У Томску прайшлі пікеты ў падтрымку шамана, які ішоў «выганяць Пуціна»
2- 28.09.2019, 20:23
- 9,702
Шаман-воін цяпер знаходзіцца ў Якуцку.
У цэнтры Томска ў пятніцу, 27 верасня, прайшлі пікеты ў падтрымку якуцкага шамана Аляксандра Габышава, які быў затрыманы па дарозе ў Крэмль для правядзення абраду «выгнання дэмана з Пуціна», паведамляе Сибирь.Реалии.
Адна з удзельніц пікету Алена Яруліна мяркуе, што затрымаўшы шамана, улады парушылі яго канстытуцыйнае права свабодна перамяшчацца па краіне.
«Шаман правільна ідзе. Нас такая ўлада не задавальняе. Вельмі хочацца, каб ён сваю місію выканаў да канца. Нават калі яго затрымалі, то ўсё роўна падобныя акцыі працягнуцца. Улада нічога не зможа зрабіць адназначна», - цытуе расейскі тэлеканал «ТВ2» Яруліну.
Аляксандр Габышаў у сакавіку адправіўся ў Маскву для правядзення «абраду выгнання Пуціна». Яго затрымалі 19 верасня на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласці. Раніцай 20 верасня ён быў дастаўлены ў Якуцк, а пасля - у псіханеўралагічны дыспансер рэспублікі. Супраць шамана распачалі крымінальную справу пра заклікі да экстрэмізму. З яго ўзялі падпіску аб нявыездзе. Пазней Габышаў паведаміў сваім прыхільнікам, што з ім абыходзіліся карэктна, а з тымі, хто яго затрымліваў, яны «нават пасябравалі». Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў на сустрэчы з журналістамі заявіў, што Крэмль не мае ніякага дачынення да затрымання Аляксандра Габышава.
У праваабарончай арганізацыі Amnesty International якуцкага шамана назвалі вязнем сумлення і запатрабавалі яго вызвалення. У расейскім прадстаўніцтве заявілі, што рэакцыя ўладаў выглядае абсурднай, а Габышаў, як і астатнія грамадзяне, мае права на свабоднае выказванне сваіх палітычных поглядаў і правядзенне рэлігійных абрадаў.