23 верасня 2019, панядзелак, 23:41
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Як нашы продкі ўжылі агнявы бой пры разгроме маскавітаў пад Оршай

4
Як нашы продкі ўжылі агнявы бой пры разгроме маскавітаў пад Оршай

Тактыка Астрожскага спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войскаў.

Перамога князя Канстанціна Астрожскага над раццю маскоўскіх баяраў шмат у чым была вызначаная масавым ужываннем агнястрэльнай зброі, якая для пачатку 16 стагоддзя была сенсацыйнай навіной у ваенным мастацтве, піша litvin.pl.

Маскоўскія ваяводы спадзяваліся на баявую моц войска, якое паспяхова змагалася паводле шаблонаў сярэднявечнага войска. Цяжкая конніца наносіла таранныя ўдары, а ворага дабівалі пры панічным адыходзе лёгкія коннікі, засыпаючы ўцекачоў ліўнем стрэлаў.

АРТЫЛЕРЫЯ ВЯДЗЕ АГОНЬ ПА ВОРАГУ Ў 15 СТАГОДДЗІ ПРЫ АБЛОЗЕ ЗАМКА

Тактыка Астрожскага ў бітве 1514 года пад Оршай спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войскаў. Гетман паставіў канкрэтныя задачы для сваёй пяхоты, кавалерыі і артылерыі. Апошняя мела вызначальную ролю ў разгроме саманадзейных ваяводаў Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Галіцы. Нездарма расейскі сучасны даследчык В. Пенскі, аналізуючы ход Аршанскай бітвы, паказаў на рэвалюцыйную тэндэнцыю ваеннай думкі Астрожскага. Аджылая сярэднявечная тактыка не вытрымала сутыкнення з тактыкай новага ладу, насычаным агнявым боем, хай і яшчэ недасканалай, парахавой артылерыяй.

У Еўропе даволі доўгі час стралковае агнястрэльнае ўзбраенне не вытрымлівала канкурэнцыі з арбалетамі і лукамі.

Але ў 15 стагоддзі бургундцы нанялі немцаў і фламандцаў з аркебузамі. Ужыванне кулеўрынаў займела масавы характар, прычым гэта прыкметна ўжо ў войнах Карла Адважнага. Але на першым часе страляць з грувасткіх аркебузаў было справай рызыкоўнай. Прылада доўга зараджалася і спрытны хлопец з алебардай мог у лічаныя імгненні падабрацца да стралка, каб у лютасці адцяць яму галаву адным магутным ударам. Меркавалася, што выкарыстанне агнястрэльнай зброі – доля мярзотнікаў, якім чужое ўсякае паняцце высакароднасці, павагі да спаборніка на полі бітвы.

Гусіты першымі ва Усходняй Еўропе расправіліся з рыцарамі Габсбургаў, устанавіўшы невялікія гарматы ў сваіх вазах, з якіх яны з далёкай дыстанцыі маглі паспяхова граміць рыцарскі конны строй. Сваю тактыку чэхі экспартавалі вугорцам, якія сталі біць туркаў з дапамогай гарматаў на вазах ужо ў 1470-я гады. Нават бясстрашныя сіпахі і янычары вялікага султана падалі ніцма перад залпамі грукатлівых гарматаў.

Гетман Астрожскі, безумоўна, згадваў у 1514 годзе тактыку літвінаў мінулых гадоў. Паказальная была сустрэча войскаў Вітаўта на полі Грунвальду з артылерыяй Тэўтонскага ордэна. Храніст Ян Длугаш згадаў, што бамбарды рыцараў не змаглі спыніць атакі конніцы літвінаў праз непаваротлівасць артылерыстаў, якія зрабілі не больш за два стрэлы.

Адмовіцца ад арбалетаў польскую пяхоту ў 15 стагоддзі прымусіла з'яўленне рушніцаў (rusznica), якія цалкам перамаглі арбалет да пачатку Лівонскай вайны. Рушніцы ў бітве пры Клецку дапамаглі ліцвінам адолець татараў, якія не мелі такога ўзбраення і спадзяваліся на традыцыйныя лукі са стрэламі.

Паказальны бой пры Вішняўцы 1512 года. Тады гетман Канстанцін Астрожскі пастанавіў выставіць перад наступам татарскай конніцай трыста стральцоў з рушніцамі, якія залпамі пазбівалі коннікаў з сёдлаў. Татары спрабавалі засыпаць літвінаў стрэламі, але неслі жорсткія страты ад страляніны ліцвінскай пяхоты.

Досвед агнявога бою ўжо ў большых маштабах быў распаўсюджаны ў бітве пад Оршай 1514 года, калі гетман выставіў супраць маскавітаў ужо не 300, але тры тысячы дасведчаных стралкоў ды яшчэ і з гарматамі. Білі маскавітаў не толькі з фронту, але і з флангаў, прастрэльваючы ўвесь баявы парадак наскрозь. Куля забіла ў першых шэрагах князя Івана Іванавіча Цемку Растоўскага, які камандаваў кастрамічамі ў перадавым палку.

Характэрная падрыхтоўка, зробленая гетманам напярэдадні генеральнай баталіі, калі неабходна было ўтойліва выставіць на пазіцыі гарматы. Астрожскі паслаў прыкрыць пераправу гарматаў лёгкую кавалерыю, якая адагнала варты маскавітаў ад навядзення праз раку Днепр мастоў.

ФОТА: LITVIN.PL

Па іх і прайшлі вазы з артылерыяй і боепрыпасамі. Лёгкая кавалерыя ліцвінаў выканала таксама завабны манеўр, пасля якога, як піша нямецкі падарожнік Жыгімонт Герберштэйн у вядомых «Нататках пра Масковію» (1549), ратнікі князя Міхайлы Івана Андрэевіча патрапілі пад масаваны агонь ліцвінскай артылерыі. Змятаючы першыя шэрагі, артылерысты Астрожскага паслядоўна пераносілі агонь гарматаў на цэлі ў глыбіні маскоўскіх палкоў.

Фактычна гарматнікі Астрожскага сваім баявым мастацтвам падрыхтавалі моцную контратаку закаванай у латы максіміліянаўскага тыпу цяжкай конніцы, якая наносіла ўдар дзідамі ў самкнутай лініі. Гэтыя вершнікі жалезнай сцяной прыціснулі пабітых ворагаў да берагу ракі Крапіўны, у водах якой, як сцвярджае Пскоўскі летапіс, і патанула мноства воінаў Масковіі.