У Беларусі вертыкальшчыкі атрымліваюць пасады, а прадпрыемствы зачыняюцца
10- 13.01.2020, 21:42
- 29,150
Праўда пра тое, як старшыні ставяцца да гаспадарак і прадпрыемстваў.
Нядаўна старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў прадставіў у Ашмянах новага кіраўніка раёна Уладзіслава Гершгорына, які дагэтуль у Слонімскім райвыканкаме каардынаваў працу ў развіцці і выкананні асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Слонімскага раёна, паведамляе «Радыё Рацыя».
Са слоў Уладзіміра Краўцова, Гершгорын зарэкамендаваў сябе «кваліфікаваным спецыялістам», які «валодае арганізатарскімі здольнасцямі» і ўмее «дамагацца пастаўленай мэты».
Пакуль Уладзіслава Гершгорына прызначалі на новую пасаду, у Слонімскім раёне ліквідавалі РУСП «Новадзевяткавічы». Сельская гаспадарка сталася банкрутам. Цяпер яе хочуць прадаць на аўкцыёне за 7 мільёнаў рублёў. Праўда, пры ўмове, што той, хто «Новадзевяткавічы» купіць, павінен забяспечыць 130 працоўных месцаў на працягу года, а таксама павінен захаваць дзейнасць у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Пакуль Уладзіслава Гершгорына прызначалі на новую пасаду, эканамічны суд Гарадзенскай вобласці разгледзеў матэрыялы аб прызнанні Слонімскай СПМК-64 банкрутам. Перасоўная механізаваная калона-64 запазычыла крэдыторам больш за 650 тысяч рублёў. Прадпрыемства хутка ліквідуюць. І такіх прыкладаў, не толькі па Слонімскім раёне, а па ўсёй Беларусі можна прывесці шмат.
Вось вам і «дынамічнае эканамічнае развіццё» аднаго Слонімскага раёна, за якое адказваў Гершгорын, і які сёння ўжо ўзначальвае Ашмянскі раён.