26 красавiка 2024, Пятніца, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мытнік з псіхалогіяй сілавіка

13
Мытнік з псіхалогіяй сілавіка
МІХАІЛ МІШУСЦІН

Што трэба ведаць пра новага прэм'ера РФ Мішусціна.

У чацвер, 16 студзеня, Дзярждума большасцю галасоў ухваліла прызначэнне Міхаіла Мішусціна прэм'ер-міністрам Расеі. Напярэдадні Мішусцін, на той момант кіраўнік Федэральнай падатковай службы (ФПС), быў прапанаваны прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным на пасаду кіраўніка ўрада пасля роспуску кабінета Дзмітрыя Мядзведзева, пра які стала вядома неўзабаве пасля абвяшчэння штогадовага прэзідэнцкага паслання Федэральнаму сходу. Deutsche Welle сабрала асноўныя факты пра пераемніка Мядзведзева.

Кар'ерны рост Мішусціна: ад кампутараў да падаткаў

Міхаіл Мішусцін не з'яўляецца прадстаўніком "піцерскай каманды" – ён нарадзіўся ў Маскве ў сакавіку 1966 года. У 23 гады скончыў Маскоўскі станкаінструментальны інстытут (СТАНКІН) паводле спецыяльнасці "Сістэмы аўтаматызаванага праектавання". У 1992 годзе – аспірантуру. Кандыдацкую і доктарскую дысертацыі Мішусцін абараніў нашмат пазней, абедзве працы прысвечаны падаткаабкладанню. Кандыдацкая – на тэму "Механізм дзяржаўнага падатковага адміністравання ў Расеі" – была абароненая ў 2003 годзе, доктарская ("Стратэгія фармавання маёмаснага падаткаабкладання ў Расеі") – праз яшчэ сем гадоў.

Пасля заканчэння ВНУ Мішусцін пачаў працаваць у Міжнародным кампутарным клубе (МКК) – грамадскай некамерцыйнай арганізацыі, ім жа і створанай. Кампанія, паводле звестак СМІ, займалася пастаўкамі кампутарнай тэхнікі розным структурам. На афіцыйным сайце гаворыцца пра тое, што, калі МКК задумваўся, "мэтай была інтэграцыя расейскіх і замежных кампутарных тэхналогій, а дакладней – ужыванне заходніх перадавых інфармацыйных тэхналогій у СССР".

Далей ідзе амаль трохгадовы прабел у біяграфіі будучага прэм'ера. А ў 1998 годзе ён заняў пасаду намесніка кіраўніка Дзяржаўнай падатковай службы Расеі. З сакавіка 1999 да сакавіка 2004 года з'яўляўся намеснікам міністра ў падатках і зборах. Піка сваёй кар'еры на падатковай ніве Мішусцін дасягнуў у 2010 годзе, калі ўзначаліў ФПС.

Сям'я і захапленні новага прэм'ера

Жонка Мішусціна – Уладлена Юр'еўна – на дзесяць гадоў маладзейшая за мужа. Яна зарэгістраваная ў Дзяржрэестры індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) з 2008 года. У якасці асноўнага віду дзейнасці паказаная арганізацыя працы танцпляцовак і дыскатэк, у якасці дадатковых – працы бараў, вытворчасць адзення і аксэсуараў, фільмаў, арганізацыя канцэртаў, а таксама паслугі цырульняў. У 2013 годзе дзейнасць яе ІП была спыненая. Вядома таксама, што Мішусціна з'яўлялася сузаснавальніцай ЗАТ "Міжнародны кампутарны клуб", ліквідаванага ў 2016 годзе.

Прыбыткі Уладлены Мішусцінай у 2,5 разы перавышаюць прыбыткі мужа. Згодна з дэкларацыяў, паводле вынікаў 2018 года яна зарабіла 47,7 млн рублёў, кіраўнік ФПС – амаль 19 млн. Маёмасць у дэкларацыі не пазначаная, аднак, паводле звестак СМІ, муж і жонка валодаюць домам на Рублёўцы і кватэрай на Трохмерным вале, якія запісаныя на "Расейскую федэрацыю". У Мішусціных трое дзяцей. Кіраўнік ФПС захапляецца спортам – гуляе ў хакей у Начной хакейнай лізе і з'яўляецца заўзятарам ЦСКА.

Выхадзец з ФНС – гэта амаль сілавік

Ацэньваючы прафесійныя дасягненні будучага прэм'ера, у ліку галоўных эксперты называюць шырокае ўкараненне IT-тэхналогій у падатковай сферы, у тым ліку ў самой ФПС, якую калегі Мішусціна часцяком называюць лічбавай карпарацыяй.

Як заявіў Deutsche Welle кіраўнік Эканамічнай экспертнай групы Яўсей Гурвіч, "лічбавізацыя, праведзеная за час працы Мішусціна, дазволіла істотна скараціць адхіленні ў збіральнасці падаткаў, сярод іншага падатку на даданую вартасць (ПДВ)". Усяго за апошнія пяць гадоў збіральнасць падаткаў у Расеі вырасла на 36,5% (на 6% – у 2019-м). Акрамя таго, эксперт нагадаў, што функцыю збору сацыяльных унёскаў перадавалі ад ФПС да сацыяльных фондаў (у 2010-м) і назад (у 2017 годзе): "Калі яе вярнулі ў ФПС, стала відавочна, што яна збірае іх лепш".

Сам Мішусцін не раз заяўляў, што дасягненні ФПС – вынік супольнай працы некалькіх установаў, у тым ліку Мінфіна, Расфінманіторынгу, Федэральнай скарбніцы і непасрэдна ўрада. "ФПС прыпісваюць такія заслугі, як увядзенне падатку для самазанятасці, аднак яны толькі рэалізуюць ідэю, ФПС сама нічога не можа прапаноўваць", – дадаў Гурвіч. Іншыя эксперты таксама паказваюць на тое, што Мішусцін – у значна большай ступені добры выканаўца, чым стратэг.

Людзі не любяць мытнікаў

Паводле выразу эканаміста Міхаіла Хазіна, гэта класічны выканаўца без фантазіі: "Ягоныя асабістыя погляды не маюць ніякай ролі, ён чалавек упёрты ў сваім імкненні выконваць задачу, тэхнічна падкаваны, бо ён інжынер. Эканомікі ён не ведае, не разумее і не павінен".

Паводле словаў Хазіна, імкнучыся выканаць задачу павышэння падатковых збораў, "Мішусцін заціснуў каласальную колькасць рэальнай эканамічнай актыўнасці", сярод іншага малы і сярэдні бізнэс. Як мяркуе Хазін, Пуцін спыніў свой выбар менавіта на Мішусціну, паколькі прыйшоў час адмовіцца ад ліберальнага курсу, які прывёў да падзення прэзідэнцкіх рэйтынгаў, асабліва пасля пенсійнай рэформы.

"Людзі не любяць мытнікаў. Магчыма, спачатку яны будуць глядзець на Мішусціна насцярожана, але, калі ён пачне выкарчоўваць ліберальную каманду, да яго будуць ставіцца добра", – прагназуе эканаміст. У тым, што новы прэм'ер будзе і далей выразна прытрымлівацца ўсіх інструкцыяў звыш, Хазін не сумняваецца: "Падатковая служба фармальна не сілавая, але ў рэальнасці гэта сілавік. Іншыя людзі туды не трапляюць".

Тэхнічны прэм'ер на нядоўгі тэрмін?

Былы кіраўнік валютнага кіравання Цэнтрабанка, кіраўнік "Нацыянальнага праекта развіцця" Андрэй Чарапанаў таксама мяркуе, што прычына поспеху Мішусціна заключаецца ў ягонай абсалютнай лаяльнасці да ўлады і пакорлівым выкананні ўсіх указаў: "Верагодна, у гэтым хаваецца таямніца яго такога доўгага знаходжання на кіроўнай пасадзе ў адной і той федэральнай установе".

Да таго ж, паказаў Чарапанаў, немалаважна тое, што дзякуючы намаганням Мішусціна на пасадзе кіраўніка ФПС у Расеі атрымоўвалася папаўняць бюджэт, што немалаважна ва ўмовах стагнацыі эканомікі: "Спатрэбіцца гэта і ў найбліжэйшай будучыні".

На думку Чарапанава, успрыманне Мішусціна насельніцтвам будзе спакойным, паколькі асабіста ён не ініцыяваў узмацнення падатковай жорсткасці: "Гэта чыста тэхнічная фігура, у сэнсе росту падаткаў, павышэння падатковай нагрузкі ад яго нічога не залежала".

У той самы час эксперт мяркуе, што прэм'ерства Мішусціна не будзе доўгім: "Пуцін, хутчэй за ўсё, мяркуе праз некаторы час зрабіць новы ход з прызначэннем ужо больш сур'ёзнага ў вазе ў вачах грамадскасці чалавека. Гэта значыць цяпер арэлі гайдануліся ў бок невядомай фігуры, потым будзе рух у зваротным кірунку. Гэта расейскаму народу падабаецца".

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках