26 красавiка 2024, Пятніца, 17:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь імкліва страчвае працоўныя рукі

31
Беларусь імкліва страчвае працоўныя рукі

Хто ў гэтым вінаваты і што рабіць?

За апошнія гады беларускія рэгіёны страцілі сотні тысячаў працаўнікоў, пішуць banki24.by.

Ці надыдзе той час, калі на змену лозунгу «час валіць!» прыйдзе «welcome to Belarus!»?

Вядома, што Менск, нібы жахлівы пыласос, высмоктвае кваліфікаваную працоўную сілу з усёй краіны.

Аднак за межамі МКАД ёсць 118 раёнаў і 10 гарадоў абласнога падпарадкавання. Якія страты нясуць рэгіёны ў бітве за кадры?

Паводле афіцыйных звестак, за перыяд з 2010-га да 2018 года з 128 рэгіёнаў «зніклі» 336,7 тыс. чалавек занятага насельніцтва. Падзенне колькасці занятых звязана з рознымі чыннікамі.

Самымі важнымі чыннікамі з'яўляюцца старэнне насельніцтва і павелічэнне дзелі пенсіянераў і адток працоўнай сілы ў Менск і за мяжу (працоўная міграцыя). Прычым на першы чыннік скарачэння занятасці ўплывае другі.

Працоўныя мігранты перастаюць быць сталым насельніцтвам на былым месцы жыхарства і часта заводзяць сем'і і нараджаюць дзяцей у новай лакацыі. Так міграцыя паскарае спусташэнне і старэнне беларускай правінцыі.

Атрымліваецца замкнёнае кола: у правінцыі няма добрай высокааплатнай працы, таму што няма каго наняць – кваліфікаваныя кадры даўно пераехалі. Няма і нармальнага попыту на нешта новае, бо ў рэгіёнах застаюцца бюджэтнікі і слаба матываваны персанал дзяржпрадпрыемстваў.

За 8 гадоў рост занятасці назіраўся толькі ў 9 рэгіёнах з 128. Пры гэтым усе выпадкі росту вельмі спецыфічныя. У Менскім, Смалявіцкім, Дзяржынскім і Лагойскім раёнах дзейнічае эфект сталічнай агламерацыі. Частка вытворчасцяў і кропак паслуг дзеля эканоміі на выдатках выносіцца ў блізкі прыгарад Менска.

У Астравецкім раёне прыток кадраў звязаны з будаўніцтвам Беларускай АЭС. У Берасцейскім, Магілёўскім, Гомельскім і Гарадзенскім раёнах на ўзровень занятасці пазітыўна ўплывае размяшчэнне вакол абласных цэнтраў.

Працуе прыкладна тая схема, што з Менскай агламерацыяй, толькі ў меншых маштабах. У названых 9 раёнах павелічэнне занятасці за 2010–2018 гг. склала 64,2 тыс. чалавек, з якіх 45,1 тыс. забяспечыў Менскі раён.

Таксама Менскі раён заняў першае месца ў тэмпах прыросту занятага насельніцтва – +43,6% за 8 гадоў. У астатніх гарадах і раёнах Беларусі адзначаўся адток кадраў з эканомікі. За гэты перыяд 119 рэгіёнаў страцілі 400,8 тыс. чалавек.

Менш за ўсё кадраў як у адносным (мінус 2,1%), так і ў абсалютным выразе (мінус 0,3 тыс. чалавек) сышло з Шклоўскага раёна. 20 раёнаў Беларусі выпусцілі 20+% ад усёй працоўнай сілы, 33 раёны – ад 15% да 20%, 42 гарады і раёны – ад 10% да 15%, 16 гарадоў і раёнаў – ад 5% да 10% і 8 гарадоў і раёнаў – ад 2% да 5%.

Аўтсайдарамі ў адсотку страчаных кадраў з'яўляюцца Шаркаўшчынскі, Круглянскі, Браслаўскі, Зэльвенскі, Мсціслаўскі, Сенненскі, Шумілінскі, Хоцімскі, Лоеўскі і Расонскі раёны. На 10+ тыс. чалавек занятасць паменшылася ў 8 рэгіёнах: Гомель (мінус 31,4 тыс.), Віцебск (мінус 20,7 тыс.), Магілёў (мінус 20,2 тыс.), Бабруйск (мінус 14,5 тыс.), Барысаўскі раён (мінус 10,8 тыс.), Аршанскі раён (мінус 10,6 тыс.), Берасце (мінус 10,4 тыс.) і Маладзечанскі раён (мінус 10 тыс.).

Сярод гэтых рэгіёнаў найбольшы адносны адток кадраў зазналі Маладзечанскі (мінус 15,3%), Аршанскі (мінус 14,4%) раёны і Бабруйск (мінус 14,2%). У першай палове 2019 года негатыўная тэндэнцыя прадоўжылася. За 6 месяцаў занятасць зменшылася ва ўсіх абласцях (на 12,1 тыс. чалавек), акрамя Менскай. Менскую вобласць (0,4 тыс. чалавек) «ратуе» шчасны Менскі раён.

У сталіцы занятасць вырасла на 4 тыс. чалавек. У цэлым у Беларусі колькасць занятых у эканоміцы скарацілася да 2018 года на 7,6 тыс. чалавек (мінус 0,2%). Урад і мясцовыя ўлады правальваюць паказнік у занятасці, які чыноўнікі зацвердзілі летась.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках