6 траўня 2024, панядзелак, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Школа стала больш сакрэтная за армію?

65
Школа стала больш сакрэтная за армію?

Ва ўлады параноя.

Ёсць такая смешная (і страшная) краіна – Паўночная Карэя. Да нядаўняга часу там дзейнічаў закон: усе, хто туды прыязджаў, абавязаныя былі здаваць на мытні свае мабільнікі. З'язджаеш – тэлефон вяртаюць. А то ці мала што ты захочаш спаклёпнічаць з ягонай дапамогай пра краіну пераможнага чучхе!

Ініцыяваўшы забарону на мабільнікі для навучэнцаў, беларускія ўлады спрабуюць ператварыць нашы школы ў гэтакае падабенства Паўночнай Карэі. Чучхе вам у парту, шчанюкі!

Драконаўская логіка ўладаў зразумелая: надта ўжо часта агіднасці, якія робяцца ў школах, быў бы гэта загон у БРСМ ці адметны мат з вуснаў «дасведчаных педагогаў», становяцца здабыткам шырокай грамадскасці менавіта дзякуючы сучасным гаджэтам.

Дай уладам волю, яны б і ў дарослых іх адабралі – а то тых таксама бульбай не кармі, дай паздымаць які-небудзь кампрамат на наша росквіт. Можа, яшчэ і адбяруць калі-небудзь. Пакуль жа да гэтага не дайшло, ахвярай уладнай параноі сталі школьнікі.

Пры гэтым ніякімі разумнымі довадамі такую забарону абгрунтаваць нельга.

Ці адрываюцца дзеці падчас урокаў на мабільнік? Так, бывае. Але не мабільнікі ў тым вінаватыя. Калі мабільнік адабраць, дзеці будуць адрывацца на іншыя рэчы, маляваць тварыкі ў сшытках, пісаць адзін аднаму запісачкі, торгаць за коскі Ленку Іванову – увогуле, рабіць усё тое, што рабілі мы, дзеці далічбавай эпохі, калі ўрок нам быў нецікавы.

Не мабільнік вінаваты ў тым, што дзіця нудзіцца і ўтыкацца ў гаджэт, а настаўнік. За 25 гадоў «росквіту» наша сістэма адукацыі дарасквітнелася да таго, што педагогаў, здольных павесці дзіця за навучальным працэсам, у школах амаль не засталося. Умельцаў мацюкацца – процьма. А вось педагогаў з вялікай літары – шукай не дашукаешся.

Але каго гэта хвалюе, калі Лукашэнка прызначыў крайніх – «шчанюкоў» і мабільнікі.

Калі, як сцвярджаюць у Мінадукацыі, загад пра забарону тэлефонаў быў прыняты яшчэ ў сакавіку, то чаму ніхто не прасачыў за ягоным выкананнем, і толькі пасля гомельскага інцыдэнту раптам усе заварушыліся?

Ды таму што ўсім было начхаць, перашкаджаюць тэлефоны працэсу ці не. Таму што забарона – гэта не пра адукацыю, а пра абразанне. Абрэзаць усё, што звязвае дзіця з навакольным светам, зрабіць так, каб ні гуку, ні кадра не прасачылася за сцены школьнага Гуантанама. Як бы ў гэтых сценах з дзяцей ні здзекаваліся, якімі б трохпавярховымі «педагагізмамі» іх ні крылі.

Нават у войску мабільнікі не адбіраюць – а школа што, больш сакрэтная за армію?

У гэтай сітуацыі сваё важкае слова павінна сказаць бацькоўская супольнасць. Як слушна заўважылі ў гэтыя дні многія, улада абвесціла дзецям вайну. І цяпер мы, бацькі, павінны пастанавіць, за каго мы і на чыім баку: за нашых дзяцей або за тых, хто адабраў годнае жыццё ў нас і цяпер спрабуе адабраць яго ў нашага будучыні.

Дзмітрый Растаеў, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках