у Расеі лясоў большая за тэрыторыю Аўстрыі

Падліковая палата РФ ацаніла цяперашнюю шкоду ад пажараў.

Шкода ад лясных пажараў за першае паўгоддзе гэтага года склала 2,4 мільярда рублёў, паведаміла Падліковая палата Расеі. За гэты перыяд адбылося 7,6 тысячы ўзгаранняў. Установа сочыць за сітуацыяй на даручэнне прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, паведамляе «Голас Амерыкі».

Паводле інфармацыі аўдытараў, колькасць пажараў у РФ за тры апошнія гады ўзрасла на 12%, а пройдзеная агнём плошча летась дасягнула 8,5 млн га, што перавышае тэрыторыю такой, напрыклад, краіны, як Аўстрыя. Агульныя ж страты ад пажараў за тры гады склалі 68,9 мільярда рублёў, агулам за год блізу 25 млрд. Так што вынікі за 2019-ы могуць выявіцца не лепшымі, калі не больш жахлівымі.

Да асноўных прычын пажараў Падліковая палата адносіць недастатковае фінансаванне, адсутнасць у неабходнай колькасці тэхнікі для тушэння, паўсюдную няпоўную ўкамплектаванасць падраздзяленняў наземнай і авіяцыйнай аховы і нізкую якасць супрацьпажарных мерапрыемстваў.

Згодна з высновамі ўстановы, праблему можна развязаць толькі комплексным шляхам.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапаноўваў Уладзіміру Пуціну дапамогу ў тушэнні пажараў. Аднак невядома, ці прывядзе гэта да практычных вынікаў праз занятую Масквой нявызначаную пазіцыю.

Між тым пажары ў Сібіры прыводзяць да ўсё новых і новых негатыўных наступстваў. З паведамлення Reuters, вядучыя расейскія нафтаздабываючыя кампаніі пачалі эвакуацыю рабочых і спынілі свідравальныя працы ў рэгіёне.

Як гэта адбілася на ўзроўні здабычы, пакуль незразумела. Але на некаторых радовішчах, напрыклад, Куюмбінскім (Краснаярскі край), якое распрацоўвае «Раснафта», свідравальныя працы былі спыненыя цалкам яшчэ на мінулым тыдні. Раней «Раснафта» планавала павялічыць утрая штодзённую здабычу за кошт распрацоўкі трох новых радовішчаў у Сібіры.

Але карціна бедства адным гэтым, натуральна, не вычэрпваецца. Лясы гараць на плошчы амаль 3 мільёны гектараў. У Краснаярскім краі, Іркуцкай вобласці Якуціі і часткова ў Бураціі ўведзены рэжым Надзвычайнай сітуацыі. У зоне задымлення - больш за 800 населеных пунктаў, эвакуацыя людзей моцна абцяжараная праз дрэнную бачнасць - у некаторых месцах яна, са сведчанняў відавочцаў, не большая за 20 метраў.

Тым часам прэм'ер міністр Дзмітрый Мядзведзеў даў шэраг даручэнняў органам выканаўчай улады пасля нарады аб сітуацыі з ляснымі пажарамі. Экспэрты расейскага аддзялення Greenpeace мяркуюць, што ўжыванне неадкладных захадаў здольнае палегчыць сітуацыю, якая склалася, і знізіць рызыку катастрафічных пажараў у перспектыве, але толькі ў выпадку выдзялення фінансавання ў неабходных аб'ёмах, паведамляецца на сайце экалагічнай арганізацыі. Інакш, на думку экспэртаў, рэгіёнам даручаць тушыць больш, чым сёлета, але на тыя ж самыя грошы, якіх бракуе і цяпер.

Раней Дзмітрый Мядзведзеў таксама выказаў здагадку, што рост колькасці лясных пажараў звязаны з падпаламі, каб схаваць незаконныя высечкі, і даручыў сілавым структурам разабрацца з гэтым, далажыўшы аб выніках да 1 лістапада. Следчы камітэт РФ ужо адрапартаваў пра пачатак крымінальнага расследавання.

Шэф-рэдактар інтэрнэт-выдання Insider Раман Добраахвотаў у інтэрв'ю заўважыў, што заклікі да пошуку падпальшчыкаў пажараў, якія доўжацца з вясны і якія закранулі такую гіганцкую тэрыторыю, гучаць сёння вельмі дзіўна. З ягоных слоў, гэта адразу настройвае на нейкую канспіралагічную тэорыю пра ворагаў Расеі, «якія спрабуюць нам адпомсціць».

«Напраўду лясы ў краіне гараць кожны год, проста часам шанцуе з надвор'ем, і пажары не становяцца маштабнай з'явай. Зразумела, што дзяржава павінна адэкватна рэагаваць на змяненне сітуацыі ў сувязі з глабальным пацяпленнем клімату, але ніякай сістэмнай работы ў гэтым кірунку не відаць».

Раман Добраахвотаў упэўнены, гэта сацыяльная праблема, і ніхто акрамя дзяржавы не можа развязаць яе цалкам. «Пры гэтым мы бачым, што ў выпадку, калі людзі выходзяць з пратэстамі ў цэнтры Масквы, то ўся «паліцэйская раць» імгненна выбудоўваецца ланцугом, каб прадухіліць «беспарадкі», - падкрэсліў ён. - А калі гараць тры мільёны гектар лесу, то ўлады робяць выгляд, што нічога страшнага не адбываецца, адпаведна няма і маштабнай мабілізацыі дзяржаўных рэсурсаў».

Гэта лепш за ўсё сведчыць пра прыярытэты расейскай дзяржавы, рэзюмаваў журналіст.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках