26 красавiка 2024, Пятніца, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска ў Карэі: Тут адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

4
Беларуска ў Карэі: Тут адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

Як Вольга Зарыцкая ўжо 10 гадоў жыве ў Паўднёвай Карэі.

Случанка Вольга Зарыцкая дзесяць гадоў жыве ў Паўднёвай Карэі. Студэнткай універсітэта яна год правяла ў гэтай краіне паводле абмену, потым выйшла замуж і засталася жыць у горадзе Чхонджу. Вольга займаецца перакладамі і дзённікам.

Яна расказала «Кур`еру», да якіх мясцовых асаблівасцяў ёй давялося прывыкаць, чым адрозніваецца ўклад жыцця беларусаў ды карэйцаў і чаму.

У Карэі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

«У Беларусі развіты індывідуалізм: кожны вызначае і адказвае сам за сябе. Карэйцам жа ўласцівы калектывізм, яны залежаць ад меркавання навакольных.

У 80-х гадах мінулага стагоддзя адбыўся карэйскі эканамічны цуд, калі людзі дапамаглі дзяржаве. Яны здавалі сваё золата на карысць краіны, каб яна развівалася. Не ўяўляю, каб беларусы гэтак жа зрабілі.

Хуткія карэйцы

Карэйцы ўсё робяць хутка, у іх дзень распісаны па гадзінах. Наведнікаў абслугоўваюць імгненна ў кожным месцы: і ў дзяржаўнай установе, і ў кавярні. У Беларусі ўсё па-іншаму. Калі прыйшоў па даведку, то ў найлепшым выпадку давядзецца чакаць дзень-два, каб яе выдалі.

Непублічны патрыярхат

У Карэі існуе непублічны патрыярхат: мужчына лічыцца галоўным у сям'і і грамадстве. У аўтобусе хутчэй цяжарная жанчына саступіць паджыламу мужчыну месца, чым наадварот. Але гэта не значыць, што з жанчынай абыходзяцца горш або яна не можа атрымліваць адукацыю і не мае голасу. У Карэі да жанчын ставяцца з павагай.

У Карэі плаціць старэйшы

Я б вылучыла стаўленне карэйцаў да грошай. Калі ў Беларусі ты ідзеш у кавярню з сябрамі, то скідваешся ў агульную скарбонку. У Карэі ж плаціць той, хто запрасіў, або старэйшы. Не трэба казаць: «Не, давай разам скінемся». Лепш прыміце запрашэнне і пачастунак, а потым зрабіце крок у адказ. Яго ад вас будуць чакаць. Не запросіш - нармальных стасункаў з чалавекам не будзе.

Карэйцы маюць культ ежы

Калі карэец вітае, ён кажа прыкладна наступнае: «Дабрыдзень. Вы ўжо паелі?» Для іх важная ежа. У вольны час яны ідуць у рэстарацыю, каб паспытаць што-небудзь смачнае і незвычайнае. У нас аддаюць перавагу кавярням альбо барам.

Стаўленне да веку

У Карэі лічыцца, што дзіцяці, якое нарадзілася, ужо адзін год, бо амаль год яно прабавіла ў чэраве маці. Год да веку чалавека дадаецца 1 студзеня паводле сонечнага календара, незалежна ад таго, калі ён нарадзіўся. Каб не заблытаць суразмоўцу, часта называюць проста год нараджэння. Сярэдняя працягласць жыцця - 70 гадоў.

Дзяўчаты і хлопцы хочуць быць прыгожымі

У Карэі - культ прыгажосці. Часцяком па заканчэнні школы бацькі даюць дочкам грошы на пластычную аперацыю. Модна рабіць шырэйшыя вочы, мяняць форму твару, пераносся. На аўтобусе бачыла такі слоган: «Мама нарадзіла, а доктар зрабіў». Для карэйцаў гэта нармальна.

Карэйцы маюць выбухны тэмперамент.

Карэйцы не любяць паказваць свае сапраўдныя эмоцыі і выказваць стаўленне да незнаёмага чалавека. Ставяцца прыязна, але тэмпераментам такія ж гарачлівыя, як гішпанцы. Карэйцы паспяхова змагаюцца за свае правы - палітычныя і грамадзянскія. Напрыклад, яны адхілілі ад улады апошнюю жанчыну-прэзідэнтку.

Карэйцы ня будуць трываць і разам выкажуць пратэст. Там дазволеныя мірныя дэманстрацыі.

Просталінейныя людзі

Беларусы не дазваляюць просталінейнасць ў стасунках. Мая карэйская свякруха можа спакойна сказаць, што я паправілася, а свёкар пасылае да касметолага. Спачатку я крыўдзілася, але для іх казаць проста ў лоб - гэта нармальна. Яны робяць гэта, каб ты мог хутчэй выправіць праблему.

Цесная Карэя

У Беларусі я адчуваю прастору, разлог. У Карэі - сціск, дамы размешчаныя на невялікай адлегласці. Ты можаш адчыніць акно, а праз два мэтры - акно суседа. Жыхары ў шматкватэрных дамах абавязаныя сачыць за тым, каб пасля 20 гадзін дзіця не бегала і музыка гучна не грала. Ты адчуваеш, што жывеш у асяроддзі вялікай колькасці людзей - і гэта моцна напружвае".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках