26 красавiка 2024, Пятніца, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск і свет: Дзе сустракаецца назва беларускай сталіцы

1
Менск і свет: Дзе сустракаецца назва беларускай сталіцы

Самы далёкі ад нас Менск лётае на арбіце паміж Марсам і Юпітэрам.

Гэта астэроід, і заставаўся ён безыменным, пакуль яго роўна 40 гадоў таму не адкрыў савецкі астраном Мікалай Чарных.

Назву «Менск» шмат што носіць. Дзе яна сустракаецца, высвятляў карэспандэнт агенцтва «Менск-Навіны».

У космасе

Астэроід быў даволі буйным, укладваўся ў памеры Менскай кальцавой аўтадарогі, бліскаў першароднай чысцінёй. З гэтых, а можа, з якіх іншых прычынаў нябеснаму вандроўніку далі імя беларускай сталіцы. Ці з'явіцца калі-небудзь у касмічным Менску першы жыхар, сказаць цяжка. Тэмпература на паверхні складае -130°C, ды і мясцовы каляндарны год у пераліку на зямныя доўжыцца амаль шэсць гадоў.

На зямлі

Спусцімся з нябёсаў. Жыхары сталіцы наракаюць на дарагоўлю жылля. Між тым набыць менскую двушку можна ўсяго за 21 тысячу у. е. Цалкам сур'ёзна. Нядрэнны рамонт, асобны санвузел, прасторная лоджыя. Аб'явы аб продажы можна знайсці ў інтэрнэце. Ад метро, праўда, далекавата, давядзецца дабірацца з перасадкамі: кватэра размешчаная ў чатырохпавярховым доме вёскі Менскае Кастрамской вобласці. Затое побач Волга, рыбалка, лес, грыбы. Дарэчы, пры Івану Жахлівым сяло належала баярам Марозавым, самая вядомая прадстаўніца якіх намаляваная на аднайменнай карціне Сурыкава. Вы яшчэ ганарыцца такімі землякамі будзеце!

Пасёлак Менскае існуе і ў Азёрскім раёне Калінінградскай вобласці. Мястэчка таксама гістарычнае: да 1938 года называлася Гроc Пеледаўэн, а да 1946-га – Юнгфернгрунд.

Не падыходзіць Балтыка – едзьце на Енісей. Тут таксама жывуць мянчане. Трохі, паўсотні чалавек, затое кватэрнае пытанне ў іх увогуле не стаіць. Вёску Менск у Вялікамурцінскім раёне Краснаярскага краю заснавалі беларускія перасяленцы. Пры Сталыпіну іх адпраўлялі асвойваць Сібір, але вальналюбныя сяляне і там не разгубіліся.

Сярод цёзак беларускай сталіцы нельга не згадаць польскі Менск-Мазавецкі, раней зваўся Наваменскам. Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Ефрона прысвяціў яму такія радкі: «Нова-Менск – у. г. Варшаўскай губ., пры зліцці pp. Віснеўкі і Срэбрнай, за 3 вярсты ад упадзення іх у р. Віслу; за 36 вёрстаў ад Варшавы, летняе месцазнаходжанне многіх варшаўцаў, таму тут мноства вілаў і лецішчаў. Горадам зроблены ў 1421 г. жых. 4133 (2188 жнч.): праваслаўных 129, каталікоў 1391, пратэст. 62, габрэяў 2485, інш. веравызн. 66. Касцёл, сінагога, 2-класнае вучылішча, вольнае пажарнае тав., станцыя Варшаўска-Цярэспальскай чыг.; фабрыкі агнястрэльнага шроту, свечак і мыла, заводы маслабойны і племянных авечак. Гарадскія прыбыткі ў 1895 г. 6245 руб., выдаткі 5834 руб.».

На вадзе

Беларусь не мае выхаду да мора, затое назва «Менск» на флоце далёка не адзінкавая. У канцы XIX стагоддзя нарвежская судовая кампанія набыла ў Нямеччыне грузавы параход Schwan («Лебедзь»). У свой першы рэйс пад новым сцягам судна выйшла з імем Minsk. У 1905 годзе параход быў спісаны, але ўжо ў 1909-м «Менск» зноў баразніў абшары Балтыкі.

Праўда, гэта быў ужо іншы карабель, выкуплены ў датчанаў расейскімі прамыслоўцамі. А ў 1911 годзе на дацкай суднаверфі пабудавалі карабель, які адразу і назвалі Minsk. Самы буйны калі-небудзь пабудаваны «Менск» – цяжкі савецкі авіяносец, які спусцілі на ваду ў 1975-м. У сваім класе ён уваходзіў у пяцёрку найбольш магутных, уяўляючы з сябе практычна плыўны горад: да дзвюх тысячаў чалавек каманды і персаналу.

Пасля развалу СССР крэйсер спісалі. Ён быў прададзены кітайскай кампаніі і ператвораны ў тэматычны парк Minsk World. Пачынаючы з 2000 года расейскі памежны вартавы карабель пад такой назвай патруляваў прыбярэжныя воды Балтыйскага мора. Адміністрацыя Заводскага раёна беларускай сталіцы ўзяла над ім шэфства, падтрымліваючы сталую сувязь з экіпажам. 2 ліпеня сёлета пасля спісання карабля памятную шыльду з ягоным імем урачыста перадалі ў экспазіцыю музея Менскай гарадской ратушы. А 28 ліпеня вялікі дэсантны карабель Балтыйскага флоту «Менск» удзельнічаў у Галоўным ваенна-марскім парадзе з нагоды святкавання Дня ВМФ Расеі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках