27 красавiка 2024, Субота, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Драздоўскаму летуценніку рыхтуюць батыскаф

37
Драздоўскаму летуценніку рыхтуюць батыскаф

Ранавата расслабіліся.

Прывід "паглыбленай інтэграцыі", які пераследваў краіну паўгода, нікуды не знік. Ён па-ранейшаму блукае ўздоўж рысы, на якой калісьці двое мажных мужычкоў выкапалі бутафорскі памежны слуп. З тых памятных часоў у краіны ўсходняя мяжа як бы існуе. Але калі прыгледзецца, яе быццам і няма. А таму нахабны прывід, чакаючы, пакуль яму выправяць належныя паперы, разважае, а ці не начхаць наогул на ўсе гэтыя ўмоўнасці?

Лета. Пара адпачынкаў. Усім на ліха не патрэбная ніякая палітыка. А калі і ўзнікае раптам неспадзяваная паўза ў дажджлівай праграме гэтага дзіўнага сезону перамен, хочацца хутчэй выбрацца на акіянскі пляж ці хаця б на невялікае азярцо, толькі б далей ад гэтага дурнога ладу жыцця, які калісьці мы сабе так бесклапотна навязалі. Але што зрабіць, калі нават там, быццам бы на волі, для ўсіх праблемы тыя ж. Гарызонт быццам бы чысты. Ніякіх зялёных чалавечкаў. А звыклы прывід ёсць. Не знік і не рассеяўся. І нават улада гэта пацвярджае.

Прэм'ер-міністр перад тэлекамерай афіцыйна паведамляў: "Усе першапачатковыя тэрміны, якія былі ўстаноўленыя, павінны вытрымлівацца. Даслоўна проста цяпер урад пачынае адпрацоўку са сваімі калегамі ўсіх пакуль яшчэ не ўзгодненых пытанняў аб паглыбленні інтэграцыі з Расейскай Федэрацыяй". Гэта ж якая радасць раптам насунулася! Прэм'ер нават вершамі раптам загаварыў. А грамадзяне наіўна думалі, што хітры ўрад возьме хаця б працяглую паўзу. Для асэнсавання рэальных параметраў будучага шчасця. Правадыр, прадчуваючы яго аб'ёмы, нават здзейсніў паломніцтва да святых месцаў. Але і гэта ані не дапамагло. Парадам - на жаль! - камандуе не ён.

Краіна маўчыць. Але гэтае доўгае маўчанне нічога добрага ўладам не прадвесціць. Ніхто тут не забыўся на вясну 2017 года. Тады ж таксама трывала спрыяльная для ўсякіх мясцовых самадураў цішыня. Камусьці здалося нават, што народ запалоханы і пакорлівы. Інакш першы варыянт адыёзнага дэкрэта аб нейкіх дармаедах і ўсе наступныя выказванні на гэты конт не былі б такімі цынічнымі і нахабнымі. Наступствы не прымусілі сябе доўга чакаць. Наўрад ці ўсе нарыхтоўкі да новых выбараў і будучага снежня краіна праглыне моўчкі.

Але калі выказаць здагадку, што драздоўская выкрутлівасць перасягне крамлёўскае падступства, і цяперашні інтэграцыйны ўсплёск сыдзе ў пясок, якой усё ж можа быць найбліжэйшая нашая перспектыва? Адказ адзін: проста фантастычнай.

Эканамісты ўжо паспелі па выніках паўгоддзя ацаніць на канкрэтных лічбах магчымыя поспехі. Каб пачаць усяго толькі выхад з неахопнага балота, у якое мы так упарта прабіваліся дваццаць пяць мінулых гадоў, патрэбны штогадовы рост ВУП хоць бы на 5-7 адсоткаў. У тутэйшай улады іншыя магчымасці: згодна з планам – 2,5 адсотка. А ў рэальнасці за першае паўгоддзе вымалёўваецца 0,9 адсотка.

Занадта шмат энэргіі сыходзіць у свісток. Ды яшчэ пазык за гады безагляднага разгулу набралі вышэй за галаву. І штогадовыя выплаты гэтых пазык амаль непад'ёмныя. Магчымасці нармальнага жыцця ўладамі блакаваныя надзейна. І злашчасная тысяча ў рублях, абвешчаная ў якасці сярэдняга заробку, для многіх застаецца смутным міражом на далёкім гарызонце.

Аднак ёсць і ў гэтай дэпрэсіўнай дзяржаве чалавек, які цвёрда ведае, што цалкам магчымая зусім іншая перспектыва. У неспрыяльных умовах бясконцага крызісу ён здолеў на сваім прысядзібным надзеле стварыць узорную гаспадарку. Ніякай карысці. Ніякага намеру. Ён не для сябе стараўся. Проста хацелася вельмі паказаць усім тым, хто сумняваецца, якой будзе краіна пад ягоным мудрым кіраўніцтвам. Неўзабаве. Праз некалькі гадоў. Ці дзесяцігоддзяў. Калі дастатак і дабрабыт увойдуць упэўнена ў кожны дом і ў кожны куток.

Можна зайсці на ягоны сайт і паглядзець кароткія відэаролікі, поўныя нястрымнага аптымізму. Вось прадпрымальны распарадчык усіх гэтых палеткаў у простых хатніх нагавіцах упэўнена крочыць па старанна дагледжанай дарожцы. Раніца. Цішыня. Нават птушачкі ўсякія разумеюць значнасць моманту і маўчаць сціпла. Праплываюць міма на здзіўленне аднолькавыя туі. Наўрад ці гэта пераадзетыя ахоўнікі, але яны трымаюць шыхт, дакладна і ўпэўнена.

Скупая панарама радуе камфортам і дастаткам. Шчодрыя нівы, агароды, плантацыі персанальных ананасаў і іншай экзотыкі. Дагледжаныя лужкі. Гаёк. Сажалка, у якой зручна плаваць аблокам. Над ёй - мудрагелістая альтанка, упрыгожаная разьбой усходніх майстроў.

А вось ужо насустрач, адкуль ні вазьміся, і сам Шаўкат Мірзіёеў, калега з Узбекістана. Ён проста выйшаў пашпацыраваць у сваім садзе, але сэрца пацягнула раптам да сябра. А для сапраўднага сяброўства нават вялікія адлегласці ніколі не былі перашкодай. Радасная сустрэча ў. І абмен падарункамі. Узбекскія ўмельцы зляпілі і адлілі з невядомага металу постаць хакеіста ў поўны рост. Пазалочаны арнамент на плячах і паясніцы. Жалезныя вусы. Як і трэба, імя на спіне. І лічбы - 01. Камандны нумар. Ці тэлефон для выкліку адпаведнай службы. Вельмі практычна - ці мала што можа здарыцца ў такой вялікай гаспадарцы.

Усход - гэта, як правіла, чароўная казка. Шаўковы шлях. І шалёныя магчымасці для стварэння скарбаў амаль з нічога. Але далёкі сябар паабяцаў калегу нешта зусім канкрэтнае - цалкам легальнае акно на мяжы для пастаўкі тутэйшых тавараў у Афганістан. Так што росквіт нашай дынамічнай краіны ўжо закладзены ў Праграму развіцця гандлю на гэтым кірунку. Калі толькі непрадказальны Пуцін раптам не перашкодзіць. І не накіруе ўсе гэтыя задумы ў рэчышча "паглыбленай інтэграцыі".

На той узбуджанай прасторы ўсё яшчэ спрабуюць разгадаць дзіўную загадку. Чаму гэта ў той жнівеньскі дзень, калі на маскоўскіх вуліцах і плошчах расгвардзейцы і паліцыянты пачалі татальнае ўтаймаванне ўсіх незадаволеных занадта адкрытымі прыёмамі ў падрыхтоўцы выбараў, Пуцін раптам апусціўся ў батыскафе на дно Фінскай затокі? Пасыпаліся нават з’едлівыя здагадкі: спалохаўся! Наўрад ці гэта так. А можа быць, ён проста спяшаўся, спрабуючы падрыхтаваць завяршальны акт "паглыбленай інтэграцыі"? Шукаў надзейнае месца. Каб хаўруснік гэтым разам не вывернуўся ад канчатковага развязання пытання. Усё даўно выпрабавана. Праверана. Ні Крэмль, ні Сочы, ні нават востраў Валаам для такой акцыі ніяк не пасуюць. А вось батыскаф на дне марскім - гэта менавіта тое, што ён шукаў так доўга.

Двое ў цёмнай глыбіні. Фантан паветраных бурбалак за выпуклым шклом. Кароткая і выразная каманда: пара! І следам за ёй - ліслівы чэкісцкі голас: “Калі не падпішам дамову, выбірацца на паверхню кожны будзе сваім шляхам".

І вось як пасля гэтага павінен паступіць хаўруснік, калі ў яго ўжо амаль адкрыта акно ў Афганістан? У той самы момант, калі наша краіна ўжо гатовая паўсюдна пераняць драздоўскі лад жыцця.

Толькі б перажыць гэты злавесны снежань з яго раптоўным юбілеем!

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках