Беларуска пра паездку праз РФ: інтэрнэту і бензіна няма
11- 13.07.2026, 3:00
- 9,404
Шмат заправаў зачынена.
Беларуска Кацярына выправілася на аўтамабілі з Мінска ў Тбілісі, разлічваючы правесці ў дарозе каля двух сутак. Ведаючы пра праблемы з палівам у Расіі, яна вырашыла падстрахавацца і ўзяць бензін з сабой — паводле яе разлікаў, 80 літраў павінна было хапіць да грузінскай мяжы.
Правілы дазваляюць вывозіць з Беларусі да 100 літраў паліва ў металічных каністрах, але сама купля каністр ператварылася ў квэст:
«Каністраў на запраўках НЯМА — расіяне ўсё раскупілі. Я аб’ехала ўсе «Беларуснафты», што трапляліся на маім шляху, — нідзе каністраў не было; пастаўкі чакаліся па некалькі штук на тыдзень, але іх хутка разграбаюць», — піша яна ў Threads.
Патрэбныя каністры дзяўчына збірала па частках: дзве знайшліся толькі на чацвёрты дзень пошукаў, яшчэ адну ўдалося дастаць на наступны дзень у раёне Чыжоўкі. У Оршы яна запоўніла поўны бак і тры дваццацілітровыя каністры.
Пасля перасячэння мяжы да Смаленска з палівам на «Лукойле» і «Газпроме» праблем не было. Але далей сітуацыя пачала пагаршацца: паміж Вязьмой і Калугай на працягу прыкладна 200 км падарожніца не сустрэла ні працуючых заправаў, ні самага паліва. У Туле карціна паўтарылася — дзе-нідзе бензіна не было наагул, дзе-нідзе стаялі доўгія чэргі, хоць адну станцыю з меншай чаргой адшукаць усё ж удалося.
Сапраўдныя складанасці пачаліся на трасе М4 ад Тулы да Растова:
«Прыватныя запраўкі пустыя, «Лукойл» і «Газпром» або закрытыя, або бензіна няма (толькі дызель ці газ), або велізарныя гадзінныя чэргі. Каністры ў багажніку вельмі грэлі душу».
У Растове сітуацыя была не лепшая: запраўкі або зачыняліся, або стаялі без паліва. Паводле слоў Кацярыны, запраўляцца на М4 у абодвух напрамках аказалася практычна нерэальна — працуючыя станцыі былі адзінкавыя, а чэргі расцягваліся на гадзіны. Выручыла тое, што паліва знайшлося на запраўцы ўбаку ад трасы, па дарозе да Уладзікаўказа — праўда, прадавалі яго з абмежаваннем, па 30 літраў на аўтамабіль.
Асобная цяжкасць — адсутнасць сувязі. Мабільны інтэрнэт знік амаль на ўсім шляху па Расіі, і знайсці дарогу дапамагалі толькі загадзя спампаваныя карты «Яндэкса».
У суме на дарогу да Грузіі пайшло 150 літраў паліва і 45 гадзін з улікам прыпынкаў і начлегу. Нягледзячы на перажытыя цяжкасці, Кацярына кажа, што была б гатовая паўтарыць такі маршрут — але не ў найбліжэйшы час.